Смотрят ли островчане телевидение и каким передачам отдают предпочтение, узнал корреспондент «АП»

15:00 / 07.05.2025
Калі з’явілася кіно, многія прадказвалі смерць тэатру; калі ў наша жыццё трывала ўвайшоў інтэрнэт, многія песімісты ставяць крыж на тэлебачанні. Ці так гэта і ці глядзяць яго астраўчане, а таксама якім праграмам і каналам аддаюць перавагу, даведаўся карэспандэнт «раёнкі». 

Рыта Лаздоўская, аператар машыннага даення:

– На тэлевізар не хапае часу. З работы вяртаюся позна: павячэрала, памылася – і спаць, а яшчэ і хатнюю работу трэба зрабіць. Зрэдзьчасу ў інтэрнэце праглядваю вашу праграму «ТВА. ТВой Астравец». Вельмі падабаецца вядучы Дзмітрый Каралевіч – харызматычны, прафесійны, цікава расказвае пра раённыя падзеі. А вось хто знаходзіцца па іншы бок камеры, на жаль, не ведаю. 

Юлія Бабойць, настаўнік:

– Мне здаецца, тэлебачанне аджыло сваё. Трывала ў нашым жыцці, у тым ліку прадстаўнікоў старэйшага пакалення, прапісаўся інтэрнэт. Хоць, памятаю, у дзяцінстве з бабуляй і дзядулем абавязкова глядзелі вечаровы выпуск навін; думаю, не я адна, з нецярпеннем чакала «Калыханку». (Усміхаецца.) 

Аляксандр Екіменка, вадзіцель:

– На дачу ў Гіры прыязджаем з Літвы. Работы на вёсцы хапае: то пакасіць, то падфарбаваць ці падмайстраваць штосьці трэба. Калі выпадае вольная хвілінка, магу сабе дазволіць адпачынак перад тэлевізарам. З задавальненнем гляджу фільмы на ваенную тэматыку. Балазе, напярэдадні Дня Перамогі іх трансліруюць па ўсіх беларускіх каналах, таксама ў вас можна паглядзець НТВ, РТР, «Мір».

Валянціна Талочка, прыбіральшчык:

– Канешне, гляджу! Падабаюцца дэтэктывы, асабліва серыял «След». Не прапускаю навіны: без іх нікуды. З любімых каналаў – «Беларусь-1», АНТ, «НТВ-Беларусь». Кажуць, што тэлебачанне знікне, але на мой век хопіць. (Усміхаецца.) У чым яго перавага над інтэрнэтам? Скончылася праграма – выключыў тэлевізар, а вось як зойдзеш у «ЦікТок», то вылезці немагчыма. 

Ганна Шамардзіна, пенсіянерка:

– У маім жыцці ёсць месца для тэлебачання, і ў выбары праграм я дастаткова пераборлівая. З любімых каналаў – «Беларусь-1», «Беларусь-2», АНТ, «РТР-Беларусь». Ніколі не прапускаю выпускі навін, асабліва на палітычную тэматыку. Штонядзелю гляджу перадачу Анд­рэя Малахава «Песні ад усёй душы», дзе выступаюць таленты-самародкі з розных куточкаў не толькі Расіі, але і іншых краін. Неаднойчы ў студыю да вядучага завітвалі і нашы землякі. Праграма гэта падабаецца, таму што і сама займаюся творчасцю ў танцавальным калектыве «Чаромушкі» ў тэрытарыяльным цэнтры. Сачу і за астравецкімі тэленавінамі. Усім, хто мае дачыненне да іх стварэння, жадаю крэатыву, цікавых герояў і сюжэтаў, энергічнасці і здароўя!

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич