Новае апавяданне Ніны Рыбік «Не плюй у калодзеж»

17:00 / 27.01.2025


У чаканні турыстычнага аўтобуса пе­рон запаўняўся людзьмі, чама­да­намі, грувасткімі валізкамі. Мары­на з ці­каў­насцю назірала за буду­чымі спа­да­рожнікамі. 

…Вось, любоўна перасварваючыся («Аказваецца, і перасварвацца можна з любоўю, – зазначыла пра сябе. – Так часта бывае ў людзей, што пражылі ра­зам шмат гадоў».) перакладваюць рэчы з вялізнага чамадана, які трэба паставіць у багажнае аддзяленне, у сумку, што возьмуць у салон, муж і жонка. «Навошта ты набрала столькі яды? Калі ты яе есці збіраешся?» «Я ж не для сябе – для цябе, ёлупень! Нібы не ведаю твае апетыты! А не з’ясі, то ў аўтобусе людзей шмат, пачастуем!»

…Не могуць разняць рукі закаханыя: хлопец з заплечнікам, відаць, ад’язджае, дзяўчына з льняной сумачкай – застаецца. Бедная, не можа стрымаць слёз, туліцца, глядзіць умольна… А юнак гладзіць яе па валасах механічна, крадком зацікаўлена зіркаючы па баках. «Не вернецца ён да цябе, прыгажунька, – сумна ўздыхае пра сябе Марына. – Наплачашся яшчэ…»

…Маці ў каторы раз паўтарае даросламу сыну, што боршч – у халадзільніку, катлеты – у маразілцы, расказвае, чым карміць ката і як паліваць кветкі…

«Цікава, хто стане маім суседам? – Марына ацэньваюча ўзіралася найперш у тых турыстаў, якія, мяркуючы па ўсім, ехалі ў вандроўку, як і яна, у адзіночку. І з зайздрасцю і глыбіннай крыўдай невядома на каго паглядвала на сябровак – такіх было некалькі пар, – якія шчабяталі, перакладваючы ў сумкі адна другой касметыку, таблеткі, харчы.

…Яна таксама збіралася ў гэтае «незабыўнае падарожжа па трох еўра­пей­скіх сталіцах», як зазыўна абяцаў рэк­ламны постар, з каляжанкай. Дакладней, яна-то якраз і не збіралася – Наташка спакусіла яе, адвечную дамаседку, на гэтую авантуру. 

– Колькі можна дома сядзець? – ушчувала яна Марыну. – Як сказаў класік? Адпачынак даецца раз у год, і правесці яго трэба так, каб было што ўспомніць доўгімі зімовымі вечарамі!

– Мікалай Астроўскі так гаварыў не пра адпачынак, а пра жыццё ўвогуле. Да таго ж словы былі крыху іншыя! – адбівалася Марына.

– Ай, не прыдзірайся, кніжны чарвяк! – адмахвалася Наташка. – Я магу табе яшчэ адну цытату прывесці. Калі не памыляюся, Марк Твен сцвярджаў, што напрыканцы жыцця мы будзем шкадаваць толькі аб тым, што мала кахалі і мала падарожнічалі. Супраць Марка Твена ў цябе няма пярэчанняў?

– Я ўвогуле не маю пярэчанняў супраць каго б то ні было, асабліва супраць класікаў. Хоць далёка не ўсе іх выказванні падыходзяць мне ў якасці жыццёвага крэда. Проста ў мяне крыху іншае ўяўленне пра адпачынак. Для мяне гэта – канапа, плед, кніга. У крайнім выпадку – сад бабы Нюры і лес за яе агародам, – спрабавала растлумачыць сяброўцы сваё нежаданне ехаць невядома куды невядома за чым Марына.

– Да бабы Нюры з’ездзіш, калі вернемся, – у цябе яшчэ будзе вагон часу! Кнігу можна і ў дарозе чытаць – ехаць доўга, аўтобус камфартабельны… А канапу і плед пакінь на нудную восень і зіму, яшчэ бокі забаляць валяцца. А цяпер давай паедзем, свет паглядзім!

І, убачыўшы, што Марына вагаецца, уключыла забаронены прыём:

– Ну калі ласка, сябровачка, дарагая мая! Ты ж ведаеш: мне без цябе ніякая вандроўка не ў кайф… 

І Марына, уздыхнуўшы, пагадзілася…

А калі да паездкі заставалася два тыдні, Наташка прыйшла зніякавелая.

– Прабач, Марынка, але я не магу па­ехаць.

– Чаму? Што здарылася?

– Мне дыягназ паставілі…

– Які дыягназ? Ты пра што? Захварэла?

– Так, сяброўка, захварэла… А дыягназ той, якога ўсе баяцца. Рак…

– Ды кінь ты! Зноў шуткуеш? – не паверыла Марына, падумала, што сяброўка, адвечная выдумшчыца і жартаўніца, у чарговы раз хоча яе разыграць. Адкуль у Наташкі, якая была ўвасабленнем энергіі і бадзёрасці, можа ўзяцца рак? Яна заўсёды ў клопатах, на бягу, робіць адначасова безліч спраў і вырашае 100 праблем, 99 з якіх – не яе ўласныя. І ўсё – весела, з усмешкай, на пазітыве. І раптам – рак… Ды ў каго заўгодна, толькі не ў Наташкі!

Але такімі рэчамі не жартуюць… І вочы ў сяброўкі былі не такімі, калі яна задумвала чарговы розыгрыш, без чорцікаў і смяшынак на донцы. Цяпер там, у цёмным віры, хаваўся стоены страх.

– Можа, памылка? – зазірнуўшы ў той цёмна-сіні вір, ужо сур’ёзна спытала Марына, наперад ведаючы, якім будзе адказ.

– Ды не, не памылка, – уздыхнула Ната­ша і схавала вочы. – Сама да апошняга спа­дзявалася. Але сёння ўсё пацвердзілася… Ужо і аперацыю прызначылі… Якраз на той дзень, калі мы павінны галопам па Еўропах выпраўляцца… Так што паедзеш адна, – сумна ўсміхнулася Наташа.

– Я?! Без цябе?! Ды нізавошта! – замахала рукамі Марына. – Ты мяне падбіла на гэтае падарожжа, а цяпер хочаш пакінуць? Не, без цябе я не паеду!

– Сябровачка мая дарагая, – Наташа абняла Марыну. – Ты павінна паехаць! Я так марыла ўбачыць Берлін, узняцца на Эйфелеву вежу, пагуляць па Амстэрдаме… Зрабі гэта ты. За мяне! Дзеля мяне… Калі ласка! Я вельмі цябе прашу…

…І вось сёння, заскочыўшы па дарозе ў бальніцу і даведаўшыся, што Наташу прааперыравалі, што яна знаходзіцца ў рэанімацыі і стан у яе сярэдняй ступені цяжкасці, Марына перадала сяброўцы запіску, ваду, вільготныя сурвэткі – больш нічога не ўзялі – і выправілася на вакзал…

…Нарэшце пад’ехаў аўтобус. Натоўп ажывіўся. Турысты ставілі ў багаж чамаданы, спяшаліся заняць указаныя гідам месцы. Той прафесійна спраўляўся з просьбамі і патрэбамі разнашэрснага натоўпу, якому на бліжэйшы тыдзень належала стаць калектывам, а яму – яго кіраўніком. «А можна нам побач сядзець? У нас дзве сяброўскія пары…» «Калі лас­ка, пастаўце мой чамадан бліжэй, мне трэба будзе на прыпынку ўзяць што-кольвечы…» «Скажыце, як часта плануюцца санітарныя прыпынкі?» Павел ветліва і тактоўна адказваў, тлумачыў, стараўся задаволіць просьбы.

– Ваша месца адразу за вадзіцельскім, ля акна, – папярэдзіў ён Марыну, адзна­чыўшы яе ў спісе. 

Яна падзякавала і падумала пра сябе: пэўна ж, Наташка паклапацілася, каб ёй было зручней.

– Чаму гэта вы ўселіся на маё месца? – адарваў яе ад думак хрыплаваты жаночы голас.

Марына ўзняла галаву. Над ёй у ваяўнічай позе стаяла жанчына, якая толькі што вучыла сына паліваць кветкі і карміць ката.

– Прабачце, але гэта маё месца. Тут на кожнай сядушцы ляжалі паперкі з прозвішчамі пасажыраў. Ваша, я разумею, гэта? – падала яна жанчыне паперку на суседнім сядзенні

– Хм-м… «На сядушцы…» Дзярэўня! – перадражніла будучая суседка Марыну і, схапіўшы паперку з прозвішчам, выскачыла з аўтобуса.

Праз хвіліну яе рэзкі голас ужо даносіўся з перона. 

– Я хачу сядзець ля акна! Мне гэта прос­та неабходна! – даводзіла яна Паўлу

«Падобна, не пашанцавала мне з суседкай», – уздыхнула Марына

– Прабачце, Марына Уладзіміраўна, не маглі б вы… – праз хвіліну гід стаяў побач і глядзеў на яе ўмольнымі вачыма.

– Магла б, – не дала яна яму дагаварыць. – Мне без розніцы, дзе сядзець. Каля праходу нават зручней – хутчэй можна выйсці на прыпынку.

– Дзякуй вам вялікі, – узрадаваўся гід і звярнуўся да крыклівай жанчыны, якая нецярпліва пераступала з нагі на нагу ў яго за спінай. – Калі вам так трэба, сядайце ля акна. Ваша суседка саступае вам месца.

Скандалістка ніяк не адрэагавала. З выглядам пераможцы праціснулася да акна, уселася і, насунуўшы глыбока на твар капюшон, адвярнулася.

Марына недаўменна паціснула плячыма ў адказ на ўдзячны і адначасова прабачальны позірк гіда. 

…Суседзямі цераз праход аказалася сямейная пара Логінавых, Ларыса і Вадзім, з якімі яны тут жа пазнаёміліся. Ледзь крануўся аўтобус, Ларыса раза­слала акуратную сурвэтку на адкідным століку, разлажыла смажаную курыцу, памідоры, агуркі. Запрасілі і Марыну да «стала». Яна ахвотна далучылася са сваімі бутэрбродамі, піражкамі і гарбатай. Павячэралі, разгаварыліся.

«Добра, што я перасела», – абмяр­коў­ваючы з новымі знаёмымі дэталі будучай вандроўкі, падумала Марына. Яе суседка так і сядзела, адвярнуўшыся, і нешта цішком жавала.

Наперадзе іх чакаў доўгі начны пераезд. Суседзі, нагаварыўшыся, разлажылі сядзенні і, падсунуўшы пад галовы зручныя дарожныя падушачкі, задрамалі. Марыне ж не спалася. Яна дастала прыпасеную ў дарогу кнігу, уключыла верхняе святло над сваёй сядушкай. Але не паспела перагарнуць старонку, як лямпачка патухла: суседка без лішніх слоў націснула кнопку выключальніка.

«Падобна, вандроўка сапсавана яшчэ да яе пачатку, – думала Марына, узіраючыся бяссоннымі вачыма ў чорную стужку дарогі, якую выхоплівалі фары аўтобуса. –  Тыдзень такога суседства ніякая Эйфелева вежа не ўратуе. Не кажучы ўжо пра Брандэрбургскія вароты… А калі яшчэ нас у адным пакоі паселяць, то хоць ты бяры білет на самалёт ды ўцякай дахаты!»

Суседка, падобна, таксама не спала: круцілася, штурхалася  – калі б не ўзняты падлакотнік, Марына, мусіць, звалілася б. Яна маўчала: не ўздымаць жа скандал у заснуўшым аўтобусе… 

Але суседку такія дробязі, падобна, турбавалі мала. Неўзабаве яна расштурхала прыдрамаўшага гіда:

– Паслухайце, я магу сесці на ва­дзіцелькія крэслы? Яны ж усё роўна пус­туюць. Ажно два! А мне тут пакутуй! – красамоўна глянула яна на Марыну. 

«Такое ўражанне, што яна з-за мяне пакутуе, – са здзіўленнем падумала Марына. – Хоць на самой справе наадварот».

– Не, не можаце, – прадраўшы вочы, адказаў гід катэгарычна. – А ў чым, уласна кажучы, справа?

– Справа ў тым, што вы пасадзілі мяне з самай тоўстай жанчынай у аўтобусе! Яна заняла сваё сядзенне і палову майго, а мне хоць у паветры павісні! 

Марына захлынулася ад такога нахабст­ва! Яе, якая пільна сачыла за фігурай і тры разы на тыдзень хадзіла на фітнес, абазвалі таўстухай! Ды яшчэ і звалілі ўсё з хворай галавы на здаровую: гэта ж яе суседка вось-вось выпіхне ў праход! 

А тая, не звяртаючы ўвагі на яе абурэнне, працягвала ўжо жаласлівым голасам:

– Я ні на хвілінку вокам не звяла! Вы ж павінны ўлічваць габарыты пасажыраў, плануючы рассадку! Мне трэба адпачыць, я мінулую ноч не спала, а цяпер вось ізноў!

Але гід быў няўмольны:

– Прабачце, але гэта вадзіцельскія месцы. Тое, што пакуль ніхто з іх не адпачывае, не азначае, што іх можна займаць. А вы, мушу нагадаць, ведалі ўмовы падарожжа, калі набывалі тур. Калі хацелі ся­дзець асобна, то трэба было даплаціць – у вас была падобная магчымасць.

– Няма ў мяне такой магчымасці! – гырк­нула жанчына. – Памер маёй пенсіі не дазваляе мне рабіць падобныя даплаты. І так ледзь нашкрабла на гэты тур, яшчэ і ў даўгі ўлезла. А вы за такія грошы маглі б лепш клапаціцца пра сваіх падапечных. Я пасля вяртання напішу адпаведны водгук пра вашу работу.

– У вас ёсць такое права, – буркнуў Па­вел. За дрэнныя водгукі кліентаў з іх здымалі прэміяльныя, і скандалістка, падобна, ведала гэта.

Суседка зноў адвярнулася да акна, пры­ціснуўшы сваім азадкам Марыну ўш­чыль­ную да падлакотніка… 

На санітарных прыпынках да Марыны падыходзілі пасажыры, якія сядзелі непадалёк і сталі міжвольнымі сведкамі скандалу, і тыя, каму пераказалі яго сутнасць з красамоўнымі падрабязнасцямі, спачувалі:

– Не пашанцавала вам з суседкай…

Нехта раіў не спускаць, паставіць на месца нахабніцу. Марына толькі паціскала плячыма: яна катэгарычна не ўмела «ставіць на месца» і сварыцца, у канфліктных сітуацыях звычайна саступала, маўчала. Колькі ні вучыла яе Наташка «стаяць за сябе», яна так і не адолела гэтую навуку. Ведала свой характар: калі ўвяжацца ў якую зваду, то потым адпакутуе больш, чым калі застанецца пераможанай. Таму звычайна моўчкі пакідала «поле бітвы» як у сямейных канфліктах, так і ў грамадскіх. Адзінае: старалася ніколі і ніякім чынам не стасавацца з людзьмі, якія свядома і нахабна крыўдзілі яе, білі па самых балючых кропках.

Вось і цяпер на прыпынках яна старалася выйсці як мага хутчэй і не перасякацца з суседкай. Ды і тая, падобна, не імкнулася да стасункаў з кім бы то ні было: пакінуўшы аўтобус, адыходзіла ўбок і прагна смаліла адну цыгарэту за другой амаль увесь адведзены на перапынак час. Марыну ж цешыла абяцанне
Паўла, што ў атэлі яны са сваёй суседкай будуць жыць у розных нумарах і нават на розных паверхах.

Калі перасеклі граніцу, да яе падышоў малады чалавек. 

– Я выпадкова пачуў пра вашу праб­лему. Так сталася, што я сяджу адзін. Праўда, на самай «камчатцы»… Мог бы перасесці да вас, для мяне гэта не прынцыпова. Наперадзе нават лепш – агляд большы. Калі, вядома, вашу суседку такі варыянт задаволіць. 

Марына ўзрадавалася прапанове. На перамовы адправілі Паўла. Скандаль­ная суседка з радасцю пагадзілася пе­райсці ў канец аўтобуса, але заняць два сядзенні. Юнак, які назваўся Сашам, аказаўся студэнтам-старшакурснікам. Быў ён ветлівым і тактоўна-паслужлівым: падаваў руку пры выхадзе з аўтобуса, прапускаў наперад у чарзе, дапамагаў дастаць чамадан з багажніка. Да таго ж негаваркім: без асаблівай патрэбы не даставаў з вушэй слухаўкі ад смартфона. Марына ўздыхнула з палёгкай: вандроўка наладжвалася, уцёкі дахаты на самалёце адмяняліся. 

…Тры сталіцы зачаравалі. Салідны і прос­ты, як нямецкі бюргер, Берлін; вытанчаны і далікатны, увесь у карунках каваных балкончыкаў Парыж; нечаканы, незразумелы, парадаксальны Амстэрдам… Марына прагна ўпітвала інфармацыю, якую падавалі экскурсаводы, не шкадуючы грошай, ехала на ўсе дадатковыя экскурсіі – варта пабачыць і даведацца як мага больш, раз ужо выбралася ў гэтую Еўропу… І галоўнае – трэба ж будзе Наташцы прадаставіць поўную і маляўнічую справаздачу! 

…Марына была ўдзячна сяброўцы, што тая спакусіла яе гэтай вандроўкай, якая аказалася на дзіва цікавай, пазнавальнай, прыгожай, эмацыянальнай. І шкадавала толькі аб адным: што побач няма Наташкі, з якой можна было б падзяліцца ўражаннямі. Тая так марыла ўзняцца на Эйфелеву вежу, пастаяць ля сцен рэйхстага, на якім у 45-м распісаўся яе дзед-франтавік, на свае вочы ўбачыць квартал чырвоных ліхтароў у Амс­тэрдаме… 

Марына ўжо прыдумала, з якім сюрпрызам прыйдзе да сяброўкі ў бальніцу адразу ж пасля вяртання. Сувенірныя развалы з кітайскімі магнітамі, сумкамі і талеркамі абыходзіла бокам, толькі бясконца шчоўкала камерай, запаўняючы памяць смартфона. Адно, што не змагла абмінуць, – фабрыку французскай парфумы, якую прапаноўвалі ў якасці дадатковай – і, вядома ж, небясплатнай! – экскурсіі. Вытанчаныя водары былі самай вялікай – пасля падарожжаў, вядома! – слабасцю Наташкі.

Перад зваротнай дарогай у Амстэрдаме ім выдзелілі некалькі гадзін вольнага часу, параіўшы, як правесці яго з максімальнай карысцю. Марыну, праўда, гэта не вельмі ўзрадавала: яна ўмудралася заблудзіцца нават у родным горадзе, што ўжо казаць пра чужы, ды яшчэ і без ведання мовы. Але не сядзець жа ў зачыненым аўтобусе адной тры гадзіны! Насядзіцца яшчэ на зваротным шляху… І яна пацягнулася ўслед за Логінавымі, з якімі паспела за час падарожжа амаль што пасябраваць, спадзеючыся, што яны лепш арыентуюцца ў нязвыклай прасторы.

Фатаграфуючы арыгінальныя клумбы, Марына не заўважыла, як адбілася ад сямейнай пары. Калі зразумела, што засталася адна, яе ахапіла паніка. Што рабіць, дзе шукаць аўтобус? Але прымусіла сябе супакоіцца: панікаваць не варта, без яе дахаты не паедуць, будуць шукаць. Неяк жа знойдуцца… 

Паспрабавала сарыентавацца – і пайшла ўздоўж канала, па набярэжнай якога, помніцца, яны ішлі падчас экскурсіі, у бок, дзе, як ёй здавалася, павінен быць цэнтр, а значыць – стаянка іх аўтобуса.

…Крык «Дапамажыце!» перш узрадаваў: там свае, падкажуць, куды ісці! І амаль адразу ж напалохаў: нешта здарылася! Яна стрымгалоў кінулася ў нешырокую вулачку, якая цягнулася ад канала ўглыб і чым далей, тым больш звужалася. Думкі, што там можа быць небяспечна, што яна яшчэ больш заблудзіцца, не ўзніклі: падобна, суайчынніку патрэбна дапамога, магчыма, нават некаму з іх групы.

За трэцім паваротам яна ўбачыла жанчыну, што стаяла на каленях і ўжо не крычала, а толькі плакала, спрабуючы нешта сабраць з бруку. Марына на хвіліну спынілася, гэта была яе нядаўняя скандальная суседка, імя якой яна так і не даведалася і якую ўсю вандроўку старалася абыходзіць бокам. Але ж цяпер жанчыне, падобна, патрэбна дапамога... 

Марына перасіліла сябе і прысела побач:

– Што здарылася? 

