О планах на лето корреспонденту «АП» рассказали островчане
12:00 / 08.06.2025
Нарэшце, дачакаліся лета – спадзяюся, што не толькі каляндарнага. Хоць традыцыйна гэта пара адпачынкаў і канікул, тым не менш час кожны праводзіць па-свойму. Астраўчан карэспандэнт «раёнкі» папрасіў падзяліцца планамі на лета.
Соф’я Якімовіч, САК «Імпульс»:
– Задум шмат. Першая – наведаць Мірскі замак, там я была неаднойчы, але пасля рэканструкцыі так і не даехала. Другая – па дарозе зазірнуць у Нясвіж. Некалі ў гэтым палацава-паркавым комплексе дзейнічаў санаторый, дзе даводзілася адпачываць. Трэцяя – праводзіць больш часу з унукам Маркам.
Ірына Собаль, на пенсіі:
– Планы самыя звычайныя: абуладкаваць калодзеж, абнавіць плот, а таксама нарыхтаваць на зіму козачкам сена. У Астравец з Харкава пераехалі ў 2011 годзе, у прыватным доме работы заўсёды хапае. Траву кашу не бензінавым трымерам, ён цяжкі для жаночых рук, а акумулятарнай касой. Дарэчы, гэта цалкам мая прэрагатыва – муж змірыўся. (Усміхаецца.)
Яўген Пазлевіч, прадстаўніцтва ТАА «Югэлектрамантаж» у Рэспубліцы Беларусь:
– У адпачынку быў зімой. Летам працую, таму на гэты час нічога асаблівага не планаваў. На выхадных з жонкай звычайна едзем у Альхоўку да бацькоў, там такая маляўнічая прырода ля вадасховішча. Лічу, што кожны летам павінен абавязкова пасмажыць шашлык і пакупацца.
Алена Гук, РУП ЖКГ:
– Пакуль летам хтосьці адпачывае, мы, кветкаводы, працуем не пакладаючы рук, каб зрабіць горад больш прыгожым, утульным і дагледжаным. Штогод з’яўляюцца клумбы ў новых мікрараёнах. Цяпер, напрыклад, высаджваем петуніі, аксаміткі, цынерарыі і іншыя. Хоць жыву ў горадзе, але натура ў мяне вясковая, ягадная. (Усміхаецца.) Спадзяюся, што абавязкова выберуся ў чарніцы.
Анастасія Кажарская і Елізавета Субач, СШ №1 і гімназія №1
Насця:
– Нарэшце, адзвінеў апошні званок, а гэта значыць, што няма ўрокаў! Буду больш часу праводзіць з сяброўкай. (Паглядзела на Лізу.) А яшчэ абавязкова паедзем да бабулі на Віцебшчыну. Магчыма, дапамагу ёй апалоць агарод. Яна вырошчвае клубніцы, бульбу. У лагер не пускае мама, хвалюецца за мяне, хоць, па шчырасці, хацела б там адпачыць.
Ліза:
– Летам люблю гуляць па горадзе і рабіць замалёўкі гуашшу на планшэце. Хачу намаляваць востраў кахання, сквер. У дзіцячай школе мастацтваў працуе летнік, куды планую хадзіць на заняткі да Вікторыі Казіміраўны.
Текст:
Алёна Ганулич
Фото:
Алёна Ганулич
Поделиться: