Самародкі Астравеччыны: як Баляслаў Вашкевіч тэхніку збірае
14:00 / 07.06.2025
Як непрыкметна круціцца кола жыцця Баляслава Баляслававіча, так жа ў яго двары з’яўляецца зробленая рукамі гаспадара тэхніка. На гэтым трактарчыку ён гарод разворвае, з гэтым можна смецце прыбіраць, на тым трохколавым веласіпедзе ў магазін добра ездзіць, а на гэтым невялічкім мапедзе проста для душы пракаціцца – балазе, участак вялікі, дазваляе разагнацца…
– Мой прадзед быў кавалём, – расказвае жыхар Кемелішак. – Лічыўся спецыялістам на ўсю вёску. Мабыць, ад яго перадалася любоў да «жалеза». Я не лічу сябе такім «спецыялістам», хоць ужо 24 гады працую токарам у нашым саўгасе. А гэта значыць, што даводзіцца не толькі гайку якую вытачыць: увесь час нешта трэба рэстаўрыраваць, мадэрнізаваць, прыдумаць, як лепш зрабіць. Свае «машыны» ствараю больш для душы: падабаецца не толькі з тэхнікай калупацца – альтанку з дрэва сам зрабіў, аздобіў яе ў нацыянальным стылі…
Як прычапіць да трактарчыка навясное абсталяванне, прымацаваць каробку перадач да трохколавага мапеда ці прыдумаць новамодны цяпер электрасамакат… «Лёгка!» – усміхаецца мужчына і працягвае:
– Хачу пасля сябе нешта цікавае пакінуць. Раблю з нуля: штосьці з запчастак прыкуплю, а сёе-тое ёсць яшчэ з «даўніх часоў», ды і знаёмыя прыносяць: можа, табе трэба? Некалькі такіх прынесеных рэчаў падарыў у рытанскі музей: аднарадную сеялку і акучнік – амерыканскай вытворчасці, дарэчы… Здзівіць чалавецтва хацеў яшчэ з дзяцінства: зрабіць бы нешта такое… Але хутка прыйшоў да высновы, што ўсё ўжо прыдумалі да мяне. Тады вырашыў: буду рабіць з таго, што ёсць, можа, усё ж здзіўлю.
Цікаўлюся, што за надпіс «Ляля» выведзены на бартах? «Мой «брэнд», – усміхаецца мужчына.
А яшчэ Баляслаў Вашкевіч можа і з дрэва выразаць, і нават верш напісаць… Адным словам – самародак!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.