Калгас “Чырвоны Кастрычнік”. Як гэта было: успамінае галоўны бухгалтар Марыя Бекіш
Папулярную некалі песню Аляксандры Пахмутавай са словамі «И Ленин такой молодой, и юный Октябрь впереди», без якой не праходзіла ніводнае святкаванне чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» у свой час зрабілі сваім неафіцыйным гімнам, крыху памяняўшы словы: «Рынкевич такой молодой и «Красный Октябрь» впереди». Доля праўды ў тым была: калгас, якім 43 гады кіраваў Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч, заставаўся флагманам па ўсіх паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне. Як гэта было, успамінаюць спецыялісты, якія ў розныя гады працавалі ў «Чырвоным Кастрычніку».
«Мы былі адной камандай»
Марыя Бекіш, галоўны бухгалтар з 1971 па 2006 год.
Марыя Бекіш, Ганна Берняковіч, Кацярына Каваленка
– Родам я з Мядзельскага раёна. Закончыла Ашмянскі тэхнікум і ў 1967 годзе па размеркаванні трапіла ў Астравец. Тагачасны першы сакратар райкама партыі Уладзімір Паспелаў паклікаў да сябе нас, маладых спецыялістаў, і «размеркаваў» па гаспадарках: ты пойдзеш галоўным эканамістам, ты – галоўным бухгалтарам. А мы дзеці горкія, па 19-20 гадоў… Плакалі…
Мяне накіравалі галоўным бухгалтарам у Страчанку, калгас «Ясная паляна». Там працавала 2 гады, потым нейкі час – у свірскім саўгасе, а калі мужа забралі ў астравецкую сельгастэхніку механікам, далі нам жыллё, зноў перабралася на Астравеччыну. На гэты раз – назаўсёды.
У 1971 годзе прызначылі мяне галоўным бухгалтарам калгаса «Чырвоны Кастрычнік». Было мне ў той час 24 гады, вучылася завочна на 3-м курсе Горацкай акадэміі.
Калгасам кіраваў Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч. Спецыялісты падабраліся – сапраўдная каманда! Намеснікам старшыні быў Уладзімір Рышкель, яго жонка Валянціна – галоўным эканамістам. Галоўным аграномам хутка пасля мяне прыйшоў Валянцін Балабановіч. Галоўным інжынерам працаваў Мікалай Сідарук, галоўным заатэхнікам перш быў Міхаіл Новікаў, пасля яго змяніла Таццяна Шкурская. Намеснікам па будаўніцтве – Аляксандр Волк-Леановіч, сакратаром партарганізацыі спачатку была Яніна Новік, а калі яе забралі ў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі, – Ганна Берняковіч. Не было таго, каб нехта сказаў «не хачу», «не буду». Кіраўнік паставіў задачу – мы яе выконваем. Не маглі мы падвесці Рынкевіча! Не ведалі ні выхадных, ні водпускаў. Я, да прыкладу, за 36 гадоў ні разу ў адпачынку не была. Стану прасіцца: «Часлаў Іосіфавіч, пусціце хоць на тыдзень!» А ён: «Марыя, ты пра што? Збожжа сыплецца – а яна ў адпачынак сабралася!»

Новик Янина
Нашы бухгалтары не сядзелі ў канторы. Што ім там рабіць? Яны былі ў полі ля камбайнаў, на складзе, на мехвары, на ферме. Кантроль і ўлік – галоўнае ў нашай рабоце. Што за бухгалтар, калі не ведае, колькі машын на рамонце стаіць, які надой на ферме, колькі збожжа засыпалі ў насенны фонд? Ці мала якую табе справаздачу прынясуць – ты сам павінен усё праверыць, усё пераважыць, падлічыць. Я за кожную паперку, што прыносіла мой намеснік Валянціна Базюк, была спакойная, ведала: пераправяраць не трэба. Я ўсіх сваіх бухгалтараў прымусіла атрымаць вышэйшую адукацыю. Мужыкі іх скандаліць прыходзілі, маўляў, хопіць з яе і тэхнікума, хай дзяцей глядзіць! «Не, – кажу, – яны ў лепшым калгасе раёна працуюць, павінны адпавядаць». Гэта пры тым, што кожнаму бухгалтару і эканамісту, як і ўсім спецыялістам, і мне ў тым ліку, давалі дзялку буракоў, апрацаваць і ўбраць якую трэба было ў вольны час. Я дык не паспявала, наймала людзей. А яшчэ лён, бульба, каменне… І гаспадарка ж у кожнай была. Як у вёсцы без каровы?

Бекиш Мария с коллективом
Калі ў нас здарылася бяда – згарэла калгасная кантора, – некаторыя пасміхаліся, маўляў, пабачым, як цяпер выкручвацца будзеце! А мы і не выкручваліся. Хоць кантора загарэлася вечарам – пажар узнік у клубе, які знаходзіўся ў тым жа будынку, – Уладзімір Рышкель адразу арганізаваў тушэнне. Хто быў побач, кінуліся выносіць усё з канторы. Мы з мужам якраз у госці ехалі, на мне, памятаю, новае мутонавае футра – тата з Вільнюса прывёз у падарунак, то ад іскраў, галавешак яно згарэла цалкам! Уратавалі самае галоўнае – сейф, дакументы. Толькі адна папка прапала. А кабінет старшыні – ці паверыце? – агнём не зачапіла. Назаўтра ж рэвізія прыехала. Але я не баялася: ведала, што ў мяне ўсё ў парадку. Мо, з год кантора месцілася ў доме Ганны Берняковіч, Рынкевіч на кухні нарад праводзіў. Яшчэ гады два – у калгаснай кватэры. А потым узвялі прыгожы двухпавярховы будынак, дзе размясціліся і кантора, і Дом культуры з бібліятэкай. Часткова свае сродкі ўкладвалі, трохі раён дапамог, спонсары знайшліся. Пабудавалі!
Грошы ў нас вадзіліся. Паказчыкі добрыя былі: на мальскай ферме даілі па 4,5 тысячы кілаграмаў малака, ураджайнасць складала 18 цэнтнераў з гектара – на той час гэта было шыкоўна. Калгас неаднойчы станавіўся ўдзельнікам Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, нашых людзей ўзнагароджвалі, падарункі добрыя давалі. І я не аднойчы на ВДНГ у складзе дэлегацыі ездзіла.
Хоць з кадрамі, асабліва масавых прафесій, цяжка было: Астравец побач, калі што не так – паехаў у горад. Здаралася, што і вочы на нешта закрывалі… А што рабіць? Кароў жа некаму даіць ды пасвіць трэба…
Напрыканцы сямідзясятых да «Чырвонага Кастрычніка» далучылі калгас імя ХХІІ партз’езда – гэта Ізабеліна, Кялёйці, Бялькішкі. Слабенькая была гаспадарка. Пасля таго мы моцна «праселі» ў паказчыках, гады на два выйшлі з ліку перадавікоў. Потым зноў падняліся.
Пазней, калі расфарміравалі саўгас імя Мічурына, да нас далучылі палову яго плошчаў. А потым нас, на той час ужо СВК імя Гашкевіча, аб’ядналі з СВК «Гудагай».
Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч кіраваў гаспадаркай больш за 40 гадоў. Ён пакінуў калгас у 2002 годзе. Я, хоць і была ўжо на пенсіі, нейкі час працавала з Віктарам Бразевічам. А ў 2006 годзе, калі гаспадарку ўзначаліў Валянцін Далговіч, звольнілася.
Без працы, вядома ж, не засталася: і цяпер вяду бухгалтэрыю некалькіх прадпрымальнікаў і прыватных фірм. Сачу па «Астравецкай праўдзе» за поспехамі колішняга «Чырвонага Кастрычніка», радуюся, што кіраўнік у КСУП «Гудагай» талковы, паказчыкі высокія. Хай шчасціць маладым! І нас, ветэранаў, хай не забываюць.