Какой должна быть настоящая семья, рассказали дети
13:00 / 16.05.2025
Шчасце
Анжаліка Янкойць, в. Сыманэлі:
– У сапраўднай сям’і павінна жыць шчасце. Яно магчыма толькі тады, калі ёсць любоў; калі дарослыя гуляюць з дзецьмі; калі нічога не шкадуюць адзін для аднаго. Калі разумеюць твае патрэбы ці настрой без слоў – ведаюць, як, напрыклад, развесяліць, падбадзёрыць.
Намалюю любоў
Мама, тата і дзіця, трымаючыся за рукі, ідуць па вуліцы, размаўляюць. І абавязкова ўсміхаюцца, бо ім добра разам.Дзеці
Арсень Дзяржак, в. Літвяны:
– На мой погляд, сям’я павінна быць вялікай. Вось у мяне тры браты і сястрычка – гэта наша прынцэса.
Нам весела разам бавіць час, хоць мы і рознага ўзросту.
А калі ўзяць маштабна, то сям’я – гэта ўвогуле вялікая супольнасць: уся радня! Пра бабулю з дзядулем не трэба забываць, хоць і жывуць у іншым доме: наведвацца ў госці, дапамагчы, чым трэба. Яны шмат чаго ведаюць, таму мамы з татам у іх пытаюць парады.
Намалюю нас
Дом, вакол яго растуць кветкі, яблыневы сад, машыны непадалёк стаяць і ўсе нашы родныя сабраўшыся разам – хто размаўляе, хто дапамагае, хто гуляе, хто абдымаецца…
Справы
Дзіма Пяткевіч, аг. Варняны:
– У сям’і абавязкова людзі клапоцяцца адзін пра аднаго, шкадуюць. Напрыклад, навучыць дзіцятка гаварыць, каб яно магло сказаць, што хоча; калі падрасце, навучыць іграць, каб сыну весела было; а як вялікім стане – нават рамантаваць машыну, дом, гатаваць кашу і другую сур’ёзную работу рабіць! Шмат пра што трэба маме і тату паклапаціцца, каб навучыць сваіх дзетак жыццю. Праца – гэта таксама клопат: пра дом, каб у ім было прыгожа; пра сям’ю: дарослыя зарабляюць грошы, каб купіць ежу і іншыя патрэбныя рэчы. Дзецям таксама трэба працаваць: дапамагаць тое, што скажуць; у сваім пакоі цацкі сабраць… Калі чалавек нічога не ўмее рабіць, ён ніколі не стане гаспадаром. (Задумваецца.) І клапаціцца пра сваю сям’ю дакладна не зможа.
Вялікае сэрца, а ў ім наша сям’я. І ўсе занятыя нейкай справай: я малюю, каб прыгожыя карцінкі дома былі; брацік ідзе ў школу вучыцца – хоча шмат усяго ведаць; тата сядзіць за рулём машыны – на работу збіраецца; мама мые посуд.
Традыцыі
Насця Комар, г. Астравец:
– Традыцыі – гэта тое, што адрознівае сем’і. Ёсць традыцыі штодзённыя. Напрыклад, адзін прыходзіць з працы, а другі яго сустракае, дапамагае распрануцца, сумку возьме, запытае пра справы. Альбо калі разам садзяцца есці, вечарам дзеляцца, як прайшоў дзень; чытаюць дзецям казку перад сном.
І яшчэ адна важная традыцыя: весці сямейны альбом. У нас іх ужо 3!
Намалюю свята
Дзень нараджэння. За сталом сабралася сям’я, у цэнтры стаіць торт імянінніку, які задувае свечкі і загадвае жаданне, а ўсе глядзяць на яго, усміхаюцца, віншуюць і пляскаюць у далоні.