Жыццё 90-гадовай Феліцыі Гжыбянскай – адбітак гісторыі раёна і краіны
13:05 / 12.07.2025
Але як у кроплі вады захоўваюцца ўласцівасці і асаблівасці таго вадаёма, адкуль яе ўзялі, так і ў лёсе гэтай простай вясковай жанчыны адбіліся ўсе гістарычныя працэсы, што адбываліся на працягу амаль стагоддзя на тэрыторыі Астравеччыны: жыццё пры панскай Польшчы, прыход савецкай улады, вайна, пасляваеннае адраджэнне, калектывізацыя…
Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, жанчына захавала добрую памяць, востры розум, пачуццё гумару. І расказвае пра сваё доўгае жыццё без скаргаў і прыкрас, ярка і вобразна, з цікавымі падрабязнасцямі.
Што было, тое было…
Сям’я
– Нарадзілася ў 1933 годзе ў Падварышках – гэта каля Петраполя. Я старэйшая ў сям’і, пасля мяне яшчэ пяцёра: чатыры браты і сястра. З Яроміных я. Нават не ведаю, адкуль рускае прозвішча ў нашай вёсцы ўзялося.
Тата бедны быў, на пана працаваў. Дзень у лесе. Зіма, мароз, а абуць няма чаго. Анучы накруціць, у хадакі ногі ўсуне… Іх рабілі з халяў, што засталіся ад ботаў. А снегу па пояс! Абалье хадакі на марозе вадой, каб яны абмерзлі – так цяплей і ваду не прапускаюць. Дзень працуе, увечары прыходзіць, размотвае тыя лахманы, сушыць на печы, назаўтра зноў накручвае.
За дзень работы пан дзве калоды даваў. За зіму татка нацягаў лесу на хату.
Калі Саветы прыйшлі і пан у Польшчу ўцёк, у яго маёнтку тым, каму не было дзе жыць, па колькі пакояў выдзелілі. І нам далі. Але тата вырашыў уласную хату ставіць: сваё ёсць сваё.
Будавацца пачаў. А дапамагчы каму? Я старэйшая. А які з мяне памочнік? Дзіця… Але ж рабіла, што магла. Памятаю, дошкі з таткам пілавалі. Іх на будоўлі шмат трэба – на сталяванне, на дзверы. Калоду ўскінуць на козлы спецыяльныя, шнуром лінію адаб’юць зверху ўніз па ўсёй даўжыні. Піла вялікая, адзін уверх павінен цягнуць, другі ўніз. Ды татка і ўверх, і долу, мяне толькі просіць: «Ты, дзетка, глядзі, каб роўна ішло, па шнуры…» А ў братоў свая работа. Без справы ніхто не сядзеў.
Я амаль што не вучылася. Адзін толькі клас скончыла, ды і то не цалкам. У школу трэба было хадзіць за 4 кіламетры ў Жарнэлі. Я ў першы ж дзень увалілася ў ваду, абмокла. Захварэла. На тым і скончылася мая навука.
Работа
– А ніхто і не ганяў у тую школу! Работы было… Дзяцей шмат, мне трэба іх глядзець. Казала: выйду замуж – ніводнага нараджаць не буду. Надаелі! Толькі вышарую лавы і стол – не маляваныя ж, пастарацца трэба, а яны ў кашульках узлезуць на лаву, абробяць… Ізноў мыю. А ўжо ж жаніхі прыходзілі. Я з хлопцам сяджу, фліртую, а за печчу калыска вісіць. Малодшая сястрычка з’явілася, калі мне 22 гады было. Злавалася на бацькоў: бедната, галата, а яны ўсё дзяцей нараджаюць!
Тата масцеравіты быў. Ён і аўчыны сам выдзелваў. Расчыніць муку жытнюю, абмажа аўчыну той рошчынай, зложыць канверцікам – і адну на другую ў бочку складвае. Ляжаць яны там тыдзень ці два. Смурод стаіць у хаце! Час пройдзе – правярае: калі скура стала мяккай, цягнецца, то досыць. Дастае, мяздру нажом здзірае, пакуль скура тонкай-танюсенькай не стане, каб іголкай праткнуць можна было. Вечарамі шкрабе, да самай поўначы, бо днём іншай работы хапае. Фарбавалі аўчыны альховай карой, калі хацелі цёмны кажух. А каторыя і белыя шылі, на выхад.
Як набярэцца выдзеланых аўчын на кажух, то краўца завуць. Хадзіў па сёлах жыдок – маленькі такі, але спрытны. Пазавуць у хату, ён жыве тыдзень ці колькі і шые. Адным кажухом з тыдзень займаўся ці нават болей. Дзень працуе, а ўвечары дастае сваю ксёнжку і моліцца. І так штодня. Закончыць у аднаго гаспадара – ідзе да другога.
А бабы і дзеўкі пралі. Воўну перш часалі, насілі на ваўначоску ў Астравец. А тады пралі – цененька-цененька. Баба павінна была за дзень дзве шпулі напрасці, а трэцюю – увечары. Пакуль не зробіць – спаць не ляжа. Як вечар – калаўрот на плечы і на вячоркі. Збіраліся ў большай хаце. Танцавалі толькі ў суботу вечарам і ў нядзелю. І ў нас часта збіраліся, татка на скрыпачцы хораша граў, усе танчаць, шуткуюць, смяюцца, а за занавескай дзеці пішчаць… І як мама ўсё гэта вытрымлівала?..
З ваўняных нітак свэтры цёплыя рабілі, камізэлькі. З белых авечак хусткі. Харошыя!
І ткалі: аснова з лёну, а ўток з воўны. З такога палатна касцюмы шылі, малынаркі, майткі (пінжакі і штаны).
Раней ідзеш праз вёску: у той хаце прадуць, у той ткуць, там малоцяць, веюць. Усюды нешта робяць. А цяпер адно – у тэлевізары сядзяць…
Вайна
– Вайну памятаю, а як жа. Ужо ж ладная была…
Баяліся нямецкіх самалётаў – бывае, што наляцяць, бомбы кідаюць. У хаце ніколі не начавалі. За гумном выкапалі акоп, саломай заслалі, як што якое, туды беглі.
Неяк ноччу наляцелі самалёты. Таткі не было, ён пагнаў коней на пашу. Мужчыны дзень у полі працавалі, а ноччу пасвілі. Коні ходзяць, траву скубаюць, толькі путы іх жалезныя бразгацяць, а мужчыны, кажухі разаслаўшы, спяць.
У тую ноч мамка мяне з брацікамі – Эдзька з 36-га года, а Генусь з 39-га – укінула ў акоп, а сама да таткі на пашу пабегла. Самалёты бомбы кідаюць, усё рвецца, гарыць. Адна бомба разарвалася прама каля нашага гумна. Так страшна! Вылезці баюся, падглядваю толькі ў шчылінку, што робіцца. Бачу: суседскае гумно загарэлася, потым яшчэ адно. А мы сядзім у акопе, галосім… Калі самалёты паляцелі і ўсё абціхла, матка вярнулася, забрала нас.
Пасля вайны з той бомбы, што каля гумна ўпала, зрабілі свінням карыта.
Толькі не ўсе бомбы і снарады разарваліся. І пасля вайны людзі гінулі і калечыліся. Неяк дзеці знайшлі бомбу, сталі разбіраць, а яна выбухнула. Рукі ім паадрывала. Было, што мужык араў на полі і плугам зачапіў ці то снарад, ці бомбу. Разарвала і мужыка, і каня.
Нас Бог мілаваў, усе жывыя засталіся.
Калгас
– Пасля вайны калгасы пачаліся. Абагульнялі зямлю, коней, вупраж. Некаторыя, хто багацейшы, не хацелі аддаваць сваё. А потым усе запісаліся…
Наш татка адразу пайшоў. Мы бедныя былі, нам не было чаго губляць…
І ў калгасе не пабагацелі. Бацька за палкі працаваў. Цэлы год на работу ходзіць, а заробак за плячыма ў ворку прынясе. А сям’ішча… Пайшоў да старшыні прасіцца, каб большы ўчастак пад агароды выдзелілі, а ён кажа: «Я табе дзяцей не рабіў. Нарадзілі, дык гадуйце». Старшыні ўсе прышлыя былі, а брыгадзіры свае, мясцовыя.
Як выжывалі? Як і ўсе: кралі. Малаціць хадзіла. Як толькі брыгадзір адвернецца, то насыплеш зерня і ў боты, і за пазуху, і ў рукавы. Ідзеш дахаты – рукі не гнуцца. Дома мама рассцеле посцілку, распранешся – ледзь не вядро збожжа высыплецца. З таго і жылі. Бульбу ўвосень капалі, то ў барозны прысыпалі, дзе большую. Пазначыш у канцы, а ўночы пойдзеш, выбераш.
