У школьным музеі ў Міхалішках правялі ўрок мужнасці
Да Дня Перамогі ў нашай краіне асаблівая павага, таму і мерапрыемствы, прысвечаныя яму, праходзяць і напярэдадні, і пасля гэтай даты. Так, нядаўна ўрок мужнасці правялі ў школьным музеі ў Міхалішках.
Удзельнікамі сустрэчы сталі вучні, настаўнікі, старшыня мясцовага сельсавета Кацярына Емяльян, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Кутовіч, старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Ірына Шляхтун.
У невялікім пакойчыку музея, экспазіцыя якога прысвечана жахлівым гадам Вялікай Айчыннай, знайшло адлюстраванне падзей ваенных часоў у Міхалішках. Гэты населенны пункт, непадалёк якого размяшчаўся аэрадром Пастаўскай авіацыйнай школы пілотаў, першы на Астравеччыне трапіў пад удар фашыстаў. Ніхто – ні курсанты, ні мясцовыя жыхары – і ўявіць не маглі, што нядзельная раніца 22 чэрвеня 1941 года стане пачаткам доўгіх цяжкіх выпрабаванняў і пакут.
Голас Левітана, які абвясціў пра вайну; набат Хатыні, як напамін пра ўсіх без віны загінулых; старонкі гісторыі з вуснаў дзяцей… Нават слухаючы расповеды школьнікаў, якія абапіраюцца на дакументальныя факты і ўспаміны землякоў-сведкаў вайны, немагчыма стрымаць эмоцыі. Па скуры прабягае холад, падступаюць слёзы, у думках пульсіруюць пытанні «за што?», «як можна знішчаць сабе падобных?». Міхалішкі – адна з шматлікіх кропак на карце Беларусі, дзе падчас нямецка-фашысцкай акупацыі пацярпела мірнае насельніцтва, асабліва яўрэі.
Прайшло 80 гадоў з Дня Вялікай Перамогі. Міхалішкаўскія нашчадкі герояў памятаюць пра подзвіг продкаў і землякоў – святкуюць 9 Мая і дзякуюць сваім папярэднікам за магчымасць жыць у прыгожай краіне пад мірным небам. І прыходзяць да памятных мясцін аграгарадка, каб моўчкі пастаяць хвілінку і ўскласці кветкі.
#БеларусьПомнит
#нашчадкіПерамогі
#80летПобеды
#кожнытрэці
#мірныялюдзі
#спасибо_за_жизнь
#спасибо_за_мир