Крыштальны звон “Немана”, або Як астравецкія байкеры на прадпрыемстве пабывалі

10:00 / 06.07.2025

Пра высокую якасць беларускіх тавараў можна гаварыць доўга. Але цікавей паглядзець, з чаго і каго яна пачынаецца. Адзін з брэндаў нашай краіны – нёманскі крышталь. Як аднаму са старэйшых прад­прыемст­ваў Гродзеншчыны ўдаецца трымаць марку, вырашылі даведацца астравецкія байкеры – і выехалі ў Бярозаўку…

З гісторыі

Шклозавод «Нёман» заснаваны ў 1883 годзе паме­шчыкам Зянонам Ленскім, які арганізаваў невялікую вытворчасць па выдуванні піўных шкляных бутэлек. Калі Ленскі захварэў, запрасіў кіраваць сваім «прадпрыемствам» Вільгельма Краеўскага і Юліуса Столле.

З часам Краеўскі і Столле аддзя­ліліся і наладзілі свой выпуск вырабаў са шкла і крышталя. 
У 1905-м Краеўскі трагічна загінуў. Столле выкупіў яго долю і стаў паўнапраўным гаспадаром іх агульнай справы. У 1923 годзе прадпрыемст­ва атрымала назву «Столле і сыны», тут працаваў ён сам, сыны і ўнук.
У 1939 годзе завод перайшоў у валоданне дзяржавы.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы, адступаючы, зруйнавалі ўсе цэхі. Аднавіў вытворчасць Герман Шаль, які з 1910 года працаваў на заводзе галоўным інжынерам.
З таго часу вытворчасць ні на дзень не спынялася.

 ПЕЧКІ-ТРУБАЧКІ…
Аж рукі часаліся, так хацелася патрымаць выдуўную трубку з ярка-аранжавым «наканечнікам» з расплаўленага шкла…
Зразумела, ніхто нам гэтага не дазволіў зрабіць. Ды і куды: справіцца з цікавай, але вельмі складанай справай, якая патрабуе хуткасці, дакладнасці рухаў, зладжанасці дзеянняў, могуць толькі сапраўдныя прафесіяналы. Нават утрымліваць трубку правільна, калі з яе наканечніка так і хоча «змыцца» расплаўленая маса, – тая яшчэ задача.

…З газапалымянай печы, разлічанай  на 12 тон, дзе шкломаса варыцца суткі пры тэмпературы 1 500 градусаў, кожныя 24 гадзіны выходзіць 7-8 тон гатовай прадукцыі. Працуюць работнікі брыгадамі па 4-6 чалавек (у залежнасці ад складанасці вырабаў) у 3 змены.
Майстар набірае на галоўку трубкі шкломассу, з яе фарміруе шар, затым конус, каб у выраба былі роўныя сценкі. Далей замочвае яго пад вадой, становіцца на спецыяльную форму з патрэбным дыяметрам, націскае на гумовую грушу на трубцы, прадувае – і вось ён, сапраўдны цуд «нараджэння» шклянкі.
Атрыманы «сырэц» адбіваюць ад трубкі і гарачым адносяць «адпачыць» на 1,5-4 гадзіны – так здымаецца ўнутранае і вонкавае напружанне. Час «адпачынку» залежаць ад таўшчыні сценак выбару: для чаркі хопіць гадзіны, а ваза астуджаецца ўсе чатыры.
У суседнім блоку тым часам адразаюць верхавінкі і шлі­фуюць край вырабам, што па­ступілі сюды на некалькі гадзін раней. Тут жа яны праходзяць выбракоўку. 


Якасны крышталь адпраўляецца на «размалёўку», што, скажу я вам, патрабуе ад шліфавальшчыка не меншага ўмення, спрыту і вопыту, чым ад шкловыдзімальшчыка.

КРЫШТАЛЬНАЯ НАРЭЗКА
На крыштальную нарыхтоўку надзяваецца капялюшык з рысачкамі, малюнак з якога уручную на выраб пераносіць маркерам работнік, што сядзіць у пачатку канвеера. Гэта называецца разметка. Далей майстар-шліфавальшчык «чытае» гэты малюнак і наразае яго на станку алмазным дыскам. 


Таўшчыня сценак вырабаў можа быць да 7-мі міліметраў і нават да сантыметра – проціск нарэзкі малюнка на іх залежыць ад майстра, які ведае, наколькі моцна трэба націснуць. 
Спачатку рыскі малюнка цьмяныя, бліскучымі яны становяцца пасля хімпаліроўкі. 
Да слова, у залежнасці ад складанасці адзін малюнак наносіцца 30 секунд, на другі затрачваецца да 20-ці хвілін. 


