Ставка – на корма, или Почему в КСУП «Гервяты» выбирают кукурузу

13:00 / 17.05.2025

На Астравеччыне актыўна рэканструіруюцца і будуюцца новыя малочна-таварныя комплексы і іншыя жывёлагадоўчыя аб’екты. Не менш важная задача для гаспадарак – пад поўную патрэбу забяспечыць усё пагалоўе травяністымі кармамі. Значнае месца ў рацыёне жывёлы займае менавіта кукуруза. 

На Астравеччыне пад кукурузу адвялі рэкордныя 8 500 гектараў. Адны з самых вялікіх плошчаў пад цеплалюбівіцай у КСУП «Гервяты»: 1 480 гектараў – на сілас і 500 – на зерне. 

За фінішам «каралеўскай» сяўбы у гэтай гаспадарцы паназіраў карэспандэнт «раёнкі». 

Для земляробаў гэты год выдаўся няпростым. Мала таго, што ў глебе катастрафічна не хапае вільгаці, ды яшчэ начныя прымаразкі «пашчыпалі» пасевы, асабліва ў КСУП «Гервяты». Для падстрахоўкі, каб сфарміраваць дадатковы запас фуражнага корму для буйной рагатай жывёлы, у раёне павялічылі плошчы пад кукурузай на зерне без малога на тысячу гектараў, у тым ліку ў «Гервятах» – на 220. 

Вядома, што гэтая культура вылучаецца высокай засуха­ўстойлівасцю дзякуючы магутнай і развітай каранёвай сістэме, але да такіх кандыцый яе яшчэ трэба «дарасціць». І дасягаюцца яны шляхам сяўбы ў аптымальныя тэрміны, своечасовымі падкормкамі і апрацоўкамі пасеваў. 

Для Эдгара Касевіча ў якасці га­лоўнага агранома сёлетняя яравая сяўба першая, хоць у гаспа­дарцы ён працуе з 2021 года. Да гэтага быў аграномам-аграхімікам. Тэхнолаг палёў не ўтойвае свайго засмучэння, таму што на ўраджай-2025 ускладаў вялікія спадзяванні і надзеі. 

– Пасевы выглядалі без перабольшвання цудоўна: стаялі суцэльнай зялёнай шчоткай. Марозік даў – і яны пажоўклі. Асабліва пацярпеў яравы ячмень. Думаю, што на працэнтаў 15-20 ураджайнасць збожжавых знізілі гэтыя веснавыя сюрпрызы, – расказаў галоўны аграном. – Дадатковыя плошчы засеем кукурузай, тым больш што ўкладваемся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. 

Пацікавілася ў Эдгара Касе­віча, як ён адчувае сябе ў ролі галоўнага агранома. 

– Раней у мяне быў больш вузкі накірунак работы, але, як кажуць, цяжка першы год, – з усмешкай адказаў спецыяліст. – Парадамі і падказкамі дапамагаюць больш вопытныя калегі: намеснік дырэктара па вытворчасці Аляксандр Кавалька, насеннявод Антаніна Дзерван. Сам я вясковы, з Гервят, таму агранамію выбраў свядома. Наша работа, канешне, мае сваю спецыфіку, без выхадных, але мне яна падабаецца. 

Хоць прымаразкі падпсавалі настрой не толькі галоўнаму аграному, але і механізатарам, тым не менш, хлебаробы не трацяць аптымізму. 

Насенне кукурузы ў «Гервятах» на двух раслінаводчых участках прыгортвалі ў глебу два сучасныя комплексы з дакладнай нормай высеву. «Джон-Дзірам» у счэпцы з агрэгатам «Кінза-3200» кіраваў неаднаразовы пераможца раённага спаборніцтва на вясенне-палявых работах Анд­рэй Махонька. У механізатара за плячыма каля 20 пасяўных кампаній. У апошнія сезоны ён сее збожжавыя, у мінулыя – араў і культываваў глебу. Зазначу, што б ён ні рабіў у полі, вынік – на вышэйшую адзнаку! 

– На сяўбе кукурузы другі год. Самае галоўнае – правільна выставіць норму высеву – гэта звычайна робім сумесна з аграномам. Аптымальная глыбіня закрывання зярнят залежыць ад глебы, характарыстык насення. У кожны адсек – а іх 12 адпаведна колькасці радкоў – змяшчаецца да 30 кілаграмаў кукурузы.

Адной загрузкі звычайна хапае на 25 гектараў, потым трэба папаўняць бункеры. За дзень засяваю да 55-60 гектараў, – патлумачыў прынцып работы сеялкі механізатар. – Пры патрэбе адначасова з сяўбой можна ўносіць мінеральныя ўгнаенні. 

Адметна, што Махонька-малодшы не толькі сее ўраджай, але і ўбірае яго. Тры сезоны запар памагатым у камбайнера быў Эдгар Касевіч. 

– У нас большасць хлопцаў мясцовыя. Некаторыя, напрыклад, як я і Андрэй, працягнулі бацькоўскую справу, – патлумачыў галоўны аграном. – Ёсць механізатары і вадзіцелі, якія ў «Гервятах» працуюць па 30-40 гадоў на адным месцы. 

З кагорты такіх аксакалаў Валерый Герасім, які рыхтаваў глебу пад сяўбу кукурузы. 

– У калгасе з 90-га года, у якасці трактарыста – з 97-га. Усялякае за гэты час здаралася, але такой складанай вясны за апошнія гады не прыгадаю, – зазначыў мужчына. – Прычапны культыватар харошы – і захоп вялікі, і добра зямлю апрацоўвае. Толькі якая тут вільгаць! Раз пройдзеш – а ззаду пыліць. Дажджы патрэбны і цяпло, бо нават трава расці не хоча.

На іншым ускрайку поля від­неў­ся міні-дэсант людзей, якія падбіралі камяні: штогод на некаторых палях яны вырастаюць, нібыта грыбы пасля навальніцы. 

– І адкуль яны толькі бяруцца! На адным участку неяк вырашылі сеяць не ўздоўж, а ўпоперак поля – столькі камянёў павылазіла, што словамі не перадаць, – патлумачыў Эдгар Касевіч. – На гэтыя работы што­дзень прывозім людзей, якія стаяць на біржы. Добрае падспор’е і новы каменепадборшчык. 

Гэты прычапны агрэгат і трактар МТЗ-9213 даверылі Рамуальду Базевічу. 

– Ён двухцыліндровы, аўта­ма­тычна падбірае самыя вялікія ка­мяні. За машынай ззаду ідуць людзі і падымаюць больш дробныя, – расказаў мужчына. – Потым камяні звозім на ўскраек поля, толькі за сёння ўжо 2 крушні ёсць.

На 16 мая гаспадаркі раёна завяршылі масавую сяўбу яравых культур, акрамя грэчкі. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич