Амаль 40 гадоў сябруе за «Астравецкай праўдай” Галіна Лагуцік

12:00 / 06.05.2025

Кожны раз, калі сустракаем сяброў нашай «Астравецкай праўды», якія чытаюць яе, а значыць, любяць і паважаюць, радуемся: мы, журналісты, працуем недарма. І неабавязкова гэта прыхільнікі папяровай газеты – мы вельмі рады тым, хто забягае за навінамі на наш сайт і глядзіць тэлепраграму, і падпісчыкам у сацыяльных сетках – усім старым і новым знаёмым. 

У дзень друку выкарыстоўваем магчымасць сказаць усім вялікі дзякуй за тое, што вы побач, але тым, хто з намі вельмі даўно і, спадзяёмся, назаўсёды, – асаблівая падзяка.

Галіна Лагуцік з Вароны сябруе з раённай газетай без малога 40 гадоў, а памятае яе з маленства – без мясцовай прэсы не прадстаўлялі свайго дня яе бацькі.

– Любімую «раёнку» выпісваю з 1987 года, калі з’явілася свая сям’я і мы перайшлі жыць асобна. Але ведаю яе ўсё жыццё, бо ў бацькоў на стале заўжды была «Астравецкая». 

У маім дзяцінстве яна была не такая, як цяпер: танчэйшая і чорна-белая, толькі ў святочных выпусках назва на першай старонцы вызначалася чырвоным або сінім колерам. І хоць чытаць спярша не ўмела, фотаздымкі глядзела. Потым пра школу замалёўкі пачытвала. 

Калі атрымліваю свежы нумар, пераглядваю ўвесь, нічога не прапускаю – мне ўсё цікава. Асабліва падабаўся праект Ніны Рыбік «Анколаг і я» – вельмі душэўныя, моцныя матэрыялы. Праект пра школьнае жыццё «Альфа і Амега…» люблю – нездарма ж настаўнік! (Усміхаецца.) І цяпер сачу за «Сцяжынкай да школьнага парога» – пра школы, якіх ужо няма на карце Астравеччыны. У некаторых з іх нават не давялося пабываць – у той жа Свіранскай, Чэхскай… Пра маю школу – не, не пісалі: я вучылася тут, дзе працую, – у роднай Варонскай. 

Цікава даведацца, што адбываецца ў раёне. Планёрка ў старшыні райвыканкама кожны тыдзень дапамагае сарыентавацца, і мне гэта падабаецца. «Лёсы людскія» не прапускаю, уважліва «вычытваю» і матэрыялы пра вёскі – яны таксама вельмі жывыя, насычаныя гісторыяй гэтай мясцовасці і людзьмі. Жаночую старонку не прамінаю – «Паміж намі, Евачкамі», гэта як з сяброўкай пагаварыць. 

Сачу за конкурсамі, якія праводзіць газета. Але сама пакуль не ўдзельнічала ў іх, хоць жаданне даўно ёсць. Пакуль не адважваюся. (Смяецца.) Але, мабыць, паспрабую.

А вось друкавацца – бывала: пра школьнае жыццё невялічкія замалёвачкі пісала, пра нашы з дзецьмі падарожжы. 

Неяк былі з вучнямі на экскурсіі ў рэдакцыі, паглядзелі, як нараджаецца газета. Работа ў журналістаў не з лёгкіх: за ўсімі падзеямі трэба паспець, потым іх напісаць, на старонку паставіць, раздрукаваць… Я не змагла б. І не таму нават, што нікім, акрамя як настаўнікам, сябе не ўяўляю, проста карэспандэнт – не маё. (Смяецца.)

Не пагаджуся з меркаваннем, што газету зможа «падсунуць» інтэрнэт. Як па мне, ён больш «на падхопе». Уважліва чытаць, разглядаць фотаздымкі мне спадручней толькі калі трымаю ў руках «паперу». Тады ўсё прапускаеш праз сябе, можаш над атрыманай інфармацыяй паразважаць. У сацыяльных сетках больш кароткія навіны «заходзяць». Гэта зусім іншае. 

Фота з архіва гераіні.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович