Наши на «Белагро-2025»: островчане поделились впечатлениями от международной выставки

11:32 / 05.06.2025


Як сельская гаспадарка –пазнавальны брэнд Беларусі, так і міжнародная спецыялізаваная выстава “Белагра” – чаканая падзея для аграрыяў. Амаль на 40 тысячах квадратных метраў экспазіцыйнай плошчы 545 кампаній з 14-ці краін свету прадставілі свае дасягненні, распрацоўкі, прадукцыю з розных галін аграпрамысловага комплексу. Тут можна было паглядзець на навейшую сеялку айчыннай вытворчасці з рамантычнай назвай “Мроя”, прадэгуставаць малочную і мясную прадукцыю, падзівавацца на племянных авечак, коней, коз. Словам, кожны змог знайсці для сябе штосьці цікавае.

Плануецца, што на ўнікальным форуме да канца тыдня пабывае не адзін дзясятак астраўчан. Некаторыя ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі ад наведвання гэтай маштабнай аграрнай выставы.




Іван Карніла, першы намеснік старшыні райвыканкама:


– Спадабалася ўсё, што ўбачылі на выставе. Зазначу, што ў гэтым годзе яна больш маштабная і ўпершыню праходзіць на новай пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. У першую чаргу нас з дырэктарамі сельгаспрадпрыемстваў цікавіла абсталяванне і тэхналогіі для аграпрамысловага комплексу: тэхніка, навясныя агрэгаты, запчасткі для глебаапрацоўчых, збожжаўборачных і іншых машын. Прадстаўленыя айчыннымі вытворцамі (сярод якіх і заводы Гродзенскай вобласці) узоры аграрнай тэхнікі вылучаюцца інавацыйнасцю і тэхналагічнасцю, праўда, некаторыя з іх яшчэ не ў масавым выпуску. Цяжкавагавыя дыскі, валкаўтваральнікі, пасяўныя комплексы – лінейку щсёй неабходнай для развіцця аграпрамысловасці тэхнікі беларусы асвоілі, прычым на самым перадавым узроўні. Плануем яшчэ наведаць пляцоўкі жывёлагадоўчага сектара.

Маштабна, шматвектарна, прадумана, зручна, прыгожа – так апішу свае ўражанні ад выставы.

Вольга Умрыхіна, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:


– Даводзілася бываць на “Белагра” і ў мінулыя гады, але сёлетняя, юбілейная, асаблівая і па маштабе, і па аб’ёмах выставачных пляцовак, і па прадстаўленых на іх экспазіцыях тэхнікі, абсталявання, прадукцыі, ветпрэпаратаў, сродкаў хімічнай засцярогі і многага іншага. Абыходзячы павільёны, злавіла сябе на думцы, што нам ёсць чым ганарыцца! З цікавасцю глядзела на сучасныя энерганасычаныя агрэгаты і машыны, прычым айчыннай вытворчасці. Зазначу, што на многіх экспазіцыях кансультантамі былі ўраджэнцы Астравеччыны – прыемна было сустрэцца і пагутарыць з землякамі.


Фота з архіва суразмоўцаў.

Текст: Алёна Ганулич