Падчас акцыі “Наш жывёлавод” узнагародзілі працаўнікоў РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”

14:30 / 24.12.2024

У апошнія перадсвяточныя калядныя дні 11 працаўнікоў РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” атрымалі Падзякі і падарункавыя сертыфікаты ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Малочная вытворчасць саўгаса прадстаўлена МТК “Падольцы” і “Рытань”, туды, а таксама на ферму “Кемелішкі” завіталі прафсаюзныя лідары раёна Юрый Адула і гаспадаркі Алеся Шыманэль, галоўны бухгалтар райкама Марыя Станкевіч, спецыялісты па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анастасія Крывіцкая і саўгаса “Падольскі” Ала Завельская.




З калектывамі госці абмеркавалі некалькі пытанняў: правядзенне кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі, прафілактыку вытворчага траўматызму, выкарыстанне ў цёмны час святлоадбівальных элементаў.

На МТК “Рытань” адзначылі жывёлавода Ірыну Бервячонак, аператараў машыннага даення Тэрэсу Наневіч, Аксану Трыбоцкую. Даярцы Святлане Баран прафсаюзная пярвічка саўгаса зрабіла сюрпрыз: пуцёўку ў санаторый “Нарачанка”.






Не менш узнагароджаных было і на ферме “Кемелішкі”, дзе павіншавалі жывёлаводаў Святлану Будзько, Тэрэсу Марцінкевіч, Марыну Нагелу і Ганну Татун. Дарэчы, многія працаўніцы гэтага жывёлагадоўчага аб’екта не ўпершыню сталі гераінямі прафсаюзнай акцыі.

На комплексе “Падольцы” ўшанавалі жывёлаводаў Ганну Вашкевіч, Леаніда Кімстача і аператара малочнага абсталявання Руслана Саўко.

Наша газета пісала пра тое, што на МТФ “Падольцы” працуюць індусы – яны папоўнілі прафсаюзныя шэрагі саўгаса.





З першых вуснаў

Святлана Баран:

– Прыемна, што нашу работу бачаць і цэняць і кіраўніцтва, і прафсаюзы. Некалькі гадоў назад з напарніцамі занялі 3-е месца ў раёне сярод аператараў машыннага даення, якія працуюць на комплексах.

Абавязкова скарыстаюся пуцёўкай і з’езджу ў санаторый, каб крыху адпачыць і змяніць абстаноўку.

Святлана Будзько:

– На ферме ў Кемелішках працую больш за 20 гадоў. Спачатку была даяркай, цяпер даглядаю бычкоў. Радуе, што нашы прафсаюзы не забываюць пра нас і кожны год падчас зімне-стойлавага перыяду прыязджаюць з падарункамі.


Фота з архіва райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Текст: Алёна Ганулич