Мужики, или Что знают мужчины
Калі хлопчык становіцца дарослым, ці адрозніваецца мужчына ад мужыка, пра што мараць і чым цікавяцца прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, хто святкуе Дзень абаронцаў Айчыны, а таксама пра свае мары карэспандэнту «АП» расказалі школьнікі.
Ёсць рэчы абавязковыя
Міша Пяткевіч, аг. Варняны:
– Сапраўднага мужчыну адрозніваюць учынкі – яны павінны быць добрымі. Да прыкладу, дапамагаць дзяўчынкам: абараніць ад хлопчыкаў, якія дужэйшыя. І добра вучыцца таксама.
Дарослым мужчынам абавязкова трэба хадзіць на працу, каб зарабіць грошы на жыццё; умець напілаваць і пасекчы дровы; забіць цвікі; адрамантаваць машыну, на якой ездзіць сям’я; дапамагаць па дому жонцы – рэчы скласці нармальна. А яшчэ кармушкі для птушак рабіць з дрэва, пластыкавых бутэлек – шмат з чаго, каб дзеці потым маглі насыпаць у іх зярняты і развесіць на галінкі. Хлопчыкі пакуль яшчэ малыя, таму нас да гэтай справы не дапускаюць, малаткі і цвікі не даюць, каб не параніліся.
Я як мужчына пакуль не магу столькі ўсяго ўмець… Але ўжо пілу бензінавую ў руках трымаў і дровы дапамагаў складваць!
Размовы розныя
Андрэй Лісоўскі, аг. Варняны:
– Я хлопчык, значыць мужчына – і ўзрост тут нічога не азначае. (Сур’ёзна.) І, як мужчына, кажу: мы любім пагаварыць пра ўсё, абмеркаваць розныя пытанні, падзяліцца навінамі.
Дарослыя, напрыклад, цікавяцца адзін у аднаго пра справы; пра тое, як што пабудаваць; пра работу – кожны пра сваю пераказваюць; пра машыны: што зламалася, колькі «бярэ», колькі без прыпынку можа праехаць. Альбо прыколы смешныя з інтэрнэту разам пераглядаюць – гэта я так думаю. А яшчэ – пра рыбалку! Толькі не калі з вудачкай сядзяць (тады павінна быць цішыня), а калі ўжо не ловяць.
А хлопчыкі звычайна размаўляюць, калі тусуюцца: з горкі катаюцца, у басейне плаваюць, весяляцца, на дыскатэкі ходзяць, у гульні іграюць. Хлопчыкам цікавыя розныя тэмы, напрыклад, якую мадэльку з «Лега» зрабіць. Звычайна я прыношу ў школу гэты канструктар і мы з аднакласнікамі майструем усялякія машынкі.
Недзявочыя справы
Кірыл Бразевіч, аг. Варняны:
– Пакуль што я хлопчык. Калі вырасту і мне споўніцца дзесьці 20 ці 29 гадоў, стану дарослым мужчынам – тады пайду працаваць.
Мужчынскіх работ многа. Напрыклад, можна займацца будаўніцтвам, быць дырэктарам школы альбо шафёрам аўтобуса, кіраваць камбайнам ці трактарам, рамантаваць свет у дамах, працаваць салдатам…
Я дакладна вызначыўся: буду ваенным – 2 разы ўжо бачыў такіх людзей. Ведаю, што яны носяць прыгожае адзенне – сапраўднае, ваеннае; гуляюць у праціўнікаў, каб пастаянна трымаць сябе ў форме.
Салдат – гэта складаная работа, а яшчэ небяспечная, таму што трэба ўвесь час быць пільным і дужым, каб ахоўваць планету ад разрушальнікаў. (Задумваецца.) Вышыні не баюся, таму хацеў бы стаць ваенным лётчыкам, каб сачыць за абстаноўкай у небе…
Мужык – гэта сур'ёзна
Міша Кавалеўскі, аг. Варняны:
– Мужчына крыху слабейшы за мужыка. Калі кажуць мужык, гэта значыць чалавек дужы, працалюбівы… Мой тата – мужык! І я буду такі, як ён.
Хутка 23 лютага – гэта Дзень абаронцаў Айчыны, значыць дзень татаў – мужыкоў, бо яны ваявалі за нашу Радзіму ў арміі. Пра гэта свята мне мама расказала. Яно крыху тычыцца і хлопчыкаў. Ім дораць падарункі, гавораць віншаванні, робяць нешта прыемнае.
(Летуценна.) Эх, думаю, тым, хто хадзіў армію, дораць 2, а то і 3 падарункі, бо гэта сапраўдныя мужчыны! А мы (хлопчыкі) пакуль толькі рыхтуемся служыць.
Рабілі ў школе для татаў падарункі – нам Святлана Уладзіміраўна ідэйку падказала. Але я не скажу, што зрабіў, бо хачу, каб гэта было сюрпрызам для таты.
Служыць абавязкова
Андрэй Керна, в. Газа:
– Кожнаму хлопчыку трэба хадзіць у армію, каб стаць смелым, навучыцца страляць і ўмець хутка апранацца – гэта мне тата расказваў. Ён быў пагранічнікам і абараняў Радзіму.
У арміі займаюцца спортам: бегаюць навыперадкі, 20 разоў падцягваюцца… Я пакуль што 5 разоў магу падцягнуцца. О, у арміі яшчэ сабак дрэсіруюць – вялікіх і пародзістых, такіх, як нямецкія аўчаркі. Хоць у салдата ёсць аўтамат і каска, але яны не дапамогуць знайсці небяспечныя рэчывы, а сабака гэта зробіць лёгка.
Калі я пайду служыць, хачу быць пагранічнікам. Буду сядзець у лесе, сачыць, каб дрэнныя людзі не праніклі на нашу тэрыторыю – у Варняны. І асабовы агляд буду праводзіць – ад галавы да самых пятак; і дакументы ва ўсіх, хто ідзе праз лес, правяраць, самае галоўнае – машыну праверыць!
Пакуль у мяне ёсць толькі школьныя сябры, а калі адслужу, будуць і армейскія.
Дужыя, бо трэніруемся
Віця Кяжун, аг. Трокенікі-1:
– Вядома, мужчыны будуць дужэйшымі за жанчын, бо яны трэніруюць сваю сілу! Гэта ўсё робіцца не за адзін раз, а паступова. Бывае ў «качалку» ідуць, бывае бегаюць, ну і калі работай фізічнай займаюцца – таксама загартоўваюць мышцы.
Я, напрыклад, магу цэглу насіць, капаць бульбу, касіць газоны газонакасілкай – вось табе і трэніровачкі. А дзяўчынкі такой работы не зробяць, ды і не абавязаны – гэта выключна мужчынская справа.
Лічу, што ёсць такія заняткі, якія хлопцы робяць лепш за дзяўчат: пясок возяць, аруць мотаблокам поле. Пра рамонт машын зусім асобная справа: мужчыны хутка разбіраюцца, што як устроена, умеюць карыстацца адвёрткай, шрубавёртам і ведаюць, што рабіць з паломкай. А жанчыны могуць толькі завесці машыну і ехаць.
А вось ежу прыгатаваць… Не, мужчына лепш за жанчыну гэтага не зможа – у маёй мамы вельма смачна ўсё атрымліваецца. (Усміхаецца.)
Патрэбны сіла і розум
Данік Раманаў, аг. Варняны:
– Калі разважаць лагічна, пакуль не магу назваць сябе мужчынам, бо яшчэ маленькі, але ўжо рыхтуюся ім стаць – расту. (Сур’ёзна.)
Дакладна ведаю, што любы мужчына павінен быць дужым і разумным. Дужым – каб абараняцца, напрыклад, ад ворагаў – гэтаму вучаць у арміі, для таго хлопчыкі туды і ходзяць. Сіла патрэбна і для таго, каб цяжкія хатнія справы рабіць, з якімі жанчына фізічна не справіцца. А разумным трэба быць, каб дапамагчы сыну прыклады рашыць. І кемлівасць таксама патрэбна мужчыне: нешта зламалася – знайсці праблему, зразумець, як адрамантаваць.
Каб быць кемлівым, трэба вучыцца – у школе і ва ўніверсітэце, асабліва займацца матэматыкай. І чытаць буквар – тады, калі ў цябе будзе жонка і народзіць сына, ты зможаш яму чытаць казкі! А сілу можна трэніраваць па-рознаму, напрыклад, мне падарылі баксёрскую грушу – баксірую.
Разважаючы пра мужчынскае жыццё-быццё і расказваючы пра свае мары, мае юныя сябры з веданнем справы зазначалі: пачуць у свой адрас «Мужык!» – гэта высокая ацэнка, значыць, чалавек талковы, паважаны.
У такім разе, хлопцы, жадаем вам стаць сапраўднымі мужыкамі і прыкладам для іншых! І са святам, нашы будучыя абаронцы Айчыны!