Сокровенными воспоминаниями о школьном времени поделились выпускники Островетчины

19:44 / 13.06.2025

Школьныя гады прамінулі для іх хуткакрылай птушкай, пакінуўшы ў памяці светлыя ўспаміны аб залатым і бесклапотным часе: цікавых уроках і гуллівых перапынках, любімых настаўніках і сябрах… А сёння яны выпускнікі, і адной нагой стаяць на парозе дарослага жыцця.

У галоўных віноўнікаў раённай урачыстасці карэспандэнт газеты пацікавіўся, што ім найбольш запомнілася са школьнага жыцця, каму яны ўдзячны і пра што мараць.

Кірыл Перка, Варнянская СШ:


– Хачу падзякаваць настаўнікам і аднакласнікам за гэты цудоўны час. Нам пашчасціла з класным кіраўніком Віялетай Уладзіміраўнай Карчэўскай – гэта і Чалавек і Педагог з вялікай літары. Адзначу і матэматыка Аляксея Мікалаевіча Леўшука. Наш педагагічны клас удзельнічаў і перамагаў у многіх конкурсах. Настаўнікі Варнянскай школы самыя лепшыя. Я мару стаць педагогам інклюзіўнай адукацыі, каб дапамагаць дзеткам з ментальнымі асаблівасцямі.

Аляксандра Памецька, Спондаўская СШ:


– Нават не верыцца, што мы развіталіся са школай, што сённяшні раённы выпускны – першы і апошні ў жыцці. У нас быў невялікі клас, таму мы дружныя, педагогам на ўроках не дакучалі. Хочацца, каб мая мара паступіць ажыццявілася: два цэнтралізаваныя экзамены я здала добра (на жаль, да “соткі” па беларускай мове не хапіла 2-х балаў), засталося паспяхова здаць профільны іспыт у вну.

Елізавета Вінсла, Міхалішкаўская СШ:


– Вялізны дзякуй нашым настаўнікам, якія заўсёды дапамагалі, успрымалі нас такімі, якія мы ёсць, і давалі трывалыя веды. У нас вельмі дружны і моцны клас: з 13-ці чалавек 3 медалісты, у тым ліку я. Мне падабалася не толькі вучыцца, удзельнічаць у розных конкурсах і канферэнцыяй, але і займацца добрымі справамі. Напрыклад, садзіць лес. Для нашай школы гэта ўжо традыцыя.

Экзамены здала на выдатна, веру, што паступлю ў Магілёўскі інстытут МУС.

Анастасія Шэстак, Кямелішкаўская СШ:


– Наш выпуск невялікі – толькі 5 чалавек, але мы былі не проста аднакласнікамі, а сябрамі. Найбольш запомнілася, калі я ў 9 класе ўдзельнічала ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі – хоць прызавога месца не ўзяла, але прыдбала новых знаёмых і вопыт. Планую стаць медыцынскім работнікам і дапамагаць людзям.

Антон Бародзіч, СШ №3:


– У трэцюю школу я прыйшоў у 6 класе і адразу ўліўся ў калектыў. Маё жыццё тут было цікавым і насычаным на падзеі. З прадметаў адзначыў бы ўрокі матэматыкі Таццяны Уладзіславаўны Чыжэўскай. Як удзельнік міжнароднага конкурсу “Школа Росатама” адпачываў у Сочы ў лагеры “Арлёнак” – гэта таксама запомнілася… Цяпер пачынаецца новы этап – і гэта хвалююча. Збіраюся паступаць на ваенны факультэт Акадэміі авіяцыі.

Аліса Сяржанава, СШ №1:


– Больш за ўсё са школы мне чамусьці запомніўся момант, калі ў 9 класе нам уручалі атэстаты. Дырэктар пажадала, каб у маім жыцці ўсё склалася так, як хачу. Цяпер я тут, на агульнараённым выпускным. Шчаслівая, што менавіта так усё склалася; што я стала адной з выпускнікоў Астравеччыны, хто атрымаў на цэнтралізаваным экзамене 100 балаў. Прызнацца, не спадзявалася на такі выдатны вынік па грамадазнаўстве. Удзячна нашаму педагогу Алене Віктараўне Урбановіч за атрыманыя веды, а таксама дзякую сама сабе за тое, што я пераадолела гэты шлях даўжынёй у 11 гадоў. Так, часам ён быў нялёгкі, але я змагла. Калі моцна захацець і працаваць над гэтым – усё абавязкова атрымаецца. Гэта, дарэчы, адзін з важных урокаў, які я атрымала ў школе.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич