Татьяна Андралойть - хранительница музейного фонда
09:00 / 18.05.2025
Пошук рэчаў для прыняцця ў фонды музея – складаная справа. Вызначэнне каштоўнасці прадметаў, неабходнасці іх знаходжання ў музеі – аб гэтым клапоціцца адпаведная камісія. Аднак падрыхтаваць рэчы для разгляду, зрабіць асобныя нататкі, праца з даволі вялікім аб’ёмам інфармацыі – гэта абавязкі галоўнага захавальніка фондаў.
Адзначу, што кожны прадмет, які паступае ў фонды, абавязкова адлічбоўваецца, яго адносяць да асобнай калекцыі, праводзяць навуковую апрацоўку.
Музейныя прадметы – гэта рэчы з гісторыяй, з гадамі яны не маладзеюць, больш таго патрабуюць догляду, клопату, увагі і захавання. Таму асноўная задача – гэта перадача музейных прадметаў для наступных пакаленняў. Ёсць нешта патаемнае ў тым, калі дакранаешся да мінулых эпох, адчуваеш неабходнасць, каб гэтыя рэчы ўбачылі нашчадкі.
Асобным накірункам працы з музейнымі прадметамі я бы адзначыла іх экспанаванне. Заўсёды прыемна, калі наведвальнікам музея падабаецца выстаўка.
Таму да сваёй працы я стаўлюся з вялікай адказнасцю: мне даручана захаванне і перадача самых прыгожых і каштоўных, часта ўнікальных экспанатаў, якія, я веру, перададзены ў музей людзьмі з адкрытымі сэрцамі, каб іх бачылі і вывучалі нашчадкі.
Таццяна Андралойць, галоўны захавальнік фондаў ДУК «Астравецкі гісторыка-этнаграфічны музей»