Страда в совхозе «Подольский»: десикация посевов, новые комбайны, молодёжные и семейные экипажи
15:32 / 24.07.2025
Як наладжана ўборка ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», чаму сёлетняе жніво ў гэтай гаспадарцы можна назваць маладзёжным і сямейным, што хвалюе галоўнага агранома – пра гэта і іншае з першых вуснаў удзельнікаў уборачнай кампаніі даведаўся карэспандэнт «АП».
На календары 21 ліпеня. Планавала і загадзя за некалькі дзён дамаўлялася пра рэпартаж у КСУП «Гервяты», але давялося хутка мяняць планы і ехаць ў саўгас: збожжаўборачная звяно толькі гэтай гаспадаркі змагло выйсці ў поле. У астатніх КСУПах вялікагабарытныя хлебаўборачныя машыны пасля працяглых дажджоў загразалі…
Слова галоўнаму аграному
Дзмітрый Малючак:
Па вялікім рахунку цягнуць ужо няма куды: тэрміны падціскаюць. Як сказаў Прэзідэнт, збожжа трэба дапрацоўваць, каб яно не стаяла ў полі. На адным участку правялі дэсікацыю(*) пасеваў, каб можна было перакінуць тэхніку з азімага ячменю, уборка якога завяршаецца, на яравы.
Дарэчы, па ўраджайнасці гэтай культуры мы займаем другі радок у раённай зводцы пасля КСУП «Гудагай». На круг набіваем каля 45-ці цэнтнераў, а гэта на 5 больш чым летась.
Увогуле жніўны клін у нашай гаспадарцы адзін з самых невялікіх у раёне – 2 242 гектары, з якіх 1 800 – азімыя, як паказвае практыка, больш ураджайныя за яравыя. Ужо некалькі сезонаў запар пад будучы ўраджай стараемся больш шчыльна і плённа папрацаваць з восені. Летась на зіму пасеялі па 500 гектараў ячменю і пшаніцы, па 400 – трыцікале і жыта. Вясной прыгарнулі насенне ячменю на 192 гектарах, гароху – на 150, зернебабовых – на 250.
На жніве працуе 9 камбайнаў, 2 з якіх набылі сёлета па лініі Прамагралізінгу. На адвозе задзейнічана 5 адзінак (у тым ліку адзін прыватнік). Тэхнікі хапае, таму што за раз адна машына забірае збожжа ад 2-х камбайнаў. Услед запускаем прэсы – іх 3: пад сяўбу рапсу аператыўна вызваляем плошчы – не за гарамі пасяўная крыжакветкавага. Як і ў мінулым годзе, адвядзём пад яго 450 гектараў. На жаль, больш не можам, таму што не ўпішымся ў аптымальную структуру севазвароту. Дарэчы, рапс на полі выглядае нядрэнна – з улікам вясенніх прымаразкаў думаў, што будзе горшая сітуацыя…
...Што засмучае, акрамя надвор’я? Па ўсім бачна, што жніво сёлета будзе энергазатратнае. Што скінуць вільготнасць збожжа да 14-ці працэнтаў з 17-18, а што з 30-35, як цяпер, – розніца адчувальная. Напрыклад, партыю ў насенны фонд дапрацоўвалі суткі. Доўга, марудна, карпатліва – але нічога не зробіш: у такой сітуацыі тэмпературу варта выстаўляць не больш за 80 градусаў, інакш зародак зерня загіне. А вось фуражнае не такое далікатнае, можна яго дасушваць пры 100 і звыш градусах.
Для ўсіх задзейнічаных на ўборцы работнікаў арганізавана гарачае харчаванне, а таксама даведзены нормы аплаты.
Паралельна з уборкай працягваем 2-гі ўкос. Нарыхтоўваем сянажную масу ў плёнку, а таксама закладваем у тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў. Засталося запоўніць толькі адну траншэю. Сілас выкарыстоўваем леташні – яго да новага года хопіць.
(*) Дэсікацыя – спецыяльны агратэхнічны прыём, які ўключае апрацоўку культур хімічнымі прэпаратамі (дэсікатамі) для паскарэння падсушвання раслін перад уборкай. Гэта дазваляе спрасціць працэс жніва, знізіць вільготнасць зерня і зменшыць рызыку страты ўраджая.
Слова хлебаробам
Дзмітрый Шэша:
Для мяне гэта 22-я ўборка, і за апошнія гады не прыпомню такога мокрага лета. Да таго ж позна пачалі ўбіраць, таму, відаць, і тэрміны азімай сяўбы ссунуцца.
Час падціскае: няма калі стаяць, трэба малаціць. З азімага хутка пяройдзем на яравы ячмень. Яго, у адрозненне ад іншых каласавых культур, складана ўбіраць. Жатку апускаем ледзь не да самай зямлі – а так цяжэй ехаць, да таго ж, калі глеба мяккая, камбайн можа «сесці». Ячмень нізкі па сваёй прыродзе, кладзецца. Сёлета вільгаці шмат, таму расліны дастаткова высокія – хоць з гэтым пашанцавала.
На пачатак дня намалот быў 193 тоны, за сёння гэта ўжо 5-ты бункер, таму маем 315 тон. У мяне два памочнікі: цесць і сын. Арцём ужо студэнт, таму падмяняе дзядулю.
Нашаму КЗС-1218 12 гадоў: не самы ўзроставы камбайн, але найбольш мотагадзін ад’ездзіў. Некаторыя хлопцы на новых «Палессях» працуюць. Неістотна, колькі гадоў хлебаўборачнай машыне, галоўнае – глядзець яе, свочасова рамантаваць і абслугоўваць.
Рамуальд Журэйка:
На прэс-падборшчыку «Фьюжэн» другі сезон. Ведаеце, тут, як і пры кіраванні любой сельгастэхнікай, павінна быць сваё майстэрства, якое адточваецца на практыцы. Унікаў у асаблівасці работы гэтага прычапнога агрэгата, кансультаваўся з пастаўшчыкамі – цяпер скажу са стопрацэнтнай дакладнасцю: лепшага прэс-падборшчыка не знайсці. Але каб кагосьці навучыць на ім працаваць, мне спатрэбіцца не адзін дзень – шмат нюансаў. Пытаеце, колькі гадоў на жніве? Скажу так: амаль два гады як на пенсіі працую, а ў сельскай гаспадарцы я з 1987 года. Вядома, што і дома спраў хапае, як і паўсюль на вёсцы, але без зямлі і тэхнікі не магу.
Я на рабоце душой адпачываю. Вам любы хлебароб скажа: калі выдатная тэхніка, механізатар не стамляецца!
Дзяніс Фалькевіч (на фота ўверсе разам з братам):
Кірыл Старасцін:
На Астравеччыну ў вёску Літвяны пераехаў з бацькамі са Случчыны некалькі гадоў назад. Палюбілі гэтыя мясціны. Мэтанакіравана адвучыўся ў Ашмянах на трактарыста і прыйшоў на работу ў саўгас, тут і збіраюся заставацца. Механізатарская справа мне па душы, а ў жніва свая асаблівая рамантыка!
Аляксандр Шостак:
Яўген Крывіцкі: