Пра сяброўства з “Астравецкай праўдай” расказала Яніна Мацясовіч

17:00 / 05.05.2025
Кожны раз, калі сустракаем сяброў нашай «Астравецкай праўды», якія чытаюць яе, а значыць, любяць і паважаюць, радуемся: мы, журналісты, працуем недарма. І неабавязкова гэта прыхільнікі папяровай газеты – мы вельмі рады тым, хто забягае за навінамі на наш сайт і глядзіць тэлепраграму, і падпісчыкам у сацыяльных сетках – усім старым і новым знаёмым. У дзень друку выкарыстоўваем магчымасць сказаць усім вялікі дзякуй за тое, што вы побач, але тым, хто з намі вельмі даўно і, спадзяёмся, назаўсёды, – асаблівая падзяка.

Ніне Мацясовіч з вёскі Жукойні Жалядскія ідзе 90-ы год, і ўсё часцей падводзіць зрок, але, нягледзячы на гэта, яна выпісвае і з задавальненнем чытае «Астравецкую праўду». Гэтае сяброўства працягваецца не адзін дзясятак гадоў.

– Шчыра кажучы, ужо і не памятаю дакладна, колькі гадоў выпісваю «раёнку» – яна даўно крочыць са мной па жыцці. Яшчэ калі Лёнька быў (муж Ніны Уладзіміраўны, з якім яны шмат гадоў пражылі на адным з хутароў за некалькі кіламетраў ад цяперашняга месца жыхарства. – Заўв. аўт.), увесь час нам газету прыносілі. (Задумваецца.) Мабыць, пачатак 70-х быў, але магу і блытаць. Здавалася б, ад вёскі далекавата да нашай тагачаснай хаты было ісці, але паштальёнка заўсёды прыносіла перыёдыку. Наогул у той час нямала людзей па хутарах жылі: і газеты выпісвалі, і пісьмы адпраўлялі, і пасылкі атрымлівалі – і ўсё своечасова рабілася. 

Газету раённую ад «макулінкі» да «макулінкі» чытаю – усё мне цікава. Пра справы ўлады, палітыку, сельскую гаспадарку, святы рэлігійныя, дасягненні розныя, спорт, моладзь – словам, усё-усё. А як пра людзей, ды яшчэ і знаёмых – дык наогул адарвацца немагчыма. Адно вось дрэнна: вочы падводзяць, усё часцей туман іх засцілае – гады, як ні круці. Дык я праз шкло спецыяль­нае павелічальнае чытаю, пакуль магу. Люблю гэту справу і заўсёды любіла. Хоць часу з-за работы амаль не мела, але хоць крышку, хоць 10 хвілін, але абавязкова для перыёдыкі ці кнігі вылучала. 

Чаго ў газеце не хапае? (Задумваецца.) На мой погляд, дык усе накірункі закранаеце: і людзей паказваеце, і вытворчасць, і вёску. Праўда, на жаль, выміраюць малыя населеныя пункты і нічога не зробіш. Вось і ў нашых Жукойнях Жалядскіх, лічы, усяго некалькі жылых хат засталося. А некалі ж наадварот усё было.

Таму раённай газеце жадаю жыць і быць заўсёды, нягледзячы ні на што. А ўсім супрацоўнікам – здароўя, натхнення, божай міласці і толькі добрага настрою.

З-за сваёй сціпласці Ніна Уладзіміраўна не адзначыла, што і сама была гераіняй артыкула ў «Астравецкай праўдзе». Менавіта з матэрыяла пра звілісты непрадказальны складаны лёс гэтай жанчыны, якому могуць пазайздросціць любыя сцэнарысты, і пачаўся мой шлях у журналістыку. Маленькая мужная жанчына, якая нарадзілася ў Францыі, падчас вяртання з бацькамі на радзіму ў Беларусь перажыла жудасныя пакуты, голад і холад пасляваеннага часу, яна не перастала быць добрым, светлым, інтэлігентным, жыццярадасным чалавекам. А яшчэ – адданым сябрам «Астравецкай праўды».  

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Гавдурович