Ніна Рыбік у ліку пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу
Прыемная вестка даляцела з Мінска ў рэдакцыю: наша калега, карэспандэнт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Рыбік трапіла ў лік пераможцаў літаратурнага конкурсу, які праводзіў часопіс “Алеся”, з апавяданнем “Размова”.
Ніна Аляксееўна, мне здаецца, не патрабуе дататковага прадстаўлення. Многія яе ведаюць як таленавітага журналіста і пісьменніцу, якая на старонках газеты і ў сваіх кнігах тонка і глыбока раскрывае чалавека і яго існасць, людскія стасункі, жыццёвыя сітуацыі і вірункі лёсаў.
У аснову апавядання “Размова”, па словах аўтара, лягла рэальная гісторыя кахання.
– Адной з умоў гэтага конкурсу было тое, каб твор нідзе не публікаваўся. Таксама існавала абмежаванне па аб’ёме – да 5-ці тысяч знакаў – і для мяне, прызнацца, гэта была самая вялікая перашкода. Не сказала ўсё, што хацела, але ў памеры ўклалася, – з усмешкай падзяліся пераможца. – У намінацыі “Найлепшы празаічны твор” маёй “Размове” прысудзілі 2-е месца.
Дарэчы, тыя, хто хоча даведацца, чым скончылася гісторыя кахання, апісаная Нінай Рыбік у “Размове”, раім пашукаць апавяданне нашай зямлячкі ў адным з бліжэйшых нумароў “Алесі”.
Віншуем калегу з перамогай і жадаем скарэння новых літаратурных вяршынь!