Как зарабатывают на карманные расходы подростки и студенты

12:00 / 17.06.2025
Сённяшнія героі праекта – падлеткі і маладыя людзі, якія не чакаюць ад бацькоў чарговай сумы на кішэнныя расходы, а  зарабляюць самі. 

Грыбы-ягады

Аліна Субаткевіч, 17 гадоў:


– З дзяцінства ездзіла з мамай і татам у ягады ды грыбы – дапамагаючы бацькам, вучылася збіраць і такім чынам зараб­ляць. Лішкі заўсёды здавалі, я таксама атрымлівала «капейку» за сваю працу. 

Ад першага заробку пазбавілася вельмі хутка – атаварылася  ў прадуктовым магазіне «смачняшкамі».  (Усміхаецца.)

Самай дарагой пакупкай была музычная калонка – на яе давялося адкладваць.  Былі і сумесныя з бацькамі пакупкі, напрыклад, калі збіралі мяне ў школу: на некаторыя рэчы я дакладвала свае грошы – няхай і часткова, але гэта такая прыемная самастойнасць.

Па шчырасці, трымацель грошай з мяне такі сабе – часам цяжка не спакусіцца, каб ад заробленага не пазбавіцца. Але на гэтым асабліва не зацыкліваюся, бо бацькоў сваімі «хацелкамі» не турбую: сама зарабіла – сама распусціла. (Усміхаецца.)

Такія летнія заробкі для мяне – добры вопыт, які дапамагае адчуць кошт працы, а таксама самазадавальненне, маўляў, трэба – зараблю. 

Паступлю вучыцца, і праз семестр-другі, калі будзе выпадаць вольны час, знайду падпрацоўку. Вядома, бацькі будуць падтрымліваць матэрыяльна, але ж грошы лішнімі не бываюць.

Упэўнена на ўсе 100%: той, хто па-сапраўднаму папрацаваў і зарабіў сваю «капейку», зрабіў маленькі крок да дарослага жыцця – паспрабаваў смак гэтай самастойнасці.

Студатрад для школьніка

Арына Байдун, 15 гадоў:

– Другі раз буду занята ў студат­радзе, які працаўладкоўвае ЖКГ. Мама з татам толькі «за» такі выбар. Увогуле жадаючых трапіць у атрад шмат, нядзіўна: магчымасцей знайсці падпрацоўку для 14-гадовага падлетка няшмат. 

У мінулым годзе чысцілі плітку ад моху ў дварах шматпавярховак і ля іх. Акрамя рабочага інструмента, і спец­адзенне выдавалі. Занятак няцяжкі, але патрабуе цярпення і ўседлівасці. Каб крыху разнастаіць працэс і спіну разагнуць, чаргавалі абавязкі: адзін падымаў мох, другі прыбіраў яго, трэці выносіў. Селёта таксама будзем наводзіць чысціню ў горадзе. 

Калі першы раз запісвалася ў студат­рад,  мэтай мела зарабіць на кішэнныя расходы. Хоць бацькі заўсёды выдзяляюць мне грошы, але ж хацелася па-сапраўднаму сваёй «капейкі». У выніку атрыманыя 360 рублёў не распусціла – пачала збіраць грошы і ў гэтым годзе купіла новы тэлефон. Селёта, магчыма, заробленае пойдзе на пакупку касметыкі ці з адзення што выберу – пагляджу. (Усміхаецца.) 

У гэтым годзе выбрана камісарам студатрада СШ №2, таму ад маіх  арганізатарскіх здольнасцей таксама будуць залежыць і якасць работы, і агульны настрой. Лічу, што ў лідара 2 функцыі: правільна размеркаваць абавязкі і падаць прыклад, тады справа будзе спорыцца.

Студатрад – гэта не толькі заробак, а работа ў суполцы – калі ўсе і разам. Тут і адказнасць падвоеная: за сябе і за каманду, асабліва калі ты за старшага.

Студатрад для студэнта

Аляксей Кушлевіч, 19 гадоў:

– Са студатрадамі знаёмы яшчэ са школьных часоў, калі дзесяцікласнікам працаваў у лясніцтве. Мы былі заняты дзесьці 4,5 гадзіны, нават працоўныя кніжкі нам аформілі. Зарплаты 250 рублёў атрымаў – лічу, для дзіцяці вельмі добрыя грошы. На што патраціў? Цяпер і не ўспомню. (Усміхаецца.)

Вучуся на 2-м курсе ў БДТУ і ўжо другі год запар запісваюся ў студэнцкі атрад.  У першую чаргу, гэта дае прывілеі засялення ў інтэрнат.

