Маршрутам аўтапрабегу па Астравеччыне: пахаванні часоў Вялікай Айчыннай

10:00 / 22.06.2025
Напярэдадні Дня Перамогі ў нашым раёне заўсёды ладзяць аўтапрабегі па месцах ушанавання памяці мірных ахвяр вайны і абаронцаў Айчыны, загінулых на Астравеччыне, альбо землякоў, якія знайшлі апошні супачын на чужыне. Прапануем завочна наведаць традыцыйныя кропкі майскага маршруту і ўзгадаць іх гісторыю.

Кемелішкі

Брацкая магіла расстраляных яўрэяў

Пахаванне 1942 года. Вязняў кемелішкаўскага гета фашыс­ты расстралялі 24 кастрычніка і закапалі ў адной магіле – тут знайшлі апошні супачын больш за паўтысячы мірных жыхароў.

Першы надмагільны помнік устаноўлены ў 1950-х гадах.

Варона

Брацкая магіла савецкіх воінаў, памерлых у перасоўным палявым шпіталі №5159

Пахаванне 1944 года. Абеліск устаноўлены ў 1967 годзе. Першапачаткова мемарыяльныя дош­кі ўтрым­лівалі толькі імёны пахаваных. Пасля рэ­канст­рукцыі на помніку з’явіліся і прозвішчы загінулых на вайне жыхароў навакольных вёсак. Мемарыял увекавечвае 75 спачылых на варонскай зямлі і 10 землякоў.

Дайноўка

Брацкая магіла расстраляных жыхароў нацыянальнасці рома 

Пахаванне 1941 года.

Да 2021 года, па словах мясцовых жыхароў, лічылася, што ў магіле целы прыкладна 40 чалавек. Пасля раскопак устаноўлена, што ў пахаванні знаходзяцца астанкі 6-ці забітых мірных жыхароў.

Барані



Брацкая магіла расстраляных яўрэяў

Пахаванне 1941 года. Пасля фашысцкай аблавы 31 снежня непадалёк вёскі Барані было расстраляна 12 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці.

На месцы пахавання ў 2004 годзе ўстаноўлены помнік бязвінным ахвярам.

Жукойні

Магіла Канстанціна Гімбіцкага

Першы старшыня Жукойненскага сельсавета як прадстаўнік савецкай улады загінуў ад рук гітлераўцаў у 1941 годзе. Прывязанага да аглобляў, яго да страты прытомнасці цягнулі праз вёску і лес, потым забілі і закапалі.

Магіла знаходзілася ў лесе, перапахаванне ў вёску адбылося пазней. 

Першы помнік устанавілі ў 1967 годзе.

Варняны

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан

Пахаванне 1944 года. У магіле целы 27 абаронцаў, устаноўлены імёны толькі 14-ці чалавек. Сярод загінулых – вайскоўцы 8-й гвардзейскай механізаванай брыгады.

Першы абеліск на месцы пахавання ўстаноўлены ў 1954 годзе.

Гудагай

Брацкая магіла ваеннапалонных канцлагера «Шталаг 342»

Перапахаванне 1944 года.

Згодна з аднымі крыніцамі, у магіле не менш за 200 загінулых, другія сведчаць, што каля 300. На сёння вядомы імёны 70-ці чалавек.

Першы помнік устаноўлены ў 1954 годзе. 

Жыхарка Ташкента Кацярына Віслава, удава пахаванага ў брацкай магіле гвардыі лейтэнанта Мікалая Віслава, пісала ў адным з лістоў да варнянскіх вучняў: 

«Милые мои ребятки! Очень хотелось бы мне, чтобы каждый из вас был человеком, любящим свою Родину, свой народ. Ведь столько жизней было отдано за то, чтоб вы жили счастливо». Жывём. І шануем памяць тых, хто адваяваў нашу краіну і падарыў свабоду!


Текст: Рита Дремо
Фото: из архива АП