Дзе хаваліся жыхары Каценавіч, калі бамбілі Міхалішкі, успамінае Яніна Хадкевіч

09:00 / 08.05.2025

Нашы бабулі і дзядулі – апошнія сведкі той страшнай вайны, носьбіты сапраўднай гісторыі, якую не прачытаеш у падручніках. Іх успаміны неацэнныя, іх мудрасць унікальная, іх прысутнасць сярод нас – найкаштоўнейшая. Напярэдадні 9 Мая ў дзіцячым садзе Варнянскай СШ прайшла сустрэча з, на першы погляд, звычайнай жанчынай – Янінай Іосіфаўнай Хадкевіч, але колькі ў ёй мудрасці, жыццёвага вопыту, цеплыні і шчырасці. З хлопчыкамі і дзяўчынамі наша зямлячка падзялілася, якой запомніла вайну ў дзяцінстве.

Жанчына ўзгадала, што ў 1940 годзе ў вёсцы Каценавічы, у якой яна нарадзілася, адбыўся жудасны пажар: згарэла 7 хат і 7 гумнаў. Падчас пажару яна і яе малодшыя брацікі і сястрычка былі з бабуляй, бо бацькі паехалі на кірмаш. Калі пачала гарэць вёска, бабуля, забыўшыся пра дзяцей, пачала ратаваць скаціну. А Яніна Іосіфаўна, якой было тады 6 гадоў, вынесла з ахопленай агнём хаты сваіх маленькіх брацікаў: спачатку старэйшага Уладыслава, а затым немаўлятку Станіслава. Ці ж не гераічны ўчынак для шасцігадовай дзяўчынкі? А наперадзе яе чакалі новыя выпрабаванні…

Бацькі сталі аднаўляць хату. Здаецца, жыццё пачало наладжвацца, а тут – вайна… Яніна Іосіфаўна са слязьмі на вачах успамінае тыя дні, калі да іх прыйшла гэта жудасная вестка:

“Тата вырашыў ехаць па новыя вокны, якія рабіў знаёмы дзядзька са Швяйлян. Прапанаваў мне з мамай далучыцца і пагасціць у цёткі, якая там жыла. Дарога ў Швяйляны ішла непадалёк ад Міхалішскага аэрадрома. Калі вярталіся назад, дзесьці каля пяці гадзін вечара мы пачулі цяжкі гул самалётаў – было гэта 22 чэрвеня 1941 года. Тата папярэдзіў, што гэта не нашы, бо і іх было шмат, і яны ляцелі ў тры рады. Затым пачуліся моцныя выбухі, падняўся чорны дым. Мы ледзь паспелі пераехаць на сваю дарогу…

Калі бамбілі Міхалішкі, мы з суседзямі залезлі ў наш склеп, які быў самым вялікім у вёсцы, і там сядзелі некалькі дзён. Бацькі выходзілі толькі каб накарміць скаціну і прынесці нам, дзецям, паесці. Аднойчы раніцай тата сказаў, што трэба пераходзіць у лес, бо ў любы момант маглі прыйсці немцы. Памятаю, што тата, дзядзька і аднавяскоўцы капалі тунэль пад зямлёй у два бакі некалькі дзён, а затым мы перабраліся туды. Пад зямлёй было холадна і страшна, асабліва калі над Каценавічамі ляцелі нізка самалёты. Я так баялася, што нават дыхаць было цяжка… Наша дзяцінства было нялёгкае. Мы не мелі ні цацак, ні патрэбнага адзення і абутку, нават і хлеб не заўсёды быў”.


Упэўнена, што кожны з тых, хто быў у той халоднай зямлянцы, цвёрда верыў, што вайна скончыцца і жыццё будзе прадаўжацца, а ўсе выпрабаванні, якія яны перажывалі, былі часовыя. Доказам гэтай глыбокай веры ў светлую будучыню было “нараджэнне суседкай Шабасіхай у зямлянцы хлопчыка, якога назвалі Стаськам”.

Хацелася слухаць і слухаць… Жыццё Яніны Іосіфаўны – гэта прыклад вялікай веры, любові і надзеі. Менавіта гэтыя тры складнікі дапамаглі ёй не проста выжыць, але не згубіць у сэрцы пачуццё міласэрнасці, дабрыні, пашаны, чуласці і спагады, хоць лёс жанчыне ўсё жыццё падкідваў цяжкія выправабанні.

Падчас сустрэчы з Янінай Іосіфаўнай выхаванцы дзіцячага сада паказалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Дзеці вайны”. Дарослыя, якія прысутнічалі ў зале, не маглі стрымаць слёз. Яны цяклі і па твары нашай шаноўнай госці. Слёзы… Як напамін пра тыя жудасныя гады. Як памяць нашчадкаў, якая будзе жыць у нашых сэрцах заўжды…

Мы павінны быць бязмежна ўдзячны таму пакаленню, чыё дзяцінства і юнацтва апаліла вайна. Сёння, на жаль, ужо зусім мала жывых сведкаў, якія помняць тыя гарачыя жудасныя чатыры гады Вялікай Айчыннай вайны і не менш нялёгкі пасляваенны час. Але пакуль яны ёсць, мы маем унікальную магчымасць дакрануцца да жывой гісторыі, пераняць маральныя арыенціры, зразумець сапраўдную цану мірнага жыцця. Кожная такая сустрэча – цаглінка ў падмурку нашай агульнай памяці. Менавіта праз жывыя зносіны сённяшняе маладое пакаленне разумее, што значыць любіць Радзіму, што такое сапраўдны патрыятызм.



Аксана КЕРНА, намеснік дырэктара Варнянскай СШ.