– Вось… – раскрыла тая далоні, на якіх ляжалі нейкія дэталі. – Тэлефон разбіла… Новенькі... Айфон… Сын падарыў на дзень нараджэння…

– Не было б большай бяды, – усміхнулася Марына. – Яшчэ адзін падорыць. Падымайцеся, пойдзем да аўтобуса.

– Ёсць, ёсць большая бяда, – гучней заплакала жанчына. – У мяне ўкралі…  Сумачку з пляча сарвалі… А там усё: пашпарт, кашалёк… Я толькі ўзяла ў рукі тэлефон, каб здымак зрабіць, а нейкі барадаты бэйбус наляцеў ззаду, схапіў за рэмень… Я паспрабавала бараніцца, ды дзе там… Толькі тэлефон разбіла, – яна зноў раскрыла далоні з рэшткамі новага айфона.

– Гэта ўжо горш, – пакруціла галавой Марына. – Але ў любым выпадку трэба шукаць аўтобус. Разам нешта прыдумаем. Падымайцеся, – працягнула яна жанчыне руку. – Мяне, дарэчы, Марына завуць. А вас? 

– Юля, – скрозь усхліпы прамовіла ня­даўняя суседка і паспрабавала падняцца

І тут жа, войкнуўшы, зноў апусцілася на брук. 

– Нага…

– Што нага?

– Баліць…

– Пакажыце!

Марына агледзела нагу – яна ўвачавідкі сінела і распухала. Паспрабавала дакрануцца – жанчына войкнула і тузанулася. 

– Падобна, пералом, – зрабіла відавочную выснову Марына

– Скуль вы ведаеце? Вы што, урач? – са страхам глядзела на яе знізу ўверх старая новая знаёмая.

– Ды не, не ўрач, але сякі-такі досвед у гэтай справе маю. Я медсястра, працую ў траўматалогіі, – асцярожна ашчупва­ючы нагу, гаварыла Марына. – Здаецца, усё не вельмі страшна. Падобна, шчыкалатку зламалі. Але дакладна ўрач скажа пасля рэнтгенаўскага здымка. Цяпер жа трэба змайстраваць з чаго-небудзь шыну і зафіксаваць нагу… Пасядзіце, я пашукаю…

Як на тое, паблізу не было нічога, што можна было б прыстасаваць у якасці шыны. Марна было шукаць нешта падыходзячае ў невялікім Марыніным заплечніку.

Яна скіравалася да бліжэйшага дрэва і паспрабавала адламіць сук.

– Што вы робіце? – прастагнала Юля. – Зараз з’явіцца паліцыя, вас аштрафуюць!

– Я на гэта моцна спадзяюся! – раздражнёна адказала Марына. – Тады вам акажуць кваліфікаваную дапамогу. І дапамогуць нам дабрацца да аўтобуса. А са штрафам потым разбярэмся…

Але паліцыя не з’яўлялася. Вуліца ўво­гу­ле нібы вымерла – ні прахожага, ні веласіпедыста, з-за якіх на цэнтральных вулі­цах немагчыма прайсці. «Ну канешне, нашто ім? Тады б давялося яшчэ і ра­баўнікоў шукаць!» – злуючыся на чужы непрыветны горад, на неразваротлівую паліцыю, на бесталковую Юлю, якую менш за ўсё хацелася ратаваць, на саму сябе, што аказалася ў непатрэбны час у непатрэбным месцы, ламала непадатлівую гольку Марына. 

Урэшце тая падалася. Абцерабіла, прыкруціла да Юлінай нагі сваім шалікам, дапамагла падняцца.

– Абапрыцеся на мяне. Можаце прыступаць? Хоць крышачку…

– Трошкі магу…

– То давайце рухацца да канала. Там прасцей зразумець, дзе цэнтр. Вы, дарэчы, помніце, у які бок ісці да аўтобуса? Бо я заблудзілася. Таму і крык ваш пачула…

– Ох, як добра, – выдыхнула Юля

І тут жа паправілася:

– У сэнсе – мне пашанцавала, што вы заблудзіліся…

– У вас, дарэчы, страхоўка ёсць? – удакладніла Марына.

– Ёсць, – прастагнала Юля. – Але яна ў сумачцы… Разам з пашпартам…

– Чым далей, тым лепей...

Яны паціху чыкільгалі да канала, ад якога яна збочыла, пачуўшы крык аб дапамозе.

– Давайце перадыхнём крышку, – папрасіла Юля, калі параўняліся з лавачкай

Марына ўзрадавалася гэтай прапанове, хоць і разумела, што ім варта спяшацца: адведзены на самастойнае знаёмства з горадам час даўно мінуў. Але цягнуць на сабе Юлю было цяжка, праз якую сотню метраў яна задыхалася.

– Я вас папрасіць хачу, – абазвалася Юля, калі яны прыселі на лавачку.

– Аб чым? – насцярожылася Марына.

– Калі ласка, запішыце нумар майго сына. Патэлефануйце яму, калі мінеце граніцу. Мне, напэўна, давядзецца застацца на некалькі дзён… Без пашпарта, без страхоўкі, без грошай, – яна зноў расплакалася. – Не ўяўляю, што буду рабіць.

– Дыктуйце, – дастала тэлефон Марына.

– Але спадзяюся, што ўсё абыдзецца, – дадала яна, зарэгістраваўшы новы кантакт, які абазвала як «Сын Юлі». – Галоўнае – дабрацца да аўтобуса. А там Павел што-небудзь прыдумае. Упэўнена, што ў яго практыцы гэта не першы падобны выпадак.

– І яшчэ… – Юля мякка ўзяла яе за руку.

– Што? – Марына інстынктыўна вызва­лілася і адсунулася падалей, помніла, як Юля паводзіла сябе ў першы дзень іх вандроўкі, і чакала падвоху.

– Марына, вы прабачце мяне, калі ласка…

– За што?

– За мае паводзіны ў атобусе ў першы дзень… Праўду казала бабуля: не плюй у калодзеж, давядзецца вады напіцца. А я смяялася: з іншага нап'юся, калі захочацца, калодзежаў шмат. Але ж во як усё павярнулася… Не знайшлося іншага калодзежа, акрамя таго, у які плюнула.

Марына пільна паглядзела ў вочы Юлі, разважаючы: шчыра гаворыць жанчына ці толькі стараецца задобрыць яе, каб не кінула тут, на лаўцы, пасярод чужога горада? Тая не адвяла позірк. 

– Добра, што ў вас хапіла мужнасці зразумець і прызнаць гэта, – памаўчаўшы, адказала Марына

Яна імпульсіўна абняла Юлю – тая адказала тым жа.

– Зрэшты, досыць размоў, – паднялася Марына. – Трэба ісці…  

Яны зноў паціху пасунуліся да канала. Марына амаль цягнула на плячах Юлю, якая скакала на адной назе, крышку абапіраючыся на другую і кожны раз ускрыкваючы ад болю, калі дотык быў больш рэзкі.

І тут – о, шчасце! – убачылі Паўла, Ма­рыніных суседзяў Сашку і Вадзіма Логінава. Яны выправіліся на пошукі, устрывожаныя працяглым спазненнем дзвюх турыстак, якія, па агульным меркаванні, ніяк не маглі быць разам...

…Павел і сапраўды хутка і прафесійна «разруліў» сітуацыю: звязаўся з паліцыяй, затым – з консульствам, узяў даведку для перасячэння граніцы. Юлі налажылі гіпс, турысты скінулі ў скарбонку, якую Павел зрабіў з бляшанкі з-пад піва, еўрыкі, якія ў каго засталіся, і для пацярпелай купілі мыліцы. Аўтобус, хоць і з вялікім спазненнем, рушыў у зваротны шлях. Двайное сядзенне, якога так дамагалася жанчына, аказалася цяпер для яе як нельга больш дарэчы. 
Усе, найперш сама Марына, ужо забыліся пра інцыдэнт у першы дзень падарожжа, шчыра спачувалі і дапамагалі Юлі. З граніцы яна патэлефанавала яе сыну, расказала, што здарылася. Аўтобус на вакзале сустракала машына «хуткай дапамогі» і ўстрывожаны юнак. Усе парадаваліся, што ўсё закончылася добра, і, абмяняўшыся тэлефонамі, якія, ведалі, наўрад ці калі спатрэбяцца, раз’ехаліся... 

