Бібліятэкар Вольга Заянчкоўская: «Кніга павінна вярнуцца ў моду»
16:00 / 15.09.2024
Пакуль Вольга Заянчкоўская не стала працаваць у Астравецкай раённай бібліятэцы, яна лічыла, як і большасць: там толькі і спраў, што выдаць чытачу патрэбную кнігу.
– Мне заўсёды здавалася, што тут ціхае і размеранае жыццё. Але цяпер ведаю, наколькі яно разнастайнае і насычанае. Мы праводзім шмат мерапрыемстваў, у тым ліку сустрэчы з пісьменнікамі і навукоўцамі, дыялогавыя пляцоўкі, пазнавальныя і забаўляльныя праграмы для дзяцей. Хоць я не артыстычны чалавек, але і мне часам даводзіцца апранаць касцюм ці папяровы ўбор са старонак спісанай літаратуры і ўдзельнічаць у тэатралізацыях, – расказвае Вольга.Бібліятэкарам яна працуе толькі 3 гады, а вось яе сяброўства з кнігамі доўжыцца даўно.
– З дзяцінства люблю чытаць. Маленькай падабаліся «Волшебник изумрудного города» Аляксандра Волкава і «Три повести о Малыше и Карлсоне» Астрыд Ліндгрэн. Цяпер перавагу аддаю класічнай літаратуры, асабліва беларускім аўтарам – Якубу Коласу, Янку Купалу, Максіму Багдановічу. У мяне было шмат кніг, але заўсёды чакала, калі мама купіць новую і я змагу апынуцца ў свеце прыгод. Мяне цікавілі не толькі творы, але і тое, хто «нараджае» герояў баек, апавяданняў, казак; хто робіць ілюстрацыі. Марыла пра асабістую кніжную краму: уяўляла прыемны свежы друкарскі пах, хруст старонак новага выдання, – з усмешкай узгадвае субяседніца.
Мара засталася ў дзяцінстве, а Вольга адвучылася на факультэце беларускай філалогіі БДПУ імя Максіма Танка і па размеркаванні вярнулася ў родны Астравец. Спачатку працавала настаўнікам, а пасля адпачынку па доглядзе дзіцяці ўладкавалася ў бібліятэку – у аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці.
– Займаюся піярам бібліятэкі і пішу матэрыялы пра яе работу ў раённыя, абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі, такія як «Знамя юности», «Зорька», «Звязда», «ЛіМ», «Бібліятэка прапануе», «Міліцэйскі веснік», – удакладняе бібліятэкар. – Праз такія публікацыі, акцыі, сустрэчы і іншыя мерапрыемствы мы прывабліваем чытача да кніг. З гэтай жа мэтай выкарыстоўваем сайт і сацыяльныя сеткі: расказваем пра сваю работу, пра аўтараў і іх творы, робім відэаагляды, трэйлеры, прэзентацыі. Задача бібліятэкі – вярнуць кнізе былую папулярнасць, паказаць яе важнасць, бо там можна знайсці адказы на любыя пытанні, адкрыць для сябе новыя гарызонты. Кніга павінна вярнуцца ў моду, у рукі маленькіх і дарослых чытачоў.
Вольга свярждае, у цяперашні час, калі людзі жывуць у мабільным рытме, цяжка прыцягнуць чалавека, асабліва моладзь, да чытання. Тут патрэбен бацькоўскі прыклад.
– Мне пашанцавала трапіць у дружны калектыў. Старэйшыя калегі заўсёды дапамагаюць і падтрымліваюць. У мяне цікавая работа, падчас якой знаёмлюся з рознымі людзьмі. Адной са знакавых асоб стаў народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок, – гаворыць Вольга. – Мне падабаецца расказваць пра дзейнасць бібліятэк Астравеччыны. Дарэчы, першыя спробы пяра рабіла ў школе і ўніверсітэце: пісала замалёўкі і нарысы – і адпраўляла ў часопісы.
Натхненне да яе прыходзіць па-рознаму: думкі з’яўляюцца раніцай, калі прачнецца, ці падчас прагулкі па горадзе і вандровак па славутасцях Беларусі.
«Бібліятэка – гэта храм ведаў. Тут захоўваюцца не толькі навуковыя таямніцы, але і народная мудрасць».