Гісторыя газетным радком: Да і пасля верасня 1939-га
10:00 / 17.09.2024
«…Прыцясненне і разарэнне сялян і эксплуатацыя рабочых параджалі нездаволенне і стваралі спрыяльныя ўмовы для росту рэвалюцыйнага руху. Вядучая роля ў кіраўніцтве гэтым рухам належала падпольнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, створанай у 1923 годзе.
На Астравеччыне падпольныя ячэйкі КПЗБ былі арганізаваны ў Міхалішках, Гервятах, Варнянах, Жукойнях. Сакратаром Міхалішкаўскага падпольнага камітэта КПЗБ быў Іосіф Гражуль, актывістамі – Рамуальд Маціеўскі, Ізыдар Бяляўскі, Франц Бублевіч. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляў ураджэнец Бабраўнік Іван Адамавіч Лукша. Будучы сакратаром Пабрадскага райкома партыі, ён арганізаваў у Баранях першую падпольную ячэйку, распаўсюджваў лістоўкі. Лукшу выдаў польскай дэфензіве пляменнік, аднак таму ўдалося ўцячы ў Францыю. Там Лукша стаў членам французскай кампартыі, удзельнікам Супраціўлення. У 1947 годзе вярнуўся на радзіму з партыйным білетам, падпісаным Марысам Тарэзам.
Моцная падпольная арганізацыя КПЗБ існавала і ў Гервятах. Узначальваў яе Юрый Юр’евіч Мацко, чалавек цікавага лёсу. Да рэвалюцыі ён служыў у Петраградскім лейб-гвардзейскім сапёрным палку, затым працаваў на Абухаўскім заводзе, сустракаўся з Леніным. Вярнуўшыся пасля Грамадзянскай вайны ў Гервяты, ён арганізаваў там падпольную ячэйку КПЗБ, у якую ўваходзілі Іван Юшко, Уладас Дрэма, Іван Куліс і Рафал Рэміс. Ячэйцы ўдалося ўстанавіць сувязь з ашмянскай арганізацыяй КПЗБ. Іван Юшко разам з Вінцуком Буцвілам удзельнічалі ў
Віленскім з’ездзе капэзэбойцаў (так яны сябе называлі), прывезлі адтуль вялікую колькасць нелегальнай літаратуры, якую распаўсюджвалі сярод насельніцтва.
Капэзэбойцы Астравеччыны слухалі перадачы Мінскага радыё, вялі рэвалюцыйную агітацыю сярод сялян і рабочых, паднімалі іх на барацьбу супраць капіталістычнай эксплуатацыі і нацыянальнага прыгнёту.
Выступленні рабочых і сялян набывалі ўсё больш арганізаваны характар. У 1930 годзе ўспыхнула забастоўка на астравецкім цагельным заводзе паноў Сацанкаў. Узначальваў яе сын батрака, былы чырвонаармеец Вікенцій Іосіфавіч Падаліс. Уладальнікі завода аб’явілі лакаут і задушылі забастоўку. Многія рабочыя былі звольнены, у тым ліку і Падаліс. Але яны не змірыліся.
Рэвалюцыйная барацьба ішла па нарастаючай да 1939 года.
Як адбываліся вераснёўскія падзеі на Астравеччыне?
Чырвоная Армія аказалася тут у першы ж дзень, 17 верасня. Насельніцтва сустракала яе часткай з захапленнем, часткай пасіўна, аднак ні ў якім разе не варожа.
…Капэзэбойцы аказвалі падтрымку Чырвонай Арміі. У Астраўцы быў створаны атрад рабочай гвардыі. Старшынёй валаснога сялянскага камітэта быў выбраны ўсё той жа В.І. Падаліс. Яго ж астраўчане паслалі ў Беласток дэлегатам народнага сходу Заходняй Беларусі. Сход, на якім з дакладам «Аб устанаўленні Савецкай улады» выступіў С.О. Прытыцкі, прыняў рашэнне аб уваходзе Заходняй Беларусі ў састаў БССР».
Правапіс і стылістыка захаваны.
Па матэрыялах «АП».