Пра што ўчастковы інспектар размаўляў з вучнямі Альхоўскай школы

11:00 / 28.11.2024

Што такое крымінальная адказнасць, якія віды адказнасці яшчэ існуюць і чым адрозніваюцца – пра гэта вучні Альхоўскай сярэдняй школы даведаліся падчас сустрэчы са старшым участковым інспектарам Яўгенам Арлоўскім у межах  праекта “Права для ўсіх”, які рэалізуецца ў Міхалішкаўскай сельскай бібліятэцы.

На гэты раз супрацоўнік міліцыі расказаў пра крымінальную адказнасць, яе віды і структуру, падкрэсліўшы, што кожнае правапарушэнне мае наступствы. Крадзеж, разбой, хуліганства – гэтыя і іншыя злачынствы былі дэталёва разгледжаны і прааналізаваны. Школьнікі зразумелі, што кожны такі праступак прыводзіць да сур’ёзнай адказнасці.

Яўген Арлоўскі таксама растлумачыў падлеткам пра размежаванне пакаранняў. Яны даведаліся, у якім выпадку можна атрымаць штраф, а за што прадугледжаны арышт, папраўчыя работы ці толькі папярэджанне.



Узгадаў участковы інспектар і пра крымінальны кодэкс, спыніўшыся на асноўных артыкулах і звярнуўшы ўвагу прысутных на тое, з якога ўзросту яны могуць быць прыцягнуты да адказнасці.

У канцы сустрэчы падлеткі спыталі, што іх цікавіла, і атрымалі кампетэнтныя адказы.



Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, Астравецкая раённая бібліятэка.