Ох і заварожвае такі, здаецца, музычны працэс! Нават шум ад работы абсталявання застаецца недзе «за кадрам», калі назіраеш, як хутка і лёгка наносіць майс­тар на крыштальную паверхню мудрагелістыя ўзоры. Але гэта падман зроку: працэс патрабуе ўважлівасці, асцярожнасці і пільнага вока.
…«Цвінь-цвінь» нібы енчыць шкло пад умелымі рукамі, «цвінь-цвінь» – і вось ён, чарговы крыштальны шэдэўр…

МЯДЗВЕДЗЬ НА МАТАЦЫКЛЕ 
Не менш цікава, чым экскурсавод, расказваюць гісторыю завода экспанаты музея. 
Шкляная бутэлька, з якой усё пачыналася. Даваенны станок, на якім уручную прэсавалі посуд, і нажніцы, што абразалі гарачую шкломасу. І труба-шклодуўка тых часоў вагой 3,5 кілаграмы (параўнайце: сучасная важыць усяго 0,5) – працавалі з ёй ротам, грушы тады не было. Толькі роўна патрымаць такую цяжка, а яшчэ трэба наматаць шкломасу і дуць на ўсе лёгкія!


Шыкоўныя сервізы часоў Столле і стыльныя «адзіночкі»; кубак, прысвечаны Варашылаву, з яго выявай; ваза «Сноп каласоў», пераможца мюнхенскай выставы 1959 года, вагой больш за 40 кілаграмаў, зробленая з трох частак; вырабы 50-х гадоў, у складзе якіх сапраўднае золата; певень у графіне, што павялічваецца ў памерах, калі ёмістасць запаўняецца вадкасцю; мядзведзік на далікатным празрыстым матацыкле; паў­метровыя кветкі часоў Саюза, папулярныя да нашых дзён; ваза да дня нараджэння Брэжнева; наборы «Залаты рубін» і «Шарыкі на кобальтавых ножках»; мініяцюры ў шкле «Вецер у лесе», «Беражыце мір» і «Мадонна з немаўлям»… 
Асаблівае месца адведзена своеасабліваму сталу заказаў. Тут сабраны работы, выкананыя для кагосьці. Да прыкладу, кветка-сямікветка – да фестывалю нацыянальных культур, васілёк – сімвал «Славянскага базара», крыштальны факел зроб­лены для полымя міру Еўра­пей­скіх гульняў, што пра­ходзілі ў Беларусі. 
Здзівілі і ўразілі талеркі з прыборам: на іх смажаная рыба і яй­ка, а таксама пчолка на колах і тоўсты кот – арыгінальнае «прывітанне» ад творцаў завода. 
…Тэхналогіі, ідэі, модныя ў свае часы і сёння фарбы і любімыя колеры мастакоў, а таксама расповеды пра майстроў, якія ўсё гэта аб’ядноўваюць, ствараючы рознакаляровую, неперадавальную прыгажосць, – экскурсія пазнавальная, цікавая і, хоць на такую трапляеш рэдка, з душой.

СВЕТ МАСТАЦТВА
А яшчэ нам пашанцавала паглядзець на калекцыю работ былога галоўнага мастака шклозавода Уладзіміра Мурахвера, які ўсё жыццё пражыў у Бярозаўцы і працаваў на родным прадпрыемст­ве. 


Два невялічкія пакоі – асобны свет яго творчасці і разумення нашага міру і перадачы яго праз шкло. Мастак – гэта мозг, але яго рукі – выдзімальшчык. Калі два гэтыя майстры знаходзяць адзін аднаго, на свет нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры. І ты, здаецца, бачыш, як ажываюць героі міфаў старажытнай Грэцыі, дзявочыя сілуэты ў павольным танцы, Ева са змеем-спакуснікам… 
Якім жа лёгкім у рабоце падаецца шкло! Вось што атрым­ліваецца, калі ў яго дадаць кропельку фарбы, талент мастака і ўменне шкло­выдзімальшчыка! 

Цікава ведаць
- Асноўныя кампаненты, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці вырабаў са шкла: пясок, сода і крэйда. Для крышталю дадаецца мыш’як і свінец. 
- Сіні колер шкла, які дае вокіс кобальта, – самы інтэнсіўны з усіх фарбавальнікаў.
- У часы СССР на заводзе дзейнічала 17 шкловарных печаў і працавала 5 500 чалавек. 
- Складаныя і важныя заказы вырабляюцца ў двайным экзэмпляры: адзін для заказчыка, другі для музея завода.
- Апроч іншых узнагарод, у 2005 годзе «Нёман» атрымаў медаль як лепшы шклозавод Еўропы. 
- Дробная нарэзка на крышталі падабаецца жыхарам усходніх краін, еўрапейцы выбіраюць мінімум «палачак» і максімум празрыстасці.




Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович