Нарачанскі край: дзе размясціцца, каб адпачыць

18:00 / 28.07.2024


Адпачыць на ўлонні прыроды можна, не выязджаючы за межы Астравецкага раёна. Аднак не-не, ды і захочацца змяніць звыклае 

і добра вядомае на нешта новае, паглядзець на іншыя «берагі», параўнаць, дзе вада цяплейшая, а дно раўнейшае…

Астраўчанам падкажу: знайсці прыгожае і ўтульнае мясцечка можна зусім недалёка – на Нарачы, усяго ў 80-ці кіламетрах ад роднага дома.

Пры вялікім жаданні, калі запланаваць адпачынак зарання, можна 

забраніраваць камфартабельныя апартаменты ў санаторыях, зняць аграсядзібу або катэдж непадалёк. У іншым выпадку – адправіцца на Мядзельшчыну сапраўднымі турыстамі, з палаткамі і кацялком. Што мы з сябрамі і зрабілі.

У стылі натуралізму


Не, мы не сарваліся з месца, не разведаўшы абстаноўку: распыталі ў «бывалых» і «прашарсцілі» інтэрнэт. Зразумела, пра забраніраваць нумар размовы не ішло – гарачы сезон адпачынку. З сядзібамі таксама не выйшла: свабодныя «кусаліся» коштам. Заставаўся адзін варыянт: турыстычныя стаянкі, якіх на берагах возера з дзясятак. Няўжо не знойдзем свабоднага месца?

Пашанцавала: размясціліся на першай, якая патрапілася ўздоўж возера, стаянцы.

«Антонісберг» – адна з самых вялікіх, дзе могуць «жыць» не ў цеснаце, а нават адчуваючы «свабоду», адразу 200 чалавек. З «гарадскіх» выгодаў тут толькі невялікая заасфальтаваная пляцоўка для аўто. Таму большасць турыстаў прыпаркоўвае свой транспарт – а гэта, да слова, і матацыклы, і машыны, і нават веласіпеды, не гаворачы ўжо пра аўтадамы або прычэпы-дачы – побач з кастрышчам або альтанкай.

Так што развёў вогнішча, устанавіў палатку – і купацца!

Дарэчы, за месца на такіх стаянках трэба заплаціць 9 рублёў з чалавека за суткі. Аднак хвалявацца, як гэта зрабіць, не варта: адказны работнік сам падыходзіць да «новенькіх», нагадвае пра аплату і расказвае правілы адпачынку.

Хоць бы ногі намачыць


Адпачываць каля вады і не пакупацца – якраз пра мяне. Упэўненая, што і цяпер у ваду не палезу: плаваць не ўмею, ды і не люблю, – купальнік усё ж сабой паклала. Загараць.

Аднак яшчэ з дарогі загледзелася на бліскучую роўнядзь вады і вырашыла: хоць ногі намачу.

Ад стаянкі да возера – усяго праз «зеб­ру» перайсці. 

Пра эмоцыі і ўражанні ад акунання ў прахалоду гаварыць не буду. Адзначу толькі: ступіла з прыбярэжнага каменю – і пайшла насустрач гарызонту – настолькі заварожвае магчымасць «ісці па вадзе» сотні метраў. А ўсё таму, што страху не было: усе гэтыя сотні метраў вада падступіла толькі да пояса і аказалася настолькі празрыстай, што, калі не варушыцца, бачыш, як пры пясочку на дне віруюць малькі рыбкі.

Карацей, «мачыць ногі» мы адпраўляліся разоў з дзясятак і наступнай раніцай не змаглі адмовіць сабе ў такім «рэлаксе»: у сем гадзін ужо былі ў вадзе.

Пра быт турыста


Пра тое, што браць з сабой на стаянкі такога тыпу, можна прачытаць на сайце нацыянальнага парку «Нарачанскі», на тэрыторыі якога яны знаходзяцца. І калі выконваць усе рэкамендацыі, адпачынак «на прыродзе» пройдзе  выдатна.

Так, на стаянцы абуладкавана сані­тарная зона, дзе можна прыняць душ, а таксама набраць вады з калонкі. Праўда, піццё лепш прывезці з сабой.

Не забудзьце пакласці ў заплечнік сякеру, а калі едзеце аўтамабілем, то і бензапілу: дровы для вогнішча на стаян­цы ёсць, але гэта калодкі і бярвенні. Мы перастрахаваліся: узялі з сабой мяшок «хатніх» колатых, яны сухія і лепш гараць, асабліва калі, як было ў нашым выпадку, наляцеў дождж.

P.S. Толькі той, хто хоць бы вечар правёў у поўным яднанні з прыродай: прысеўшы каля траскучага вогнішча з кубкам гарбаты, паслухаў стракатанне конікаў, удыхнуў з’едліва-даўкі пах дыму, які густой заслонай падымаецца ад дзясяткаў такіх жа стаянак, акунуўся ў прахалоду возера пад залацістым ад летняй спякоты небам, – зможа мяне зразумець. Гэта, і толькі гэта – сапраўдны адпачынак для душы. І добра так, што не звяртаеш увагі на шматлікіх незнаёмых «суседзяў»; не адчуваеш, што не вельмі камфортна спаць у палатцы; і ў люстэрка раз-пораз не глядзіш: ці не размазалася туш або валасы «з хваста» ці не выбіліся…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович