Никита Умрихин прошёл торжественным маршем в День Победы по Красной площади Москвы
10:00 / 16.05.2025
Хлопец праходзіць тэрміновую службу ў 5-й асобнай брыгадзе спецпрызначэння, што ў Мар’інай Горцы. Ён прызнаецца: нават уявіць сабе не мог, што яму некалі выпадзе такая ганаровая місія.
– Калі аб’явілі пра мой удзел у парадным разліку, першая думка: не можа быць! Не верылася, што трапіў у лік шчасліўчыкаў. І, ведаеце, гэта пачуццё не пакінула, пакуль не пачалася падрыхтоўка, – усміхаецца малады чалавек. – Адточвалі майстэрства страявой хадзьбы каля 2-х месяцаў.
Дадам ад сябе: не падвёў – ні Мікіта, ні яго таварышы: прайшлі прыгожа, аж дух захоплівала ад гонару за нашых вайскоўцаў, калі глядзела парад па тэлебачанні.
– Па шчырасці, хваляваўся ў пачатку і я, у тым ліку і падчас рэпетыцый у Маскве, – дзеліцца Мікіта. – А вось на ўрачыстасці адчуваў сябе спакойна і ўпэўнена.
Да слова, у каробцы наш зямляк ішоў у першых радах, да таго ж па краі правага фланга – а гэта асобая, накіроўваючая, роля: задаваць тэмп і трымаць накірунак і дыстанцыю.
Асобны момант, які выдзяляе для сябе Мікіта: прывітанне Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам нашага параднага разліку:
– Убачыўшы, што Аляксандр Рыгоравіч устаў з месца і падняў руку ў знак прывітання да нас (гэта было так душэўна, па-бацькоўску), я адчуў гордасць за нас, асаблівы эмацыянальны пад’ём, проста не перадаць словамі. Было вельмі прыемна!
За ўдзел у парадзе на Чырвонай плошчы ў Маскве беларускіх вайскоўцаў узнагародзілі медалямі Расійскай Фэдэрацыі «За ўдзел у ваенным парадзе ў Дзень Перамогі» і Рэспублікі Беларусь «80 год Перамогі».
– Мае першыя армейскія ўзнагароды, ды яшчэ такога ўзроўню – безумоўна, рады, – зазначае вайсковец. – Як і тое, што, калі прыбылі ў Беларусь, нас урачыста вітала кіраўніцтва, у тым ліку і камандуючы сіламі спецыяльных аперацый, іграў ваенны аркестр.
Для Мікіты ўдзел у парадзе – гонар прадстаўляць сваю 5-ю брыгаду і краіну. А для астраўчан – гордасць за земляка: годна служаць нашы хлопцы!
Фота з архіва брыгады.