…На наступны дзень пасля вяртання Марына ўжо сядзела ў бальнічнай палаце каля ложка Наташы. Сяброўка хоць і была больш бледнай і трохі схуднелай у параўнанні са сваім звычайным румянцам на пухлых шчочках, але гаварыць пра аперацыю не хацела, адмахвалася: «Потым, потым…» 

Але вочы яе іскрыліся ўсмешкай – гэта парадавала Марыну больш за ўсё.

– Што пра мяне гаварыць – аперацыя як аперацыя, як ва ўсіх, – у адказ на яе роспыты паціснула плячыма Наташка. – Лепш ты расказвай! Як паездка? Што бачылі? Які горад найбольш спадабаўся? Што ўразіла? – засыпала яна пытаннямі, не даючы адказаць ні на адно з іх. 

– Ды што ты ўсё распытваеш? Сама паглядзі і ўспомні, што табе найбольш спадабалася, – паклала Марына на калені сяброўцы фотаальбом.

Тая раскрыла яго – і захоплена войкнула.

…З кожнага фотаздымка глядзела ўсмеш­лівая Наташка: на ганку рэйхстага, каля Эйфелевай вежы, на вуліцах Амстэрдама… Найбольш сама, дзе-нідзе – разам з Марынай.

– Марынка, ты чараўніца, – узняла яна павільганелыя вочы на сяброўку. – Як гэта табе ўдалося? 

– Не я чараўніца – фоташоп, – развяла тая рукамі. – Ну, яшчэ майму Косціку давялося ноч пачараваць…

– А гэта, каб не сумнявалася ні ты сама, ні іншыя, што ты была ў Парыжы, – падала яна флакончык французскіх духоў.

– Божа, які цуд! – удыхнула водар Наташа. – Я пра іх усё жыццё марыла! 

Наташка тут жа папырскалася парфумай і застыла ў асалодзе.

А потым абняла Марыну.:

– Дзякуй, мая дарагая! Ты выканала ўсе мае жаданні!

І дадала:

– Абяцай, што мы з табой яшчэ вернемся ў Парыж і праедзем па гэтым жа маршруце! І будуць у нас такія самыя здымкі, толькі ўжо без цудоўнага ўдзелу Косціка.

– Абавязкова! – засмяялася Марына.– Тым больш я там ужо ўсё ведаю. Нават вузкія вулачкі Амстэрдама, па якіх не гуляюць турысты.

– Што, без прыгод не абышлося? – хітравата падміргнула Наташа. – У мяне дык ніколі не абыходзіцца. Спадзявалася, што ты, такая спакойная, нікуды не ўлезеш…

– Дык я ж гуляла за цябе! То і карму тваю забрала. Разам з прыгодамі.

– Раскажаш?

– Абавязкова! Але іншым разам. Мяне папярэдзілі, каб доўга цябе не займала, сказалі, што табе трэба больш адпачываць.

– Заўтра прыйдзеш?

– Абавязкова! Буду праведваць цябе кожны дзень і карміць не толькі сырнікамі і катлетамі, але і расповедамі пра нашу з табой вандроўку!

– Цудоўна! – запляскала ў далоні Наташка.

І тут у Марыны ў сумачцы завібрыраваў тэлефон. На экране высвецілася «Сын Юлі». З незразумелай трывогай яна націснула на зялёны мікрафон.

– Алё, Марына? – пачула яна знаёмы ўжо голас.

– Так, Юля. Добры дзень. Як вашы справы? Як нага?

– Вас цікавяць мае справы? – голас у трубцы зрабіўся рэзкім і грубым, як у першы дзень у аўтобусе. – То я вам раскажу… Ведаеце, у мяне незразумелым чынам знік з рукі залаты бранзалет. Я так думаю, менавіта тады, калі вы ў Амстэрдаме ратавалі мяне. Я, вядома, вельмі ўдзячна вам за дапамогу, але вы занадта дорага яе ацанілі. Я папярэджваю: калі вы не вернеце бранзалет, то я вымушана буду звярнуцца ў міліцыю!
Марына, не даслухаўшы, націснула чырвоную кнопку адбою.

– Так, Наташка, мы абавязкова паедзем з табой у Парыж! – памаўчаўшы нейкі час і спрабуючы супакоіцца пад дапытлівым позіркам сяброўкі, нарэшце загаварыла яна. – Але толькі ўдваіх! Без цябе я больш – анікуды! – прамовіла Марына – і заблакіравала апошняга абанента.
Текст: Нина Рыбик