Слаженно, оперативно, технологично, или Как проходит заготовка кормов в КСУП “Гудогай”

10:00 / 05.06.2025

Тэмпы касавіцы на Астравеччыне ніжэй за мінулагоднія – і гэта не здзіўляе. Для аграрыяў вясна пайшла па нечаканым плане – з празмерным цяплом у сакавіку і начнымі прымаразкамі ў красавіку-маі. Гэта замарудзіла рост травастою – адпаведна зацягнула масавы старт першага ўкосу. Пасля шчодрых дажджоў і пацяплення работа закіпела на палях. У КСУП “Гудагай”, напрыклад, на нарыхтоўцы сенажу задзейнічана 3 вытворчыя звяны – агулам звыш 20-ці адзінак тэхнікі. За работай некаторых паназіралі сумесна з галоўным аграномам гаспадаркі Андрэем Ненартовічам.

– Ураджайнасць траў горшая, чым летась. Да таго ж дажджы напрыканцы мая не давалі магчымасці нарыхтоўваць кармы высокімі тэмпамі. Скошаная трава не будзе ляжаць і мокнуць, таму напачатку закладвалі масу на сілас, а не на сянаж. Акрамя гэтага каля 50 гектараў пасеваў жыта перавялі ў кармавую базу, – расказаў тэхнолаг палёў. – Цяпер галоўная задача – як мага хутчэй правесці першы ўкос, падкарміць плошчы азотам, каб да пачатку жніва вырасціць і ўбраць другі ўкос. Паляпшэнне надвор’я значна паскорыла работы – зможаце ў гэтым упэўніцца непасрэдна на ўчастках.

Спрыт і жаданне нагнаць мінулагоднія тэмпы абумоўлены яшчэ і тым, што травы трэба скасіць у аптымальныя фазы росту, калі ў іх максімальная колькасць спажыўных рэчываў. Найлепшым часам для нарыхтоўкі сенажу з бабовых культур лічыцца фаза бутанізацыі і да цвіцення, для злакавых – пачатак калашэння, ці так званы перыяд выкідвання сцяг-ліста. Гудагайскія корманарыхтоўшчыкі яшчэ ўкладаюцца ў аптымальныя тэрміны.

У КСУП “Гудагай”, акрамя шматгадовых, вырошчваюць пайзу – аднагадовую злакавую культуру, а таксама люцэрну.  

– Яе асаблівасць у тым, што пасля скошвання расліны дастаткова хутка адрастраюць. За сезон можна зняць да чатырох паўнавартасных укосаў. Люцэрна займае 735 гектараў. Праўда, і яе прымаразкі крыху “падсадзілі”,  – патлумачыў Андрэй Ненартовіч.


Адметнасць пачатку масавай касавіцы ў тым, што нарыхтоўваць кармы ў гаспадарцы пачалі ў непасрэднай блізкасці ад жывёлагадоўчых аб’ёктаў. Калі рабіла рэпартаж, масу закладвалі ў траншэі на тэрыторыі малочна-таварнага комплексу “Кярняны”. Таму і тэхніка дыслацыравалася на розных участках непадалёк ад аднайменнага населенага пункта.

Непадалёк ад вёскі Філіпаны вытворчае звяно ўбірала люцэрну. Валкаўтваральнік MRG2-900 зграбаў падвяленыя травы з трох пракосаў у адзін. Новая машына дапамагае паскорыць працэс і падрыхтаваць акуратныя валкі для наступнага падбора падвяленай масы. Тэхніка, скажу вам, унушальная і ўніверсальная! Па-першае, канвеерная стужка забяспечвае транспарціроўку скошанай травы ў любым накірунку, які абярэ аператар. Па-другое, робіцца гэта больш чыста і эфектыўна, чым класічнымі граблямі. Па-трэцяе, апрацоўваюцца вялікія плошчы.

– Агрэгат набылі ў мінулым годзе, працуе другі сезон. Нараканняў няма: высокапрадукцыйны, манеўраны – валок можна рабіць з захопу і ў 9, і ў 12 метраў. Не тэхніка, а агонь! – ёмка ахарактарызаваў машыну Генадзь Змітровіч.


