Для чаго нашы продкі выкарыстоўвалі ручны прэс?

13:46 / 24.07.2025

У трэцім заданні конкурсу мы прапанавалі чытачам пазнаць ручны прэс для адціскання сыроў і, як падказалі ў сваіх адказах нашы канкурсанты, іншых прадуктаў, якія трэба, як кажуць на Астравеччыне, націснуць для прыдання ім пат­рэбнай формы і кансістэнцыі.

Але, перш чым перайсці да адказаў на трэцяе заданне конкурсу і падвядзення яго вынікаў, вернемся назад, да пытання пра конную касілку. Справа ў тым, што з ім атрымалася два, так бы мовіць, казусы.

Міраслава Якіменка даслала добры і правільны адказ, але позна. Мы разумеем, што тэрміны даволі сціслыя, але па-іншаму нельга: нумар з новай загадкай выходзіць у пятніцу, а яго вёрстка пачынаецца ў аўторак. Каб падрыхтаваць матэрыял да друку, да вечара панядзелка ў нас павінен быць поўны расклад з удзельнікамі і іх баламі. Таму, шаноўныя, старайцеся, паспявайце. Скажам па сакрэце: прызы і сюрпрызы ўжо чакаюць пераможцаў конкурсу.

Другі непрыемны момант адбыўся з Таццянай Лавыш, якая даслала цікавыя і змяс­тоўныя адказы на два папярэднія этапы конкурсу. На жаль, у апошні раз, ад­праўляючы электроннае пісьмо, не да­пісала ў адрасе адну літару і рэдакцыя яго не атрымала. Шкада, але з-за тэхнічнай па­мылкі Таццяна таксама страціла свае 3 балы.

Што ж тычыцца сённяшняга задання, то адказы на яго мяне вельмі парадавалі. І не толькі тым, што чытачы пазналі, што ж за дзедаўская прылада змешчана на здымку, і расказалі шмат падрабязнасцей пра працэс прыгатавання сыру ў хатніх умовах. Многія з іх паведамілі і пра тыя спосабы прымянення ручнога прэса, пра якія ні я, ні ўладальнік гэтай дзедаўскай прылады не ведалі. Калі прычытала, што такі прэс выка­рыстоўваўся для раскачвання (расціскання ў роўны пласт) цеста, то перш палічыла, што гэта памылковы адказ. Але яны паўтараліся: Віктар Мізей узгадаў, што бачыў як такой прыладай бабуля рыхтавала цеста для піражкоў; Леанарда Якель успомніла, як у дзяцінстве з «адпрасаванага» цеста рэзалі локшыны; Таццяна Бразевіч з уласцівай ёй дакладнасцю распавяла, як менавіта з дапамогай ручнога прэса цеста рабілася патрэбнай таўшчыні (сапраўды, качалкай, як ні старайся, не зробіш яго аднолькавым). Словам, я зразумела, што гэты просты і эфектыўны метад работы з цестам нашых бабуль можна і ўнукам узяць на ўзбраенне. 

Генрых Лукашэвіч падказаў, што з дапамогай ручнога прэса таксама націскалі вантрабянку і «розныя зэльцы».

А Леанарда Якель прыгадала зусім незвычайнае прымяненне такога прэса. Жанчына ўспомніла, што яе старэйшы брат, які вырошчваў тытунь, пасля таго, як пад­суш­ваў лісты і яны скручваліся, выпрам­ляў іх такім прэсам, перш чым здраб­ніць. Во, аказваецца, колькі ўсяго можна зрабіць з дапамогай гэтай простай дзедаўскай прылады!

Многія канкурсанты – Рэгіна Дрэма, Іаланта Валуевіч, Генрых Лукашэвіч і іншыя – прыгадалі, што асаблівасцю такога прэса, які складаўся з дзвюх дошчачак, было тое, што канцы яго – адзін, як на здымку, ці абодва – звязвалі вяровачкай ці мяккім дротам: гэта давала магчымасць пры неабходнасці павялічыць ці паменшыць ціск. Вось якія вынаходлівыя былі нашы продкі!

Хоць асноўнай функцыяй такога прэса было, вядома ж, прыгатаванне сыру. Вельмі смачна апісала гэты працэс Ірына Яновіч. Малако трэба было сквасіць, зра­біць тварог, пералажыць яго ў спецыяльны мяшочак – у нашай мясцовасці яго называлі сырнік – і моцна завязаць. Для смаку туды часта дадавалі кмен, кроп – хто як любіць. Затым сырнік змяшчалі ў ручны прэс, каб адціснуць сыроватку (яна таксама не прападала: на ёй, як успамінае Рэгіна Дрэма, пяклі смачныя бліны). 

Пад прэсам сыр знаходзіўся сут­кі ці нават больш. За гэты час ён станавіўся шчыльным, верхні слой пакрываўся скарыначкай. Часта сыр падсушвалі ў печы – тады ён рабіўся цвёрдым і захоўваўся вельмі доўга: летні спа­жывалі нават зімой, калі каровы ішлі ў запуск і малака не было. 

«Такі сыр вельмі смачны, калі есці яго з варэннем і запіваць салодкім чаем, – сцвярджае Ірына Яновіч. – Мая мама робіць яго і цяпер, толькі замест прэса выкарыстоўвае дзве драў­ляныя дошчачкі. Бабулін сыр вельмі любяць унукі. І гэта не толькі смачна, але і карысна, бо зроблена з хатняга малака».

Свой падрабязны адказ Ірына дапоўніла здымкам хатняга сыру і прыказкамі ў тэму. Да прыкладу, у вядомай прымаўцы пра бясплатны сыр і мышалоўку ёсць і іншы варыянт: бясплатны сыр можа з’есці толькі другая мышка. 

У гэтым туры максімальную колькасць балаў – 5 – атрымалі Ірына Яновіч і Леа­нарда Якель. Чатыры балы запісала на свой рахунак Таццяна Бразевіч, па 3 – у Рэгіны Дрэмы, Іаланты Валуевіч і Наталлі Блахіной, па 2 – у Генрыха Лукашэвіча, Вікторыі Пляўгі і Аляксандры Працуты, па адным – у Віктара Мізея, Мацвея Сака­лоўскага і Free2004 (давайце па­знаёмімся, шаноўны інкогніта).  

Текст: Нина Рыбик