Студатрадаўцы ў нас здаюць сесію датэрмінова, таму што на экзаменацыйны перыяд выпадае работа. Як і ў мінулым годзе, сёлета працую ўпакоўшчыкам марожанага 3-га разраду на Мінскім холадакамбінаце №2  (па-просту – фабрыцы марожанага). Змены 8-гадзінныя, першая пачынаецца ў 7.00. У вытворчым звяне па 3-4 работнікі, акрамя майстра. Займаемся выкладкай марожанага на канвеер,  укладкай яго ў каробкі, упакоўкай.

На  1-м курсе за месяц атрымаў 1 600 рублёў, зарплату тады абяцалі меншую, але за выкананне плана яшчэ і прэмію далі.  На гэтыя грошы купіў сабе тэлефон.  Спадзяюся, сёлета не менш атрымаю. 

Для мяне работа ў студатрадзе – гэта як добрая магчымасць не прасіць грошай у бацькоў. І, што важна,  «пропуск» на засяленне ў інтэрнат пасля заканчэння 1-га курса, што выходзіць нашмат танней, чым здымаць жыллё.

Вытворчая брыгада

Назар Ярмак, 14 гадоў:

– Калі намеснік дырэктара школы расказала нашаму класу пра магчымасць уладкавання на работу ў вытворчую брыгаду, я адразу вырашыў: хачу!

Нічога асаблівага тут не патрабуецца: даглядаць за школьным садам і агародам і займацца дробным рамонтам вучнёўскай мэблі. У прынцыпе, амаль такія ж абавязкі, як і дома, – толькі што з мэбляй не працаваў. (Задумваецца.) Хаця з інструментам знаёмы: тата навучыў з ім абыходзіцца, яму ў мужчынскай рабоце дапамагаю.

Штодзень кожнаму даюць вызначаны ўчастак работы. Зрабіў сваю справу – дапамагаеш астатнім. У нас узаемападтрымка! Я працаваў і на праполцы – на школьным агародзе растуць буракі, морква, цыбуля; і на абкопцы кустоў; і на рамонце вучнёўскіх крэслаў. Да слова, у агародзе работу на мужчынскую і жаночую не дзеляць –  хлопцы не горш за дзяўчат з градкамі спраўляюцца. (Усміхаецца.)

Вытворчая брыгада працуе 9 дзён – больш за 200 рублёў заплацяць. Гэта будзе мой першы сапраўдны заробак!

Па працягласці рабочы дзень у нас меншы, чым у дарослых, бо яшчэ падлеткі. А вось уладкаванне на работу і працоўныя кніжкі – усё сур’ёзна. Калі падпісваў дагавор, адразу нейкае пачуццё самастойнасці ўзнікла. 

Пайшоў у вытворчую брыгаду, бо гэта наблізіць мяне да здзяйснення мары, якая каштуе нятанна: хачу купіць матацыкл – грошы на яго збіраю. 

Працатэрапія патрэбна

Алена Васільчык, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, дэпутат Астравецкага раённага Савета дэпутатаў:

– Працатэрапія  патрэбна моладзі, пра гэта неаднойчы гаварыў і наш Прэзідэнт. І так было ва ўсе часы. Канешне, прыярытэты, куды патраціць зароб­ленае, мяняюцца. Але галоўны матыў адзін:  маладыя людзі хочуць працаваць, імкнуцца да адноснай фінансавай самастойнасці. Тым самым вучацца цаніць працу іншых, пачынаюць разумець кошт заробленага рубля, бо па сабе будуць ведаць: з неба ён нікому не падае.  Гэта добрая падрыхтоўка да дарослага жыцця. 

Як дэпутата мяне радуе імкненне моладзі быць занятымі карыснымі справамі, працаваць. Так, колькасць жадаючых запісацца ў вытворчыя брыгады і студатрады  з кожным годам павялічваецца. У студэнтаў больш перспектыў, яны могуць уладкавацца на часовую занятасць, на час працоўных адпачынкаў – напрыклад, у дзіцячых садках падмяняюць   выхавальнікаў.  

Да слова, школьніцай я таксама зараб­ляла грошы. Першую «капейку» атрымала за сельгасработы: ездзілі ў калгас на бульбакапанне па 2 месяцы запар.   І летам у Астраўцы можна было знайсці падпрацоўку, напрыклад, уладкавацца прадаўцом піражкоў ці марожанага – такія вулічныя кропкі гандлю былі ў пачатку 1990-х. Мы маглі пайсці і ў якасці памагатых у арганізацыі, дзе працавалі бацькі. Так у 16 гадоў падчас летніх канікул я трапіла ў мальскі цэх, дзе працавала маці, – там выраблялі дэталі да гадзіннікаў.   Гэта было афіцыйнае ўладкаванне, як і цяпер, для непаўналетніх прадугледжваўся скарочаны работы дзень. За месяц работы атрымала дзесьці 70 рублёў і аддала ўсе бацькам – гэта быў мой унёсак у сямейны бюджэт. (Усміхаецца.)

* Праект выдадзены за кошт сродкаў мэтавага збору па стварэнні нацыянальнага кантэнту
Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из архива героев