Да акцыі “Дай лесу новае жыццё” далучыліся прадстаўнікі ўлады, дэпутацкага корпусу, прафсаюза, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў
Хтосьці з вялікіх сказаў: калі ты хочаш пачуць птушыныя спевы, не купляй клетку – пасадзі дрэва. Дружна, спорна і згуртавана сёння гэта рабілі прадстаўнікі раённай улады, дэпутацкага корпусу, грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь”, партыі “Белая Русь”, галіновых прафсаюзных арганізацый і працоўных калектываў. У межах добраахвотнай рэспубліканскай акцыі, якая працягнецца да 12 красавіка, яны пасадзілі тысячы сеянцаў.
Да слова, да гэтай добрай ініцыятывы ўжо далучылася не адна сотня гараджан і жыхароў нашага раёна: школьнікі, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў, ваеннаслужачыя, валанцёры.
Стаць удзельнікам акцыі проста – дастаткова звярнуцца ў Астравецкі вопытны лясгас. Так і зрабіла кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Мядзвецкасам, прадстаўнікі дэпутацкага корпусу на чале са старшынёй Савета дэпутатаў Генадзем Бычко, актывісты грамадскіх аб’яднанняў і галіновых прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу і работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. У другую палавіну дня цэлы дэсант (налічыла звыш 70-ці чалавек!) высадзіўся ў адзін з кварталаў Астравецкага лясніцтва ўзбоч дарогі ў накірунку аграгарадка Дайлідкі.
Разбіўшыся на пары і ўзброіўшыся мячамі Колесава і пасадачнымі трубкамі, удзельнікі прыступілі да работы. Дарэчы, садзілі яны сеянцы двухгадовай елкі і аднагадовай сасны, якія вырашчаны ва ўласным лесагадавальніку.
– Старт гэтай ініцыятыве Міністэрству лясной гаспадаркі даў у 2024 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Галоўная мэта акцыі – лесааднаўленне пасля разгулу леташняй ліпеньскай стыхіі. На шчасце, наш лясны фонд не пацярпеў, але ўжо стала традыцыяй, што жыхары нашага раёна і вясной, і восенню з задавальненнем удзельнічаюць у розных акцыях, такіх як “Пасадзі сваё дрэва”, “Чысты лес”, – расказаў дырэктар Астравецкага вопытнага лясгаса Рыгор Долгі. – Удзячны ўсім, хто сёння садзіць лес, і далучыцца да акцыі на працягу тыдня.
За некалькі гадзін, дзякуючы намаганням нераўнадушных да роднага краю астраўчан, на чатырох гектарах з’явіліся новыя “жыхары” – сеянцы сасёнак і елак, якія, верыцца, абавязкова некалькі стануць лесам!
Слова ўдзельнікам
Сяргей Мядзвецкас, старшыня райвыканкама:
– Лес – гэта інвестыцыі ў будучыню, а лесааднаўленне – вельмі важная справа, асабліва ўлічваючы наступствы для лясной гаспадаркі мінулагодняй стыхіі.
Актыўна прымаюць удзел у акцыі “Дай лесу новае жыццё” ўсе арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Змена роду дзейнасці вельмі станоўча ўплывае на кожнага нашага супрацоўніка, таму можна сказаць, што гэта наш карпаратыўны цім-білдзінг.
Генадзь Бычко, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Упэўнены, што мы робім патрэбную і карысную справу. Калісьці Еўропа хацела выдзяляць гранты для захавання нашых унікальных балот і лясоў, якія лічацца лёгкімі гэтай часткі Свету. А сталася так, што мы самі ратуем Еўропу.
Іван Карніла, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:
– Працуем ў пары з Наталляй Вікенцьеўнай, і пакуль што ў перадавіках. (Усміхаецца.) Думаю, выкажу меркаванне большасці ўдзельнікаў, што садзіць лес мы ехалі з вялікім жаданнем і добрым настроем. Працаваць на ўлонні прыроды – адно задавальненне.
Наталля Баніцэвіч, кіруючы справамі, старшыня раённай арганізацыі ГА БСЖ:
– Можна сказаць, у мяне сёлета невялікі юбілей: 10 гадоў, як пастаянна ўдзельнічаю ў пасадцы лесу на астравецкай зямлі, а яшчэ каля 8-мі гадоў рабіла гэта на Валожыншчыне. І работнікі райвыканкама, і актывісткі нашай жаночай арганізацыі – пастаянныя ўдзельнікі акцый па пасадцы дрэў. Гэта наш унёсак для будучых пакаленняў.
Алена Ярашэвіч, галоўны рэдактар раённай газеты, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:
– Супрацоўнікі “Астравецкай праўды” заўсёды далучаюцца да ўсіх акцый па пасадцы дрэў, навядзенні парадку. Так часцінку сваёй працы мы ўкладаем у агульную добрую справу. Мне здаецца, што ў Год добраўпарадкавання кожны павінен штосьці зрабіць для сваёй малой Радзімы, і неістотна – пасадзіць дрэва ці сабраць у лесе смецце. Толькі разам мы зробім наш край прыгажэйшым.
Кацярына Ігнацьева, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва:
– Ведаю, што акцыі “Дай лесу новае жыццё” толькі другі год, але гэта добрая і вельмі патрэбная справа. У аналагічных мерапрыемствах па пасадцы лесу ўдзельнічаю пастаянна.