Пра гісторыю вёскі Косцевічы і яе жыхароў расказвае Іаланта Валуевіч

11:00 / 08.04.2025

Усе вёскі падобны адна на адну, але пры гэтым у кожнай ёсць свая адметнасць, нейкая асаблівая рыса. У Косцевіч некалькі адрозненняў ад іншых тыповых беларускіх паселішчаў. Першае, што кідаецца ў вочы, – хаты, раскіданыя далёка адна ад другой і ад дарогі. Другое – у вёскі дзве назвы: афіцыйная і жартоўная. 

Тапонімы

Першапачаткова вёска называлася Якубавічы – па імені ўладальніка, аднаго з князёў Свірскіх Якуба. Затым назва змянілася на Косцевічы. 

Не раз задумвалася над паходжаннем гэтай назвы. У слоўніку В. Жучкевіча знаходжу тлумачэнне, што яна ўтворана ад прозвішча Касцевіч. Я таксама была ўпэўнена, што яна паходзіць ад уласнага імя кагосьці з уладальнікаў. Але такіх не знайшлося. Тады звярнулася да мясцовых жыхароў. Дапамагла Ганна Памецька. Яна, хоць і не карэнная жыхарка Косцевіч, але жанчына дапытлівая і мудрая, многае расказала з гісторыі вёскі. 

Ганна і Віктар Памецькі

Ганна і Віктар Памецькі

Ёсць думка, што назва вёскі звязана з падзеямі вайны з Напалеонам. Ганна Браніславаўна выказала меркаванне, што тапонім паходзіць ад слова «косць». Старажылы расказвалі, што побач з вёскай меліся два пахаванні французскіх салдат. Муж Ганны падлеткам бегаў з аднагодкамі даследаваць тыя капцы. Не раз хлапчукі знаходзілі чарапы, чалавечыя і конскія косці, гузікі, рэшкі збруі і зброі, шабляў. Магчыма, некалі нехта вырашыў пабудаваць дом побач з гэтымі капцамі, «на касцях» – так і сталі называць вёску, якая неўзабаве ўзнікла. 

Касцявяне

Касцявяне

А з палавіны мінулага стагоддзя вёску сталі жартам называць Турцыяй. Меўся свой «султан». Напачатку 50-х тут арганізавалі калгас, брыгадзірам прызначылі Казіміра Памецьку. Ён быў відны, валявы, патрабавальны і строгі да людзей. Старшыня калгаса жартам называў Казіміра Адамавіча султанам. Мянушка прыклеілася – і засталася з ім да канца жыцця. Ну а вёска, адпаведна, стала «Турцыяй». 

Косцевіцкая моладзь называла сябе «касцявяне».

Красамоўныя назвы палёў, лясоў, балот, што побач з вёскай: Высмалы – лес, дзе варылі смалу; Мох – балота; на Лысай гары некалі жыў лысы чалавек; Бондарыха – тут некалі жыў бондар, які рабіў бочкі; Альбініха, Корпусава… 

Легенда

Даляцішкі – лес і балота далёка ад вёскі, таму так і называецца. 


Пра гэтае балота раней хадзіла нядобрая слава. Адносна нядаўна калгасны механізатар ішоў на добрым падпітку позняй восенню ў суседнюю вёску і вырашыў спрастаць дарогу, пайсці праз Даляцішкі. Толькі зайшоў у балота і пачуў, як пяшчотны жаночы голас стаў зваць яго: «Юзюк, Юзюк…» Мужчына пайшоў на голас і забрыў у самы гушчар. Тут зайграла скрыпачка, і той жа голас загадаў мужчыне танцаваць. Юзюк танцаваў на кургане полечку, пакуль, змораны, не заснуў. А калі развіднела, то не мог зразумець, як ён сярод багны, на невялікім курганку, змог утрымацца. Расказаў сябрам на працы, пастанавіўшы пры гэтым больш у рот не браць гарэлкі, ды быў высмеяны. Але хадзіць праз балота сталі асцерагацца ўсе. 

Гісторыя

  • Косцевічы згадваюцца ў гістарычных крыніцах як сяло Якубавічы ва ўладанні гаспадарскага маршалка князя Якуба Свірскага. У 1616 годзе – уласнасць Мікалая Невядомскага, які прадаў маёнтак з вёскай каралеўскаму сакратару Войцеху Хлюдзінскаму. Пасля яго смерці ў 1628 годзе – ва ўладанні манахаў-кармелітаў кляштара Усіх Святых.
  • Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) вёс­ка – у складзе Расійскай імперыі. У 19-м стагоддзі вёска – у складзе казённага маёнтка Жэлядзь, дзяржаўная ўласнасць у Аляксандраўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. Адносілася да Жалядскай сельскай грамады. У 1866 годзе – вёска і засценак: 18 двароў, 220 жыхароў, 89 сялянскіх душ. Належала, як і цяпер, да Жалядскай парафіі.
  • У пачатку 20-га стагоддзя Косцевічы ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні. У 1905 годзе тут 202 жыхары, 431 дзесяціна зямлі. З верасня 1915 і да снежня 1918 года была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. З красавіка 1919 да ліпеня 1920 і з кастрычніка 1920 года – войскамі Польшчы. 
  • З 1922 года – у складзе Польшчы. У 1938 годзе тут 41 двор, 205 жыхароў.
  • З 1939 года Косцевічы ў складзе БССР. З 12.10.1940 года – цэнтр сельсавета Свірскага раёна Вілейскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны, з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года, вёска была акупіравана фашысцкімі захопнікамі.
  • З 31.08.1959 года – у Астравецкім раёне. У 1970 годзе тут 101 жыхар, у 2004 годзе – 18 двароў і 42 жыхары. 
  • На сённяшні дзень у Косцевічах 9 двароў і 17 жыхароў.
  • У 20-я гады 20 стагоддзя польскія ўлады рассялілі вёску па хутарах, іх вакол вёскі было больш за 20. Пасля вайны іх ссялілі назад, і вёска аднавілася.
  • Сельсавет быў створаны ў Косцевічах 12 кастрычніка 1940 года. Першым старшынёй яго быў мясцовы жыхар Віталь Ясюль, а яго дачка Марыя працавала сакратаром. Косцевіцкі сельсавет размяшчаўся ў доме на два канцы Міхновіча-Апрышкі ў пачатку вёскі, які стаіць і зараз, толькі належыць ужо трэцім гаспадарам. У 1954 годзе сельсавет перанесены ў Спонды, там ён існаваў да 2013 года.
  • Цяпер Косцевічы ў складзе Міхалішкаўскага сельсавета.
Калгас 

Напачатку 50-х у вёсцы стварылі калгас імя Алега Кашавога. Старшынёй абралі Бабіча, брыгадзірам – ужо згаданага Казіміра Памецьку. У 1954 годзе, калі цэнтр сельсавета перанеслі ў Спонды, 7 калектыўных гаспадарак, якія дзейнічалі на тэрыторыі сельсавета, аб’ядналі ў 3. Косцевічы ўвайшлі ў склад калгаса «Ясная Паляна». З 1970 года вёска ў калгасе «Савецкая Беларусь», з 2001 да 2010 года – у складзе СВК «Страча». З 2010 года ўваходзіць у СВК «Міхалішкі», а з 4 лістапада 2016 года – КСУП «Міхалішкі». 

Тут быў сельсавет

Тут быў сельсавет

У 1952 годзе тут пабу­давалі калгасную ферму. Першымі даяр­камі былі Саламея Маляўка, Юзэфа Сако­віч, Стэ­фанія Лось, Зофія Кан­чанін, Галіна Памецька. Яны даілі ўруч­ную па 20 ка­роў. Загадчыцай фермы доўгі час працавала Гелена Памецька. 

Існавала малочна-таварная ферма да 2011 года. Апошнімі даяркамі косцевіцкай фермы бы­лі Ганна Барыбіна, Ганна Памецька і Ядвіга Гутовіч. Яны неаднойчы займалі першыя месцы па надоях. 

Даяркі

Даяркі


Школа

З прыходам савецкай улады ў вёсцы была адкрыта пачатковая школа ў доме Канчанінаў, якія выехалі ў Польшчу. Першай і адзінай настаўніцай з’яўлялася Ніна Аляксандраўна Памецька. 

Пачатковая школа

Пачатковая школа

Вучні Косцевічскай пачатковай школы з настаўніцай Нінай Аляксандраўнай Памецька

Вучні Косцевічскай пачатковай школы з настаўніцай Нінай Аляксандраўнай Памецька

Пачатковую школу зачынілі ў 1972 годзе, калі ў Спондах пабудавалі новую тыповую сярэднюю.

Вяскоўцы 

Як сведчыць прыхадская кніга 1875 года, самыя папулярныя прозвішчы ў Косцевічах – Памецькі (15 сямей), Ласі – 5, Міхновічы – 3, Субачы – 2, а яшчэ Мацясовіч, Саковіч, Таль, Шапель, Мілька, Маляўка, Шымковіч, Лаўрыновіч усе яны захаваліся і праз стагоддзе. Дабавіліся і новыя: Канчанін, Родзь, Дуброўскі, Бароўскі, Хаткевіч, Гутовіч, Вашкевіч, Апрышка. 

Вёска славілася мнагадзетнымі сем’ямі. У 1875 годзе было 6 сямей, дзе выхоўвалася па 5 дзяцей, 7 – па 4 і 10 – па трое. 

Мясцовая моладзь

Мясцовая моладзь

У сямідзясятых гадах мінулага стагоддзя па чацвёра дзяцей выхоўваліся ў сем’ях Вашкевічаў, Дуброўскіх і двух сем’ях Бароўскіх. У Вацлава і Алімпіі Памецькаў было 10 дзяцей, з іх 2 пары хлопчыкаў-блізнюкоў і дзяўчынкі-трайняты. 

У вёсцы вяселле

У вёсцы вяселле

Дарогі

Як і ў большасці тагачасных вёсак, вуліцы ў Косцевічах увосень і ўвесну былі непраязнымі. Настаўніца Валянціна Ільінічна Крэміс успамінала, як увосень 1970 года яны з мужам атрымалі новенькія «Жыгулі» і, шчаслівыя, гналі іх дадому ў Жукойні Жалядскія. У Косцевічах іх радасць змянілася на прыкрасць: не змаглі праехаць! Мусілі вярнуцца назад і па аб’язной дарозе дабірацца ў Жалядзі. 

У 1971 годзе да вялікай радасці кіроўцаў і ўсіх вяскоўцаў тут пабудавалі гравійную дарогу, а ў 1989-1990 гадах праз вёску пралажылі асфальт.

Майстры

Спакон веку ў Косцевічах жылі працавітыя людзі, якія ўсё ўмелі рабіць сваімі рукамі. 

Уладзімір Міхновіч знакаміты каваль, рабіў усё сельгасначынне. Сярпы Міхновічу заказвалі нават з далёкіх вёсак, бо такія вострыя ні ў каго не атрымліваліся. Яшчэ ён клеіў шчоткі для валасоў са свінога шчаціння – круг­лыя, на ручцы, яны выконвалі адразу дзве функцыі: расчэсвалі валасы і масіравалі галаву. 

Іван Дуброўскі – майстар-шапавал, ён рабіў самы патрэбны зімовы беларускі абутак – валёнкі, якія ў нашай мясцовасці называюць вайлакамі. У вёсцы трымалі шмат авечак. Старыя людзі казалі: авечка – вакол чалавечка: яна і карміла, і адзявала, і абувала. На стале – капуста з баранінай, на галаве – шапка з авечай воўны, на руках – рукавіцы, на целе – світар і кажух, на нагах – шкарпэткі і валёнкі. Шапавалы былі ў многіх вёсках, кожны меў свой сакрэт. Але слава пра вайлакі Дуброўскага распаўсюдзілася далёка, да яго прыязджалі заказваць цёплы ўтульны абутак з усяго раёна.

На хутары Ядабор, што побач з Косцевічамі, жыў Клімен­цій Лаўрыновіч, Клімка, як яго называлі ў акрузе, чырвона­дрэўшчык, самы здольны вучань вядомага майстра Ягелы. Ён майстраваў вокны, дзверы, колы, табурэткі, зэдлі, крэслы. А потым навучыўся рабіць камоды і шафы. Яго мэбля карысталася попытам у мясцовага насельніцтва. Клімкавы шафы стаялі ў многіх дамах: двухдзверныя, прыгожа фарбаваныя раслінным арнаментам або хвалістым узорам бягучай вады, з каванымі вечкамі, аздобленыя адмысловай фурнітурай.

Віктар Памецька працаваў на Мінскай мастацкай фабрыцы токарам-разьбяром па дрэве. А яшчэ ён адмысловы музыка, слынны ў акрузе баяніст. Адзін ці ў пары з Адольфам Памецькам іграў на ўсіх бяседах у наваколлі. Нейкі час нават працаваў загадчыкам Спондаўскага клуба. Жонка, якую прывёў у бацькоўскі дом з суседняй вёскі, спявае ў касцёльным хоры, дочкі Алёна і Марына таксама пявунні. 

Дарэчы, усіх іх называлі Паціхонавымі. Чаму? Гісторыю паходжання мянушкі, што прыклеілася да іх сям’і, расказала жонка Віктара Ганна Браніславаўна. Дзед яе мужа быў удзельнікам вайны і ў якасці трафея прывёз патэфон – на той час дзіва-дзіўнае! З той радасці, што кармілец вярнуўся жывы, сабралі суседзяў.

Вядома ж, завялі патэфон. Вяскоўцы, пагасціўшы, павесяліўшыся і натанцаваўшыся пад дзіўны агрэгат, хлебасольнага гаспадара празвалі Паціхонам. Можа, яшчэ і пагэтаму Віктар стаў слынным баяністам? Дарэчы, на мянушку Памецькі не крыўдзіліся. А як інакш разабрацца, пра каторых Памецькаў размова? Іх у Косцевічах шмат…

Антон Міхновіч – ліквідатар Чарнобыльскай аварыі. Рыгор Ракіцкі – марак, служыў на Поўначы. Бярнард Канчанін – сувязіст на спондаўскай АТС. Ізыдор Памецька – ляснік. Былі ў вёсцы свае механізатары і шафёры. Многа мужчын былі заняты на жывёлагадоўчай ферме. 

А жанчыны працавалі ў калгасе, утрымлівалі дом, гаспадарку, гадавалі дзяцей, ткалі, шылі, пралі і песні спявалі.

Ядвіга і Яхім Саковічы

Ядвіга і Яхім Саковічы

Юзэфа Саковіч  – майстрыха на ўсе рукі: шыла, ткала абрусы, дываны, вышывала, вязала кручком карункі.

Марыя Памецька – бухгалтар.

Вядомыя пявунні – Алена Памецька, Зося Канчанін, дзве Гэлі Памецькі, Салюня Маляўка.

Моладзь пакалення 70-80-х атрымала розныя спе­цыяль­насці: Алена Памецька, Людміла Памецька, Андрэй Памецька сталі настаўнікамі; Вільгельміна Памецька – бухгалтарам, Марына Памецька – ветэрынарам… 

Толькі ніхто з іх не застаўся ў роднай вёсцы.

Землякі ганарацца Нінай Памецька, якая пайшла па слядах сваёй маці, першай настаўніцы ў Косцевічах. У 1979 годзе яна закончыла філфак БДУ з чырвоным дыпломам, затым аспірантуру інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН Беларусі. У 1985 годзе абараніла дысертацыю па тэме «Ваенная лексіка ў старабеларускай мове» і атрымала вучоную ступень кандыдата філалагічных навук. З 1994 года Ніна Казіміраўна – дацэнт кафедры беларускага і тэарэтычнага мова­знаўства філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У спісе яе навуковых работ каля 50 публікацый, выдадзеных у нашай краіне і за яе межамі. 

Ніна Казіміраўна захавала ў сваім сэрцы любоў да роднага краю, роднага слова і блізкіх яе сэрцу людзей. Многія з яе публікацый адлюстроўваюць асаблівасці гаворак Астравеччыны, напрыклад: «З лексікі вёскі Косцевічы», «Так кажуць на Астравеччыне» і іншыя. 

Дзякуючы навуковым працам Ніны Казіміраўны некалі ўнукі ці праўнукі касцевічан, магчыма, прачытаюць і захаваюць у сваіх сэрцах словы, якімі размаўлялі іх продкі. 

Бо бягуць гады, змяняюцца часы, падзеі, людзі, і толькі адно застаецца нязменным, непарушным і вечным – любоў да месца, дзе ты нарадзіўся і вырас…

Іаланта ВАЛУЕВІЧ.

 Сардэчна дзякую за дапамогу ў зборы інфармацыі Ганне Памецька і Алене Лаўрыновіч.

Фотаздымкі з сямейнага архіва Г.Памецька і А. Лаўрыновіч.