За стужкавымі граблямі следам ішлі кормаўборачны комплекс “Ягуар” у пары з МАЗам. Некалькі адзінак тэхнікі чакалі сваёй чаргі.

– Колькасць рэйсаў залежыць ад аддаленасці поля. Бывае, што і 15 за дзень зробім, – расказаў вадзіцель Мікалай Млынскі. – Ввозім “зялёнку” да 8 вечара .


Накіроўваемся на іншы ўчастак. Літаральна пад комплексам “Кярняны” ішла ўборка бабова-злакавай сумесі – канюшыны з цімафееўкай. Прыкмеціла, што валкі тут больш важкія, чым з люцэрны пад Філіпанамі.

– За рэйс перавожу каля 15-ці тон сянажнай сумесі. Балазе, тут некалькі дзясяткаў метраў да траншэі. Крутануўся – і назад, – паказаў у бок комплексу Валерый Вайткевіч. – У звяне з адным кормаўборачным камбайнам да 5-ці адзінак тэхнікі на адвозе. З хлопцамі наперад адзін аднаму наперад не лезем: “запраўляемся” травой па чарзе.


Прафесійнае майстэрства Сяргея Урліка неаднойчы адзначалі на абласным і раённым узроўнях. Нагадаю, некалькі гадоў запар ён значыўся ў ліку лепшых корманарыхтоўшчыкаў Прынёмання, а яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Мужчына, як і яго калегі, працуе на камбайне “Ягуар” – машына эфектыўная і магутная. Усе працэсы камп’ютарызаваны, у кабіне зручна, ёсць кандыцыянер.

– На розных участках травы розныя: дзе – горшыя, дзе – лепшыя. Але ўпэўнена магу сказаць, што травастой далёка не такі ўрадлівы, як летась. Усё робім па тэхналогіі: кансервант уносіцца аўтаматычна, – расказаў механізатар.


Зазначу, у КСУП “Гудагай” ўся задзейнічаная на першым укосе тэхніка адносна новая: як правіла, не старэйшая за 5 гадоў. “Ягуару” Міхаіла Лашчонка (таксама перадавы ў вобласці і раёне корманарыхтоўшчык) – 3 гады, а Віктар Грымбоўскі атрымаў комплекс у мінулым годзе.

У корманарыхтоўцы няма другасных па значнасці працэсаў, пачынаючы ад тэхналогіі скошвання травы і заканчваючы яе закладкай. Знаходзячыся побач з фермай не магла не паглядзець, як адбываецца трамбоўка масы, якой звычайна займаюцца не менш за дзве ўніверсальныя машыны цяжкага класу. У “Кярнянах” “працаваў” пагрузчык “Амкадор”. Андрэй Ненартовіч патлумачыў, што закладка ёмістасці толькі пачалася, “Кіравец” пад’едзе на большыя аб’ёмы.


– Ужо закрылі па адной сянажна-сіласнай яме ў Смілгах і Германішках. Першую – за паўтара дня, – расказаў Ігар Алёкса, які пастаянна “ўкатвае” травяністую масу ў КСУП “Гудагай”. – Мой пагрузчык “Амкадор” 352С аснашчаны спецыяльнымі віламі, што спрашчае працэс размеркавання масы па сянажнай яме, ды і тэхніцы лягчэй.

Адзначыла, што траншэі побач з той, якую запаўнялі, яшчэ не раскрыты з мінулага года – а гэта значыць, ёсць пераходзячы запас кармоў.

…У КСУП “Гудагай” плошчы сенажаці адны з самых вялікіх у раёне. Першым укосам тут плануюць пакласці травы ў пракосы на 3 617 гектараха. У дзень, калі прыехала рабіць рэпартаж, было скошана 17%, а калі матэрыял рыхтаваўся да друку 36%. Зялёны канвеер тут пачаўся пазней запланаванага, каб нагнаць упушчанае, аграрыі працуюць з раніцы да позняга вечара. Верыцца, што касавіцу ў рэжыме нон-стоп не перарвуць ніякія сюрпрызы надвор’я.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич