Память земляка, ветерана Великой Отечественной войны Здислава Ширинского почтили островецкие школьники
Урачыстасць, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі і ўшанаванню памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Здзіслава Здзіслававіча Шырынскага, адбылася ў астравецкай СШ №2.
Настаўнікі і піянеры дружыны, якая носіць імя франтавіка, сабраліся ля мемарыяльнай дошкі, усталяванай у гонар земляка.
– Мемарыяльная дошка Здзіславу Шырынскаму адкрыта ў 2006 годзе. Ветэран вайны, настаўнік, выдатнік асветы БССР, заслужаны трэнер – гэта ўсё Здзіслаў Здзіслававіч, – прыгадала дырэктар установы Анастасія Багдановіч. – Напярэдадні Вялікай Перамогі, вялікі унёсак у якую зрабіў наш зямляк, мы сабраліся, каб ушанаваць яго памяць і нагадаць маладому пакаленню, якой цаной заваёўвалася іх мірнае, свабоднае жыццё.
– Ведаем, што ў Здзіслава Здзіслававіча быў цяжкі лёс, і гэта яго не зламіла, а загартавала. Чалавек жалезнай волі! Адчуваем асобы гонар, што наша дружына носіць імя такога паважанага адважнага земляка, ён для нас прыклад сапраўднага патрыёта, – заўважыла старшыня савета піянерскай дружыны Сафія Сярпейка. – Да таго ж ветэран працаваў у нашай школе.
Нядаўна дачка ветэрана Людміла Здзіславаўна перадала ў фонд школьнага музея бацькавы фотаздымкі, граматы, Падзячныя лісты, а таксама галоўную сямейную рэліквію – прабітыя снайперскай куляй пасведчанне і металічную пласцінку, якія ляжалі ў гімнасцёрцы франтавіка, і тым самым уратавалі яму жыццё.
– На свае вочы бачыць і мець магчымасць патрымаць артэфакт у руках – такія рэчы маюць асаблівую каштоўнасць, гэта як дакрануцца да гераічнага мінулага, – зазначыла дырэктар школы.
– Рада, што так ушаноўваеце памяць Здзіслава Здзіслававіча, які ваяваў за нашу свабоду, жыў і працаваў на карысць Радзімы і падрастаючага пакалення. Гэта быў сапраўдны патрыёт, Педагог з вялікай літары, пра што сведчаць яго ўзнагароды і прафесійныя дасягненні, гэта чалавек, на якога трэба раўняцца, – звярнулася да ўдзельнікаў урачыстасці дэпутат Астравецкага раённага Савета дэпутатаў па Школьнай выбарчай акрузе Алена Васільчык.
Актывісты піянерскай дружыны ўзгадалі баявы шлях героя-земляка: салдат асобнага армейскага разведбатальёна, курсант Разанскага пяхотнага вучылішча, камандзір пяхотнага ўзвода – ваенныя пуцявіны правялі старшага лейтэнанта Шырынскага паўз Украіну, Польшчу, Германію. Неаднойчы Здзіслаў Здзіслававіч глядзеў у вочы смерці і нават быў на валаску ад яе. Баявыя заслугі нашага земляка адзначаны медалямі “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Варшавы”, “За Одар, Нісу і Балтыку”, ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі і іншымі ўзнагародамі.