Гісторыя газетным радком: Астравеччына ў 1944-1960 гадах
Сёлета Гродзенская вобласць адзначае 80-годдзе з часу ўтварэння. З 1960 года ў яе склад уваходзіць Астравецкі раён. Гэтая дата – добрая нагода яшчэ раз узгадаць гісторыю раёна, якая стала неад’емнай часткай гісторыі Гродзеншчыны. І прасачыць яе мы вырашылі, гартаючы архіўныя падшыўкі «Астравецкай праўды».
Астравецкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года і ўваходзіў у склад Вілейскай вобласці. Праіснаваў ён да пачатку вайны.
У 1944 годзе, калі Астравеччына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, раён аднавіўся, але змянілася яго адміністрацыйная прыналежнасць: яго «прыпісалі» да Маладзечанскай вобласці.
Чым жыў наш край у пасляваенныя гады? Ды тым жа, што і ўся краіна, хіба што з асаблівасцямі, якія тычыліся заходніх раёнаў, што ўвайшлі ў склад БССР у 1939 годзе.
У раённай газеце мы знайшлі звесткі, што ў 1945 годзе ў Астравецкім раёне (у склад яго яшчэ не ўваходзіла так званая завілейская зона) было 8 591 аднаасобная гаспадарка, у валоданні якіх знаходзілася 52 805 гектараў зямлі, і толькі тры калгасы – імя Сталіна Астравецкага, імя Молатава Гервяцкага і імя Варашыла Варнянскага сельсаветаў, якія аб’ядноўвалі 63 гаспадаркі і займалі 687 гектараў.
Масавая калектывізацыя ў раёне пачалася ў 1949-1950 гадах. У пасляваенны час вяскоўцаў найбольш хваляваў падзел зямлі: яна для сялян была галоўнай каштоўнасцю. Так, у нумары «Сталінскай праўды» (так назывался пасля вайны астравецкая раённая газета) за 26 красавіка нехта Сільвестраў у заметцы «Крестьяне получают землю» паведамляе, што
«С огромным патриотическим подъемом и большой радостью крестьяне Гервятского сельсовета получают в свое пользование землю бывших помещиков. В деревне Ольгиняны в течении двух часов было роздано крестьянам 35 гектар помещичьей земли. За 6 дней по сельсовету наделено землей 40 крестьянских хозяйств, которым роздано 140 гектаров земли бывших помещичьих угодий».
На нарадзе сельскага актыву, пра якую газета паведамляла 23 чэрвеня, старшыня выканкама раённага Савета дэпутатаў працоўных Пермякоў у сваім дакладзе адзначаў, што «181 беззямельная гаспадарка атрымала 860 гектараў зямлі, паміж 426 малазямельнымі раздзелена 836 гектараў, 240 слабых гаспадарак атрымалі пазыку насеннем у 540 пудоў». А яшчэ, што «в районе имеется 2 179 безлошадных хозяйств. Но благодаря хорошо обеспеченному руководству со стороны сельских советов и районного Совета всем безлошадным хозяйствам оказана помощь и вся их земля обсеменена».
У 1949 годзе ў раёне пачалася масавая калектывізацыя, пік якой прыпаў на 1950 год. Практычна ў кожным нумары раённая газета паведамляла, што ў той ці іншай вёсцы створаны калгас. У пачатку 1949 года яны з’явіліся ў Навасадах, Міжанах, Слабодцы, Міхалішках, Палушах, Байканах, Бабраўніках, Новай Вёсцы, Дайлідках, Тартаку, Вароне, Рукшанах, Сакалойцях, Чэхах, Рымдзюнах, Міцюнах. У нумары за 4 верасня паведамляецца, што ў раёне ўтворана 36 калгасаў. У 1950 годзе іх было ўжо каля сотні, некаторыя – з аднолькавымі назвамі, і пачаўся працэс узбуйнення. У 1955-м засталося 22 гаспадаркі.
Паведамляла газета і пра поспехі новаствораных сельгасарцеляў. 19 чэрвеня 1949 года «Сталінская праўда» пісала, што калгасы імя Кірава, «Перамога», «Звязда», імя Молатава купілі новыя жняяркі, у раёне іх налічвалася 11 і чакалася яшчэ адно паступленне. А ў нумары за 18 верасня змешчана навіна, што калгасы імя Молатава і імя Варашылава за ўласныя сродкі набылі грузавыя аўтамабілі. 9 чэрвеня 1955 года «Сталінская праўда» ў заметцы «Трактар ва ўласнасці калгаса» паведамляла, што калгас «Звязда» першым у раёне набыў трактар ХТЗ-7 – раней яны былі толькі на машынна-трактарных станцыях.
На пачатак верасня 1949 года ў раёне дзейнічала 2 сярэдніх, 12 сямігадовых і 50 пачатковых школ. У першыя класы ў тым годзе прыйшоў 901 вучань, у пятыя – 560. Каля дзесяці настаўнікаў у раёне былі з ліку карэннага насельніцтва – яны набылі адукацыю за гады савецкай улады.
Будаваліся новыя школы. Старшыня Якентанскага сельсавета Іван Ушакевіч у нумары за 4 верасня паведамляе, як метадам народнай будоўлі ўзведзены школы ў Новых і Вялікіх Якентанах – раней яны месціліся ў арэндных памяшканнях. Адкрылі школу і ў Байканах – тут за парты села 40 дзяцей. Школьны інспектар райАНА Н.К. Алейнік у артыкуле «Рост народнай асветы ў раёне» расказваў, што ў 1944 годзе толькі 15 школ размяшчаліся ў дзяржаўных памяшканнях, а цяпер у арэндных засталося 12 з 64 навучальных устаноў, і тыя хутка пяройдуць у дзяржаўныя.
У ліпені 1952 года быў падпісаны Указ Вярхоўнага Савета БССР аб аб’яднанні сельскіх Саветаў Маладзечанскай вобласці. У адпаведнасці з ім у Астравецкім раёне аб’ядноўвалі Гудагайскі і Байканскі, Быстрыцкі і Валейкішскі, Гервяцкі і Якентанскі сельскія Саветы, а некаторыя перайменавалі: Дзягенеўскі – у Слабодкаўскі, Шульніцкі – у Гозскі, Швяйлянскі – у Чэхскі. Тады ў раёне было 12 сельсаветаў.
Вясной 1952 года «Сталінская праўда» паведамляла, што калгасы імя Сталіна, «Чырвоны Кастрычнік» і «Новае жыццё» Астравецкага сельсавета пачалі сумеснае будаўніцтва Янаўскай гідраэлектрастанцыі магутнасцю 150 кілават – гэта, як сцвярджала публікацыя, дазволіць электрыфікаваць больш за тысячу калгасных двароў, грамадскія, культурныя і гаспадарчыя будынкі.
У святочным нумары за 1 мая 1958 года змешчана гістарычнае паведамленне аб тым, што вёска Астравец перайменавана ў гарадскі пасёлак.
Знакавай навіной стала паведамленне ў нумары за 7 лістапада 1957 года аб тым, што ў клубе Астравецкай МТС устаноўлены тэлевізар, які трансліруе перадачы Вільнюскага тэлецэнтра. З публікацыі Васіля Шкаева «На новай сядзібе» можна даведацца, што тэлевізар ёсць ужо і ў клубе Варнянскай МТС. А ў першым нумары за 1958 год змешчана інфармацыя, што трэці тэлевізар у раёне набыў прафсаюз работнікаў медыцынскіх устаноў для клуба цэнтральнай раённай бальніцы.
У нумары за 7 мая 1958 года – як вядома, у гэты дзень адзначаецца Дзень радыё, – намеснік начальніка раённай канторы сувязі С. Смірноў паведамляе, што ў раёне радыёфікавана 2 678 дамоў – у 1945 годзе было толькі каля двух дзясяткаў радыёкропак. І абяцаў, што ў бліжэйшы час будуць радыёфікаваны ўсе вёскі раёна.
Яшчэ адзін накірунак дзяржаўнай палітыкі, які асвятляўся на старонках газеты, – ссяленне хутароў. Гэтай тэме прысвечаны перадавы артыкул «Дзень добры, вёска! Бывай, хутар!», змешчаны ў нумары за 1 верасня 1957 года. У ім расказваецца пра Андрэя Недалтоўскага, які перасяліўся з хутара ў вёску Больнікі – усіх хутаран заклікалі следаваць гэтаму прыкладу.
У жніўні 1959 года пасля расфарміравання Свірскага раёна да Астравецкага былі далучаны гаспадаркі Спондаўскага і Некрашунскага сельсаветаў – так званая завілейская зона. Да ранейшых 19 калгасаў далучыліся яшчэ 3 і саўгас «Свірскі», прычым дзве гаспадаркі насілі аднолькавую назву «1 Мая» і ў зводках пазначаліся – Міхалішкі і Дравянікі. У снежні таго ж 59-га года рашэннем Маладзечанскага аблвыканкама Некрашунскі сельсавет быў перайменаваны ў Падольскі, а саўгас «Свірскі» – у саўгас «Падольскі». Адзін з калгасаў «1 Мая» стаў насіць назву «Перамога».
13 ліпеня 1958 года Валянціна Налівайка расказвала ў раённай газеце пра ўзвядзенне лячэбнага гарадка ў Астраўцы.
«…На ўскраіне райцэнтра ўздымаюцца сцены новага двухпавярховага будынка (…) раённай бальніцы, амбулаторыі, жылога дома і іншых падсобных памяшканняў – усяго 17 аб’ектаў. У бальнічным корпусе будуць размешчаны рэнтгенаўскі кабінет, аперацыйная, перавязачная, невялічкія палаты на 2-3 ложкі, сталоўка. (…)»
Падзеі і даты
1944 год
3 ліпеня партызанская брыгада імя ЦК КПБ вызваліла Астравец ад фашысцкіх захопнікаў.
9 верасня Астравецкі раён увайшоў у склад Маладзечанскай вобласці.
Сфарміраваны раённы аддзел міліцыі. У яго ўваходзілі крымінальны вышук, пашпартная служба, дзяржаўны пажарны нагляд.
2 верасня выйшаў першы пасляваенны нумар адроджанай раённай газеты “Сталінская праўда”.
Створаны Астравецкая і Варнянская МТС.
13 ліпеня ў былым маёнтку Каменка адкрыта раённая бальніца.
Створана пажарная часць.
У Варнянах адкрылі прытулак для дзяцей.
У верасні пачала працаваць Міхалішкаўская ўчастковая бальніца.
У Астраўцы адкрылася сямігадовая школа.
1945 год
У Астраўцы пачалі працаваць прамкамбінат і лесапілка.
У сакавіку адбыўся першы выпуск курсаў трактарыстаў пры Астравецкай МТС.
Астравецкая сямігодка рэарганізавана ў сярэднюю школу.
1946 год
У Астраўцы адкрыты першы дзіцячы садок.
Адкрыта Альхоўская пачатковая школа.
1947 год
У Варнянах адкрыты Дом культуры.
Дала прадукцыю адноўленая пасля вайны кардонная фабрыка “Альхоўка”.
У Астраўцы адкрылася вячэрняя школа сельскай і рабочай моладзі.
У Альхоўцы пачалі працаваць дзіцячы садок і пажарнае дэпо.
1948 год
У Гервятах адкрыты дом сацкультуры на 100 месцаў.
Адкрыта Міхалішкаўская сельская бібліятэка.
У Альхоўцы пабудавалі клуб.
1949 год
У Астраўцы пабудаваны два 3-хпавярховыя дамы для рабочых райпрамкамбіната.
Варнянская няпоўная сярэдняя школа рэарганізавана ў сярэднюю.
1950 год
У вёсцы Газа пабудавана базавая школа.
1951 год
У Рытані адкрылася школа-сямігодка.
1952 год
Альхоўскую пачатковую школу рэарганізавалі ў сямігодку.
Вясной калгасы імя Сталіна, “Чырвоны Кастрычнік” і “Новае жыццё” пачалі будаўніцтва Янаўскай гідраэлектрастанцыі магутнасцю 150 кілават.
Варнянская сямігадовая школа рэарганізавана ў сярэднюю.
1954 год
Міхалішкаўская школа стала сярэдняй.
Узведзены першы тыповы школьны будынак на 280 месцаў ў Астраўцы. (Цяпер – стары корпус СШ №2).
На месцы гібелі савецкіх ваеннапалонных на станцыі Гудагай устаноўлены абеліск.
1955 год
Завершана будаўніцтва Янаўскай гідраэлектрастанцыі.
Гозская пачатковая школа стала сямігодкай.
Адкрыты ФАПы ў Чэхах і Рымдзюнах.
1956 год
1 ліпеня раённая газета “Сталінская праўда” стала называцца “Астравецкай праўдай”.
Заняткі ў Гервяцкай сярэдняй школе сталі весціся на рускай мове (раней – на беларускай). Вучні мелі магчымасць вывучаць беларускую і літоўскую мовы.
У Трокеніках за калгасныя сродкі пабудавалі клуб.
1957 год
Ліпень – у Астраўцы адкрыты ўнівермаг.
7 лістапада ў Астравецкай МТС з’явіўся першы ў раёне тэлевізар.
Пачалося будаўніцтва раённай бальніцы ў Астраўцы.
1958 год
25 красавіка Астравец набыў статус гарадскога пасёлка.
Пачалася ліквідацыя машынна-трактарных станцый.
У Астравецкай школе пачало дзейнічаць школьнае лясніцтва.
1959 год
У жніўні да Астравецкага раёна далучылі Спондаўскі і Некрашунскі сельскія Саветы, якія раней уваходзілі ў Свірскі раён.
Створана Астравецкая ПМК-88, якая ў 1987 годзе была рэарганізавана ў МПМК-158.