На франтавым прывале ў раённай бібліятэцы гучалі вершы і песні ваенных часоў

13:00 / 02.05.2025

У гэты дзень кожны, хто заходзіў у раённую бібліятэку, спачатку крыху ніякавеў ад здзіўлення, а затым зацікаўлена далучаўся да гледачоў. І было ад чаго: звыклае фае царства кніг ператварылася ў сапраўдны франтавы прывал з лакацыямі ваеннага часу. У межах рэспубліканскаяга культурна-асветніцкага праекта “Бібліяноч-2025” тут прайшла акцыя “Гукі памяці”, прымеркаваная да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

– Усе цэнтральныя раённыя бібліятэкі краіны далучыліся да гэтага ўсебеларускага марафону ў гонар знакавай даты, якую мы будзем святкаваць 9 Мая, – адзначыла загадчык Астравецкай бібліятэкі Наталля Ачарэтава. – Наша ўстанова, вядома ж, не магла застацца ў баку, мы запрашаем разам успомніць вершы і песні ваенных гадоў.


Нягледзячы на сур’ёзнасць тэматыкі, на франтавым прывале было ўтульна і прыязна. Розныя лакацыі прапаноўвалі адчуць адпаведную атмасферу: ваенная палатка-шпіталь з медыкаментамі; лясная школа, дзе займаліся дзеці; аздобленная ручнікамі і зёлкамі вясковая хата; палявая кухня з непаўторным водарам хлеба і салдацкай кашы. Аднак ад усяго гэтага веела не жахамі вайны, а цеплынёй, згуртаванасцю, верай і надзеяй. Тут панавала ўпэўненасць, што справядлівасць абавязкова пераможа і на свеце ўсталюецца мір.



Падчас акцыі ўвесь час працаваў адкрыты мікрафон, ля якога можна было прачытаць верш ці выканаць песню на ваенную тэму. І ён не пуставаў: супрацоўнікі бібліятэкі, дзеці, а пасля і некаторыя гледачы пранікнёнымі словамі ўшаноўвалі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Ад некаторых вершаў у горле стаяў камок і міжволі вільгатнелі вочы, ад іншых, наадварот, станавілася лёгка на душы і хацелася ўсміхацца. Сярод такіх – гімн неўміручасці і веры ў светлую будучыню папулярная “Кацюша”, якую напрыканцы разам спявалі ўсе, хто прысутнічаў на мерапрыемстве.





“Гукі памяці” ў Астравецкай раённай бібліятэцы не былі гучнымі, шматслоўнымі ці пафаснымі, але яны закранулі душу.

Уражанні

Яўген Капчык:


– Зайшоў пасля рабочага дня здаць кнігу, а тут, аказваецца, такая ўрачыстасць. Я быў у бібліятэцы дзесьці ў сярэдзіне красавіка і яшчэ тады заўважыў, што супрацоўнікі рыхтуюць нейкую экспазіцыю: здымкі, кнігі і атрыбуты ваенных часоў. А сёння ўбачыў, да якой нагоды ўсё ладзілася. Спадабалася. Вядома ж, мы павінны памятаць і ўшаноўваць гадавіну Вялікай Перамогі. Нумары былі такімі пранікнёнымі, шчырымі, творчымі. Вершы пачыталі, песні заспявалі, яшчэ і кашай салдацкай накармілі – пасля працы якраз самае тое. (Усміхаецца.) У мінулым годзе быў на мерапрыемстве “Ноч музеяў” – таксама цікава. Мне падабаецца, што ў адносна невялікім горадзе пастаянна імкнуцца прыдумаць штосьці новае і праводзяць розныя мерапрыемствы.


Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Гавдурович