Касавіца ў Астравецкім саўгасе «Падольскі»

13:00 / 18.06.2025

Якім бы чалавечым рэсурсам і сучаснай тэхнікай ні валодалі гаспадаркі, але апошняе слова застаецца за надвор’ем. Калі напрыканцы мая дажджы «выцягнулі» травы, то ў чэрвені яны стрымліваюць тэмпы першага ўкосу. Тым не менш аграрыі трымаюць руку на пульсе, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую хвіліну для закладкі сенажу. Рубікон першага ўкосу пройдзены: на Астравеччыне травы скошаны на 73% плошчаў (па стане на 13 чэрвеня). 

На зялёным жніве ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» пабываў карэспандэнт «раёнкі». Зазначу, што зрабіць паўнавартасны рэпартаж не даволіў праліўны дождж. Тым не менш, пагутарылі з механізатарамі, занятымі на касьбе, здрабненні і падборы травы і яе трамбоўцы. 

У саўгасе запланавана скасіць 2 067 гектараў. Задачу аграрыі саўгаса выканалі на 76%. Па папярэдніх разліках, на зімне-стойлавы перыяд трэба назапасіць 500 тон сена, 17 500 – сенажу і 33 500 – сіласу. Хоць стаўку звычайна робяць на першы ўкос (лічыцца, што падчас яго можна нарыхтаваць да 65% сенажу), тут плануюць «зняць» нядрэнны другі ўкос, балазе, пасля падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі і дажджоў атава не прымусіць сябе чакаць. 

У залежнасці ад запланаваных на дзень аб’ёмаў работы працуюць 4 касілкі, з якіх 2 – модульныя КМР з 9-метровым захопам; граблі; 2-3 кормаўборачныя камбайны і некалькі адзінак на адвозе травы. Акрамя гэтага, адзін комплекс задзейнічалі для нарыхтоўкі «зялёнкі» для жывёлы на комплексах і фермах. 

Трывалая кармавая база – аснова вытворчасці малака. Хоць гэтая прапісная ісціна вядома даўно, тым не менш даведаліся некаторыя паказчыкі ў эканамістаў. З пачатку года надой ад каровы склаў 3 414 кілаграмаў малака, а гэта больш амаль на 188 кілаграмаў да адпаведнага перыяду 2024-га. Каб утрымаць такую дынаміку, саўгасным аграрыям сёлета трэба добра папрацаваць,  назапасіўшы кармоў для 5 066 галоў, з якіх 1 600 – дойныя каровы. 

Касец

Валерый Жэгарыс

Імя гэтага механізатара доб­ра вядома ў раёне. У мінулыя сезоны ён святкаваў перамогу ў працоўных конкурсах падчас сяўбы збожжавых і касавіцы, якія традыцыйна праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. А ў 2023 го­дзе мужчыну прызналі лепшым касцом Прынёмання. 

Харызматычны і аптымістычны па натуры механізатар здымае і выкладвае невялікія відэа пра свае працоўныя будні, а таксама ўпрыгожвае рознымі надпісамі трактар «Беларус», які хораша называе любімай трыццаткай. 

– Не паспеў адсеяцца, як трэба перасаджвацца на касілку – усё ў сельскай гаспадарцы рухаецца па бясконцым коле. Заломваць рукі няма калі, трэба касіць. Бачыце, неба зацягвае, відаць, не памыліліся сіноптыкі з прагнозам на сёння. Не сказаў бы, што травы горшыя, напачатку яны заўсёды слабаватыя. Адзінае – пазней пачынаў класці іх у пракосы, чым летась. Штогод дзесьці на адну сіласную яму ідзе «зялёнка» з 400 гектараў, – механізатар усміхаецца. – Учора, напрыклад, 45 гектараў скасіў, але многае залежыць ад траў, плошчы поля, надвор’я. Асабісты рэкорд – 130 гектараў. Было гэта два гады назад, калі едзілі на выставу «Белагра». Мне ж таксама карцела падзівавацца на тэхніку! Дырэктар сказаў, што адпусціць, калі выканую двухдзённую норму. Клаў травы ў Савішках з 7 раніцы да 10 вечара. А на наступны дзень паехаў у Мінск.

Камбайнер

Альберт Капуста

Малады трактарыст сваёй «гадоўлі» з Падольцаў. Хоць у саўгасе ён працуе першы год, майстэрства ў механізатарскай справе яму не займаць. Падчас вучобы ў Бярэзінскім аграрна-тэхналагічным каледжы штолета дапамагаў бацьку на ўборцы збожжавых. 

– Гэты кормаўборачны комплекс атрымаў у мінулым жніўні. Са збожжаўборачнага камбайна перасеў на гэты КВК – летам і восенню «рэзаў» кукурузу, – расказвае малады чалавек. – Чэрвень халодны, як і май, а травы ноччу растуць. За дзень у гэтым сезоне найбольш падымаў 340 тон, найменш – 120. Не прастойваю: тэхнікі для адвозу хапае.

Трамбоўшчык

Алег Яблонскі

Калі прыехала ў гаспадарку, вялася закладка тэхналагічнай ёмістасці ля фермы ў Кемелішках. Прыкмеціла, што ўсё тут зроблена па рэгламенце: траншэя вычышчана і пабелена, укрыта замацаванай плёнкай цёмнага колеру, перад уездам высцелена саламяная падушка. 

На новым «Амкадоры» трамбоўкай травы займаўся памагаты з сельгастэхнікі Алег Яблонскі. У сельскай гаспадарцы ён чалавек не новы: некалі працаваў механізатарам у КСУП «Гервяты».

– Пагрузчык атрымаў 6 мая, бачыце, які бліскучы – прыемна глянуць, – дзеліцца аграрый. – Тут адзін «зялёнку» ўкатваю, таму што траншэя вузкая. Калі ідзе дождж і моцна павышаецца вільготнасць, траншэі закрываем плёнкай.

Кампетэнтна

Андрэй Скурат, намеснік дырэктара па вытворчасці:

– Веснавыя прымаразкі негатыўна адбіліся як на тэрмінах першага ўкосу, так і на ўраджайнасці траў. Наша задача – хутчэй завяршыць першы ўкос, «зняць» паўнавартасны другі, магчыма, і наступныя. Мінеральныя ўгнаенні і ўсё неабходнае для гэтага ёсць. Занятыя на корманарыхтоўцы людзі забяспечаны гарачым харчаваннем. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич