Гісторыя бібліятэк Спондаўскага краю
14:00 / 14.09.2024
• Першай бібліятэкай на беларускай зямлі лічыцца створаная ў ХІ стагоддзі ў Полацкім Сафійскім саборы. А Ефрасіння Полацкая, якая шмат зрабіла для яе росквіту,– першая жанчына-бібліятэкар Беларусі.
• На Гродзеншчыне першая даступная для насельніцтва бібліятэка з’явілася ў 1830 г.
• На Астравеччыне развіццё публічных бібліятэк пачалося ў першыя пасляваенныя гады. Гэта былі 2 дамы сацкультуры і 14 хат-чытальняў.
• На Спондаўшчыне першая бібліятэка ўзнікла напачатку ХХ стагоддзя, першая хата-чытальня адкрыта ў Спондах у 1946 годзе.
Як даўней было
Развіццё бібліятэк у нашым краі пачалося напачатку мінулага стагоддзя. Задаволіць цягу да чытання дзеці маглі ў бібліятэках пачатковых школ – такія ў 20-30-х гадах былі ў Кісялях, Масцянах, Трашчанах, Вялікіх Стаўпянятах, Страчы, Вераб’ях і Косцевічах. Але гэтымі бібліятэкамі карысталіся толькі вучні, там была сабрана ў асноўным дзіцячая літаратура. А дарослае насельніцтва і моладзь мела доступ да бібліятэк пры школах-сямігодках у Клюшчанах і Жукойнях Жалядскіх і ў касцёле.
У цэнтры – Софія Міхновіч, адна з першых бібліятэкараў у Масцянах
Пры клюшчанскім касцёле бібліятэка існавала з пачатку ХХ стагоддзя. Стварыў яе ксёндз Юзаф Бародзіч, які сам быў літаратарам. Значны ўнёсак у папаўненне яе фонда зрабіў святар і паэт Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк) і яго паплечнікі Адольф Клімовіч і Рамуальд Ракіцкі.Найбольшы росквіт касцёльнай бібліятэкі прыйшоўся на гады служэння ў Клюшчанах святара Адама Вайцяхоўскага. Бібліятэка размяшчалася ў касцёльным доме «Агеньчык», пабудаваным яго папярэднікам Лёнгінам Іванчыкам. Яна нагадвала сучасны Дом культуры: там размяшчаліся бібліятэка, клуб, ваенна-спартыўны комплекс.
Адказнай за бібліятэку была Кацярына Трыбоцкая, якая стала, па сутнасці, першым бібліятэкарам на Спондаўшчыне. Яе задачай была выдача кніг і стварэнне каталога. Калі ў 1948 годзе касцёл зачынілі, Кацярына стала збіраць кнігі дома. Дарэчы, аб тым, што людзі на Спондаўшчыне чыталі шмат, сведчаць некаторыя «літаратурныя» мянушкі ў вёсках: Гвідон, Мышкін, Мазай, Салтан, Несмяяна, Капітанская дачка і іншыя.
Прыватныя бібліятэкі
Недахоп літаратуры пры імкненні многіх людзей да асветы і друкаванага слова спрыялі таму, што сталі з’яўляцца рукапісныя зборнікі-брульёны, куды складальнікі заносілі вершы, цытаты, афарызмы, гульні для моладзі.
Такі зборнік быў у Юзафа Лася. Усю сваю зарплату ён аддаваў на падпіску. І калі, крый божа, прападзе які нумар часопіса – ехаў у раён і купляў у кіёску. Аднойчы нехта са знаёмых вярнуў яму раман Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом», у якім не хапіла 10 лістоў, дык Юзаф узяў у Кацярыны Трыбоцкай такую кнігу і, вяртаючыся дахаты стомлены пасля цяжкай змены (працаваў апальшчыкам у цагельні), перапісваў ад рукі старонку за старонкай, прычым рукапісныя радкі супадалі з друкаванымі. Такі ж абсалютны парадак панаваў і ў яго бібліятэцы: кнігі былі пранумараваны і занесены у спецыяльны сшытак.
Юзаф Сусвіла з засценка Навалессе сабраў вялікую бібліятэку, у якой пераважалі кнігі гістарычнага зместу, і ахвотна даваў іх пачытаць жадаючым.
Казіміра Валуевіч з вёскі Пілімы духоўнае багацце заўсёды ставіла вышэй за матэрыяльнае. Вясковая жанчына самастойна навучылася чытаць і пісаць па-руску. Кніг у Казіміры Уладыславаўны было шмат – рэлігійных, мастацкіх, гістарычных, на польскай, рускай і беларускай мовах. Яна ахвотна давала іх чытаць аднавяскоўцам, а затым пры сустрэчы строга пытала: «Ці прачытала? Чытай! Многа цікавага даведаешся!»
Вікенцій Ягела, вядомы майстар па дрэве, медаліст ВДНГ СССР, рознабакова эрудыраваны чалавек, знаўца прыкладнога і выяўленчага мастацтва, шмат чытаў на польскай, беларускай і рускай мовах. Меў вялікую асабістую бібліятэку. Любімым аўтарам яго быў Адам Міцкевіч. Ягела спецыяльна ездзіў у Мінск, хадзіў па букіністычных магазінах і сабраў амаль усе выданні гэтага аўтара на польскай і рускай мовах.
Даступныя і бясплатныя
Першыя бібліятэкі адкрываліся ў пасляваенны час у прыстасаваных памяшканнях і называліся прыклубнымі. У першых культработнікаў была незайздросная пасада: на «агеньчык» часцяком завітвалі банды, знішчалі газеты з партрэтамі правадыроў, пад прыцэл траплялі і бібліятэкары.
Расказвае мясцовы жыхар Часлаў Шурпіцкі:
– Аднойчы танцавалі мы ў клубе. Недзе пад поўнач урываецца банда. Трое зайшлі ў клуб, астатнія засталіся знадворку – старажаваць. На танцах іграў Казюк Буйніцкі, дык яму загадалі іграць вясёлы танец, а ўсім, хто быў у клубе, загадалі танцаваць. І ўсе мусілі падпарадкавацца: і старыя, і малыя, і кульгавыя – хто мог і хто – не. Адзін бандыт найболей вырабляўся. На сценах віселі партрэты Сталіна, Леніна, іншых палітыкаў, дык ён усё нагой цаляў па іх. А назаўтра пачулі, што ў тую ноч магазін абрабавалі.
Ішоў час. Савецкая ўлада ўмацоўвалася, і ўсё большая ўвага надавалася бібліятэкам. На Спондаўшчыне было створана шэсць бібліятэк – усё па ленінскім прынцыпе: бібліятэка павінна быць максімальна даступнай і знаходзіцца ў 10 хвілінах хады.
У Клюшчанах бібліятэку размясцілі на ранейшым месцы, у былым касцёльным будынку. Там жа знаходзіўся клуб і магазін. Кнігі выдавалі Антаніна Лапцева, Люба Пецюлевіч.
У Масцянах першая бібліятэка згарэла. Яе адкрылі ў другой хаце, потым – яшчэ ў адной. Калі пабудавалі адміністрацыйны будынак, дзе размясцілася калгасная кантора і клуб, то знайшлося там месца і для бібліятэкі. Адным з першых бібліятэкараў была Софія Міхновіч, якая працавала тут з 1956 па 1959 год. Яе змяніла жонка старшыні калгаса Бандарэнка, затым былі Люцына Паўловіч, Ганна Шымковіч, Цэзарыя Вайніловіч, Станіслава Аўлас, Валянціна Назарава.
Хата-чытальня ў Вялікіх Стаўпянятах была адчынена ў 1952 годзе. Пазней яе перанеслі ў Страчанку. Першым бібліятэкарам быў Іван Тышко, затым Ліда Бабіч, Тэрэса Руновіч, Люцына Паўловіч, Алена Вялікая, Ганна Трубіцкая.
У Страчы бібліятэка, клуб і аддзяленне сувязі былі размешчаны ў адным будынку, потым пошту перанеслі ў Спонды і тут застаўся толькі культурны цэнтр. Бібліятэкарамі ў розныя гады працавалі Галіна Шлык, Данута Лукашэвіч, Галіна Другаль, Валянціна Ражко.
Гісторыя Спондаўскай бібліятэкі
Гісторыя сучаснай бібліятэкі распачынаецца з 1946 года з хаты-чытальні. У прыстасаваным сялянскім доме ў цэнтры вёскі знаходзіўся клуб, у якім размясцілі невялікую колькасць кніг, часопісы і газеты. Загадчыкі клубаў выконвалі і функцыі бібліятэкара. Першым бібліятэкарам была Ліда Калеснікава, затым – Рамуальд Маляўскі, пасля яго – Софія Налівайка,
З успамінаў Софіі Налівайкі:
– Танцы ў тыя часы былі ў кожную суботу і нядзелю. Моладзі толькі ў Спондах – 60 чалавек. А вось кніжкі менш чыталі. Пісьменных тады было няшмат. Ды і кніг мала, большай часткай – газеты і часопісы. Брашуры і кнігі прысылалі з бібліятэчнага калектара. Нешта і самі людзі прыносілі. Асноўнай формай работы з’яўляліся гучныя чытанні грамадска-палітычных газет і часопісаў.
У 1961 годзе ў Спондах узвялі будынак, у якім размясціліся кантора калгаса імя Янкі Купалы, клуб і бібліятэка. Бібліятэкарам прызначылі Казіміра Буйніцкага, які слыў добрым баяністам. Яго запрашалі ўдзельнічаць ва ўсіх аглядах, канцэртах, святах.
З 1969 па 1970 год бібліятэкарам працавала Галіна Міхновіч.
А з 1970 года і да яе ліквідацыі Спондаўскай бібліятэкай загадвала аўтар гэтых радкоў.
Прагрэс і рэгрэс
У 1978 годзе была створана Астравецкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма – Спондаўская бібліятэка стала філіялам №41. Кніжны фонд у той год налічваў 8 518 экзэмпляраў, ім карысталася 503 чытачы. У зону абслугоўвання ўваходзіла 18 населеных пунктаў.
Напачатку кнігі ў бібліятэцы змяшчаліся на драўляных стэлажах. У суседнім пакоі размясцілі АТС і мне па-суседску адной з першых бібліятэк раёна правялі тэлефон. Сельсавет, які тады фінансаваў бібліятэкі, закупіў прайгравальнік – гэта была раскоша.
Цэнтралізацыя дазволіла атрымаць новае абсталяванне: кафедру, крэслы, двухбаковыя драўляныя кніжныя стэлажы, сталы для чытальнай залы, пішучую машынку і іншае. Пад бібліятэку быў адведзены пакой у адміністрацыйным будынку сельскага Савета. Спондаўскую бібліятэку вызначылі апорнай у сельскім Савеце. Для павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва стварылі аб’яднанне работнікаў культуры сельсавета. Мы сумесна рыхтавалі мерапрыемствы, якія праводзілі затым ва ўсіх вёсках, у тым ліку ў аддаленых. Праводзіліся і імпрэзы раённага маштабу.
З цягам часу сацыяльныя функцыі бібліятэкі мяняліся. Са сховішчаў кніг і месца іх выдачы чытачам бібліятэкі перараслі ў цэнтры інфармацыі. Бібліятэкары вялі некалькі картатэк, дзе адлюстроўвалі інфармацыю з перыёдыкі па розных тэмах. Рэдакцыя «Астравецкай праўды» падарыла нам камп’ютар, падключылі інтэрнэт – гэта давала вялікія магчымасці па задавальненні патрэб чытачоў.
На жаль, паралельна з паляпшэннем матэрыяльнай базы бібліятэк ішоў сумны працэс дэградацыі вёсак. Калі напачатку маёй работы ў зоне было 18 населеных пунктаў, то ў 2018 годзе з-за малой колькасці насельніцтва бібліятэку закрылі.
Цяпер на Спондаўшчыне дзейнічае толькі адна бібліятэка-клуб у аграгарадку Страчанка.
Усім лепшым я абавязана бібліятэцы
Кнігі я любіла чытаць з дзяцінства. Гэта ў мяне ад мамы: яна, нягледзячы на занятасць, шмат чытала, ведала на памяць многа вершаў. Нават імя мне выбрала дзякуючы папулярнаму раману Т. Долэнга-Мастовіча «Знахар».
Але быць бібліятэкарам я не збіралася – марыла стаць следчым. А калі пайшла за накіраваннем, міліцэйскі чын сказаў: «Навошта вам, такой далікатнай дзяўчынцы, гэтая брудная справа?» І я засталася дома… А ў бібліятэцы якраз вызвалілася месца, мяне ўзялі на работу. Перш не магла нацешыцца, што ўсё гэтае кніжнае багацце – маё, што буду шмат чытаць і ўсё ведаць! На справе аказалася, што не ўсё так проста.
Але, нягледзячы на праверкі, планы наведванняў і кнігавыдач і іншую незаўважную воку старонняга работу, мне тут падабалася. Аказалася, што бібліятэкар павінен валодаць многімі якасцямі: быць артыстам, калі праводзілі масавыя мерапрыемствы; мастаком, каб афармляць наглядную агітацыю; псіхолагам, каб параіць чытачу патрэбную кнігу ці проста пагутарыць з ім.
Найгорш у мяне на першым часе атрымлівалася мастацкая творчасць. Памятаю, у першы год прыехаў да мяне з праверкай загадчык аддзела культуры Мікалай Ялоўскі, паглядзеў на маю наглядную агітацыю, зморшчыўся і пазрываў усё. Мне хацелася плакаць ад сораму і крыўды! Дзе я, 16-гадовае дзіця, магла навучыцца афармляць стэнды? Але ж я хацела стаць лепшай! І мне дапамагла бібліятэка. Знайшла кнігу «Шрифты» і самастойна навучылася пісаць пер’ямі «рэдзіс», плакатнымі, вывучыла ўсе шрыфты. І калі ўжо вучылася ў інстытуце культуры, мой альбом па курсе нагляднай агітацыі пакінулі для прыкладу студэнтам.
Бібліятэка ўвогуле навучыла мяне многаму: фотасправе, кулінарыі, карвінгу. Усё можна было спазнаць па кнігах і часопісах. Так я навучылася кройцы і шыццю, а дзякуючы выкрайкам з часопіса «Бурда» стала першай вясковай модніцай і не мела адбою ад жадаючых займець такую ж сукенку ці блузку. А колькі напісана кантрольных і курсавых для студэнтаў, нават па тэмах, далёкіх ад маёй спецыяльнасці, – і ўсё дзякуючы кнігам.
Я любіла сваю работу, свой родны куточак і людзей, пагэтаму і адхіляла ўсе прапановы «лепшага жыцця» – ад сакратара камсамольскай цэхавай арганізацыі МТЗ да пасады ў Віцебскім абкаме камсамола (пра раённыя прапановы не гавару). Тагачасны дырэктар ЦБС Вера Сцяпанаўна Тумаш прапанавала мне заняцца краязнаўствам – яна і загадчык аддзела культуры
Данута Францаўна Чарнушэвіч зрабілі вялікі ўплыў на маё прафесійнае станаўленне і развіццё светапогляду. Я зацікавілася гэтай справай – і да гэтай пары не пакідаю даследчую работу па гісторыі і этнаграфіі роднага краю. Хочацца захаваць для нашчадкаў тое, што адыходзіць у нябыт. Каб людзі ведалі пра падзеі, якія тут адбываліся, як развівалася эканоміка і культура, якім было духоўнае жыццё, якія таленавітыя людзі жылі тут, праслаўляючы сваю маленькую радзіму.
Я працяглы час з’яўлялася сакратаром камсамольскай арганізацыі, дэпутатам сельскага Савета некалькіх скліканняў, «Жанчынай года – 2010». Былі перамогі ў конкурсах, узнагароды, прызнанне. І ўсяму добраму, чаму навучылася і чаго дасягнула, я абавязана бібліятэцы.