Знаёмцеся: гонар раёна – вадзіцель КСУП “Варняны” Уладзімір Грынцэвіч

11:00 / 08.09.2024


Не хопіць пальцаў на абедзвюх руках, каб злічыць сотні кіламетраў палявых дарог варнянскай гаспадаркі, якія за чатыры дзясяткі гадоў з невялікім хвосцікам аб’ездзіў Уладзімір Грынцэвіч, чый партрэт сёлета занеслі на раённую Дошку гонару. І калегі, і аднавяскоўцы станоўча адгукаюцца пра мужчыну. Словам, нагод для бліжэйшага знаёмства нашых чытачоў з перадавіком аграпрамысловага комплексу раёна хоць адбаўляй!

Было няпроста ўгаварыць працаўніка на гутарку: Грынцэвіч усё аднекваўся, маўляў, нічога звышнатуральнага не зрабіў – працую, як і ўсе. Але гонар раёна здаўся пад націскам маіх аргументаў… Далёка не кожны можа пахваліцца літаральна адным запісам у працоўнай кніжцы – гэта калі не лічыць шматлікія ўзбуйненні гаспадарак і змену іх назвы; а таксама працоўнымі перамогамі ў прафсаюзным жніўным спаборніцтве. 

– Нарадзіўся я на хутары Кудра, што каля Шульнікаў. Цяпер ад роднага куточка не засталося і знаку. Перад пераездам у Варону бацькі прадалі хату на перавоз. Хадзіў у Шульніцкую, Гозскую, Варонскую школы. У старэйшых класах у Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце адвучыўся на трактарыста. Цікавасць да тэхнікі ў мяне з дзяцінства. Бацька Карл Дамінікавіч працаваў механізатарам, а маці Паліна Мікітаўна была даяркай. У школу да нас неяк прыязджалі з Ільінскага сельскагаспадарчага тэхнікума і агітавалі паступаць да іх. Нават падумваў ісці на заатэхніка вучыцца, але жыццё размеркавала ўсё на свой лад, – узгадвае суразмоўца. 

У 1981 годзе Уладзімір пайшоў працаваць у варонскі калгас імя Карла Маркса. Вядома, учарашняму школьніку тэхніку адразу ніхто не даверыў. Тагачасны старшыня мясцовай гаспадаркі Яўген Кухарчык прызначыў Валодзю слесарам, маўляў, няхай руку наб’е, падвучыцца ў больш вопытных механізатараў і вадзіцеляў. Праўда, неўзабаве працавітага хлопца пасадзілі за руль старэнькага трактара Т-40 падвозіць на ферму ваду. А пасля былі шафёрскія курсы ў ашмянскай школе ДТСААФ, некалькі гадоў службы ў войску…

– Доўг Радзіме аддаваў у Германскай дэмакратычнай рэспубліцы. На імя бацькоў у калгас нават Падзячны ліст прыйшоў. І тата, і мама былі шчаслівыя і ганарыліся мной, – працягвае, сарамліва ўсміхаючыся, Уладзімір Карлавіч. – Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родны калгас. Трактар, які, як кажуць вяскоўцы, пад плотам стаяў, лічы, нанова сабраў. Пазней і «газончык» старэнькі да толку давёў. Пры Андрэі Янчэўскім (наш калгас да таго часу змяніў назву на «Полацкі тракт») атрымаў навюсенькі МАЗ. Памятаю, ніхто з хлопцаў не згаджаўся браць новую машыну – з катэгорыі больш магутных аўтамабіляў яна першая была. Уладзіслававіч угаварыў мяне. Дзесяць гадоў ад’ездзіў, а потым далі новы МАЗ, на якім і цяпер каляшу па калгасных дарогах. Тады якраз аддалі нашу «Варону» пад крыло больш багатых «Варнян». 

Пакуль у КСУП «Гудагай» не набылі сучасныя МАЗы з прычэпамі, а ў «Варнянах» лепш сыпалася збожжа, Уладзімір Грынцэвіч стабільна першым у раёне перавозіў тысячу тон. Паказальным для мяне быў выпадак, калі з прафсаюзным лідарам аграрыяў Юрыем Адулам літаральна ганяліся па калгасных нівах за перадавіком, каб яго ўзнагародзіць, а Карлавіч не хацеў спыняцца, таму што гэта прамаруджванне, няхай і на некалькі хвілін…

– Самым ураджайным годам для нас быў 2008-ы, калі не памыляюся. Уявіце толькі: у нашым «Полацкім тракце» намалацілі 7 тысяч тон зерня пры ўраджайнасці 50 цэнтнераў з гектара. Не хапала складоў, каб усё размеркаваць. Сярод вадзіцеляў нашай гаспадаркі я ў той год найбольш зерня перавёз, а за гэта атрымаў каляровы тэлевізар, – узгадвае Уладзімір Карлавіч. – Здаралася, што за сезон і 2 700 тон браў. Радуе, што і ў Беларусі, і ў нашым раёне не забываюць пра працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Двойчы прадстаўляў Астравеччыну на абласных «Дажынках»: у 2014 годзе быў на святкаванні ў Ашмянах, летась – у Зэльве.

Адданы калісьці абранай справе сумленны работнік, які працуе не дзеля ўзнагарод,  таму што інакш проста не ўмее, – так у некалькіх словах можна ахарактарызаваць варнянскага вадзіцеля з Дошкі гонару.

У канцы гутаркі задала суразмоўцу традыцыйнае пытанне: чаго б ён пажадаў сабе і КСУП «Варняны»? 

– Сабе – здароўя. Гэта самае галоўнае. Калі нічога не баліць і не турбуе, тады і жыць, і працаваць толькі ў радасць. А нашай гаспадарцы – большых намалотаў і надояў. Будзе сельгаспрадукцыя – будуць і зарплаты. На маёй памяці тут змянілася звыш 15-ці кіраўнікоў. Але не ўсё ад начальства залежыць. Працаваць трэба кожнаму на сваім месцы, не звяра­ючы час з гадзіннікам, тады, можа,  нешта і зменіцца. 

З гэтай жыццёвай мудрасцю вясковага вадзіцеля не паспрачаешся!



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич