Уражаннямі ад фэсту ў Дубку падзяліліся астраўчане

10:02 / 18.07.2025

Адзін з самых таямнічых і загадкавых храмаў Астравеччыны – лясная капліца Маці Божай Нястомнай Дапамогі – у першую ня­дзелю ліпеня стаў прыцягальным цэнтрам для шматлікіх вернікаў. Шчырыя малітвы на ўлонні першазданнай прыроды ля сакральнага храма, пешая дарога па Марыянскай Кальварыі, сем стацый якой раскінуліся на некалькі кіламетраў, – унікальная парафіяльная ўрачыстасць адбылася ў Дубку. 
Уражаннямі ад духоўнага свята падзяліліся яго ўдзельнікі з Астравеччыны. 

Вольга Заянчкоўская, г. Астравец:
– Ужо пяць гадоў запар разам з сям’ёй едзем на ўрачыстасць у Дубок. Зазначу, што пастаянна бываем на розных фэстах – але гэты асаблівы, я б сказала, унікальны з-за месца і атмасферы. Памятаю, калі ўпершыню выправіліся туды на машыне, доўга блукалі і не маглі знайсці патрэбную дарогу. Сувязі не было зусім, таму навігатар нічым не дапамог. Але ўсё ж трапілі да капліцы: відаць, прывяла сама Марыя…
Зазначу, што з году ў год на ўрачыстасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі збіраецца ўсё больш людзей. Сёлета былі пілігрымы з Мінска, Полацка, Брэста. 
Хоць у Дубку ўсяго некалькі хат і жыхароў, вернікі старанна падрыхтавалі сваю святыню да ўрачыстасці: упрыгожылі разнакаляровымі стужкамі і сцяжкамі, жывымі кветкамі і дубовымі галінкамі… Пасля службы вернікі на некалькі хвілін заходзілі ў капліцу, каб памаліцца ў цішы. Потым выправіліся ў крыжовую дарогу па Марыянскай Кальварыі, якая праходзіць праз лес непадалёк ад Віліі. Асабліва ўражвае трэцяя стацыя, усталяваная на месцы крынічкі з цудадзейнай вадой. Над ёй з камення вымураваны грот, у якім пільную варту нясе Маці Божая…  

Ірына Клепусевіч, г. Астравец:
– Упершыню ў Дубку пабывала ў дзяцінстве. На ўрачыстасць сюды трапіла ўжо ў свядомым узросце. На фэст ездзілі разам з блізкімі. Хацела, каб нашы дзеці ўбачылі такое ўнікальнае месца Астравеччыны і адчулі яго энергетыку. Ведаю, што мясцовыя вернікі Маці Божую ў Дубку называюць Курганнай.

Галіна Рыпінская, х. Усцізер’е:
– Больш за 15 гадоў езджу ў Дубок. Калі муж дома, то абавязкова далучаецца. У набажэнствах, якія праходзяць ля лясной каплічкі, ні з чым непараўнальная энергетыка. Асабліва падабаецца крыжовы шлях, кожная з сямі стацый якога – унікальная: і Маці Божая над крынічкай, і каменная брама, і мураваная капліца…




Текст: Алёна Ганулич
Фото: з архіва В. Заянчкоўскай.