Вяселлі
– А вяселлі якія былі! Па чатыры дні гулялі. Ніякіх гаспадыняў не наймалі. Свінчо закалолі, у каго ёсць, то яшчэ цяля зарэзалі, мяса наварылі, гарой на талеркі налажылі. Яшчэ бурачкі, капуста квашаная – ешце, госці дарагія!
Пачыналася вяселле ў нядзелю. У касцёле бралі шлюб. Тады ехалі да маладой. Маладых сустракалі, на «ўра» падымалі. Яны водкай частуюць, закуску падносяць. Вечар гуляюць – для танцаў хату, у каго большая, наймалі.
Назаўтра гасцей музыкі сустракаюць, «маршы» іграюць, да кожнага на «добры дзень» падыходзяць, іх грашыма адорваюць.
А вечарам едуць да маладога, летам – на брычцы, зімой – у санках. А снегу! Неяк перавярнуліся маладыя, то ледзь да паўначы ўсе госці пазбіраліся.
Каля хаты жаніха маладых зноў пераймаюць, хлеб-соль падносяць. Як уваходзяць у хату, першая свацця перакідвае праз галаву маладых тры курыцы. Хто спрытнейшы – падбярэ. Пашанцавала, значыць.
У маладога гуляюць цэлы вечар і назаўтра дзень, першы асістэнт выводзіць маладую ў танец, свацця крыжуе яго ручніком. Ручнікі на вяселле ткалі асаблівыя, прыгожыя, з карункамі.
Дарылі хто што, найбольш грошы. Пасаг, які даюць за маладой, яшчэ падчас сватаўства абмяркоўвалі. Казалі: замуж дачку аддаць – што згарэць. Маладая павінна скрыню трубаў палатна прывезці ў новую хату, ручнікоў, дываноў… А хлопец, ажаніўшыся, багацее.
За мужам
З Зыгмундам мы ў суседстве, праз адну хату, жылі. У дзяцінстве кароў разам пасвілі. Ох, колькі я ад яго тады плакала! Ён старэйшы на тры гады, крыўдзіў мяне. Мама сварылася на яго, казала: «Пачакай, яна вырасце і не пойдзе за цябе». Пайшла…
У 1957 годзе мы пажаніліся. У нас вяселле сціплае было. Мы ні багатыя, ні бедныя былі – сярэднія. Хатка на адзін пакой, падлога земляная… Я жыла са свякроўкай 10 гадоў. Дзеці нарадзіліся адзін за другім: сын – у 58-м годзе, дачка – у 59-м. Трэба свякроўцы дапамагаць абхадзіцца: кароў напаіць, сена пакласці, дроў нанасіць, вады... На падлогу малых не спусціш – холадна. Папрывязваю спавівачамі: аднаго ў адным канцы ложка, другога – у другім, міскі-лыжкі дам у рукі – сядзяць, барабаняць гадзіну ці дзве.
Муж на гусенічным працаваў, потым на камбайне. Прыйдзе восень – я адна і адна ў хаце. Каровы, свінні, дзеці – усё на мне. А ён выязджае на цэлыя суткі. Пажнуць у сваім калгасе, тады едуць у іншыя дапамагаць. Шчыра працаваў. У перадавіках заўжды хадзіў. І сын з ім са школы на камбайне памочнікам быў.
Цяпер
– Дзеці павырасталі, 10 класаў паканчалі і даліся з вёскі куды бліжэй. А куды бліжэй? Вільня, вядома ж. Пайшлі вучыцца. Сына адтуль і ў войска забралі. Дачка на работу пайшла і завочна вучылася. Тэхнікум закончыла. Хацела далей пайсці, ды адгаварылі: нашто дзяўчыне тая навука? Цяпер шкадуе.
Муж памёр даўно. Я адна засталася. Дзеці і бяруць, і завуць да сябе – не хачу. Я прывыкла эканомна жыць. А цяпер што? Адзенняў тых панакупліваюць, два-тры разы надзенуць – і вон. Не модна! Новае-навюткае купіла, не падабаецца – вон! Душа баліць, калі гэта бачыш. Усё ж яшчэ можна насіць, а яны выкідваюць! Я не прывыкшы так, то не магу зжыцца з гэтымі дзецьмі.
Мне і адной добра. Сама сабе гаспадыня. Пенсію маю, мне хапае. І дзеці адведваюць, усяго прывозяць. Абы здароўе было…
Яно-то ўжо і паміраць пара… А ўсё ж цікава даведацца: як яно далей будзе? Жывыя пра жывое думаюць…