50 лет после школы: кемелишковские выпускники приехали на родину

13:00 / 07.06.2025

Незвычайны апошні званок празвінеў напрыканцы навучальнага года ў Кемелішках. Гэта было не развітанне са школьным дзяцінствам, а чарговая чаканая сустрэча выпускнікоў 1975 года. 

Пра традыцыі такіх спатканняў карэспандэнту расказала  колішняя вучаніца Людміла Валынец. 

– Вучыліся ў мясцовай школе, 2 класы ў паралелі, было дзесьці па 20-23 чалавекі ў кожным.  Раз’ехаліся хто ку­ды: амаль палова нашых жыве ў Літве і мясцовых хапае  – Кемелішкі, Падольцы, Рытань, Смаргонь, Вілейка, –  расказвае жанчына.

Ніякія кіламетры для школьных сяб­роў не перашкода: злятаюцца, бы птушаняты, у роднае гняздо, каб убачыцца, пагаварыць, узгадаць дзіцячыя гады. 

Людміла Іванаўна гаворыць, што сустрэча школьных сяброў  пачынаецца з імшы ў касцёле за памерлых настаўнікаў і аднакласнікаў, а таксама за здароўе жывых.

–  Арганізацыйнымі момантамі зай­маемся з Мечыславам Марцінкевічам. За беларускі бок адказваю я, з літоўскімі трымае сувязь ён, паколькі там жыве. Запрашаем і сваіх настаўнікаў, да слова, наш класны кіраўнік Таццяна Цімафееўна Пляўга ўжо мае 92 гады. На юбілеі заканчэння школы збіраемся не класам, а паралеллю. І заўсёды цёплую пару выбіраем – так зручней.  Звычайнае месца спаткання – Кемелішкі: то ў школе, то ў маёй хаце, –  усміхаецца Людміла і працягвае:   

–  Праграму сабе ладзім. На 40-гадовы юбілей і званок для нас звінеў, і гальштукі савецкія піянерскія былі. І цяпер душэўна  пасядзелі, пераглядва­ючы школьныя фотаздымкі і ўзгадваючы ўсялякія смешныя выпадкі, як «партызаніць» хадзілі, у каго спісвалі… Прайшло столькі гадоў, а помнім, хто з кім сядзеў і за якой партай! 

Ёсць у кемелішкаўскіх выпускнікоў і яшчэ адна завядзёнка: глядзець фільм пра сваю школу. Людміла Валынец  аднавіла стужкавы запіс 1972 года.

–  Праўда, сюжэт бязгучны, але гэ­та ніколькі не расстройвае: наклалі на сюжэт музыку і глядзім на вучняў на­шых часоў, настаўнікаў, узгадваем імё­ны, прозвішчы, школьныя аўдыторыі – кранае да глыбіні душы, бо вяртае ў дзя­цінства, – гаворыць Людміла

Фота і відэа з архіва Л. ВАЛЫНЕЦ.




Текст: Рита Дремо