У гасцёўню “Сакрэты бабулінай хаты” зазірнулі кемелішкаўскія дзеці

10:00 / 08.06.2025

Канікулы для кемелішкаўскіх школьнікаў распачаліся са знаёмства з побытам продкаў – дзеці наведалі гасцёўню «Сакрэты бабулінай хаты».

– Упершыню бачыла прыстасаванне, у якім рабілі масла. Аказваецца, каб яго атрымаць, трэба доўга «біць» вяршкі ў маслабойцы, – дзеліцца ўражаннямі Мілана Трыбоцкая. – А якім цяжкім прасам карысталіся нашы прабабулі: паспрабуй падымі ды яшчэ гарачым вуголлем начыненае! І ваду ў прас не залівалі, як мы, трэба было на тканіну яе пырскаць… 

– Бачыла і ўпрыгожванні на падушкі – накідкі, звя­заныя кручком. У маёй бабулі такія ёсць, – працягвае Мілана. – Расказвалі нам пра нацыянальныя касцюмы: з чаго складаліся, як гаспа­дыні іх аздаблялі, якія колеры выкарыстоўвалі, мне больш за ўсё спадабаліся фартушкі. Даведалася, што самаробнае адзенне было ўнікальным, бо двух аднолькавых рэчаў зрабіць уручную немагчыма, да таго ж кожная майстрыха старалася трымацца свайго стылю. 


Развучвалі мы і побытавыя танцы. Хоць я і добра танцую (у музычнай школе навучылася), але некаторыя элементы атрымлівалася зрабіць не з першага разу, да прыкладу, у ойры сінхронна дакранацца плячыма. 

Наведваю гурток «Спадчына» ў кемелішкаўскім клубе, калі пайду на наступныя заняткі, абавязкова папрашу, каб паказалі, як у дзеянні карыстацца рэчамі хатняга ўжытку нашых прабабуль.

Фота з архіва Кемелішкаўскага клуба.

Текст: Рита Дремо