Да 100-годдзя Васіля Быкава: якія творы пісьменніка прапануе раённая бібліятэка
19 чэрвеня адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Будучы пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
Вялікая Айчынная вайна застала Быкава ва Украіне – ён быў мабілізаваны на абарончыя работы. У складзе дзеючай арміі адступаў да Варонежа. Пасля Саратаўскага пяхотнага вучылішча вярнуўся на фронт і ваяваў да перамогі. Двойчы быў паранены. Дэмабілізаваўся ў 1955 годзе.
Доўгі час Васіль Быкаў жыў у Гродне. Тут ён пачаў творчую дзейнасць у мастацкіх майстэрнях і рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда». У 1980 годзе атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы.
Памёр 22 чэрвеня 2003 года.
Раённая бібліятэка прапануе ўвазе чытачоў найбольш вядомыя творы Васіля Быкава.
«Жураўліны крык»Атраду з шасці салдат пастаўлена амаль невыканальная задача: затрымаць на суткі нямецкія войскі ля чыгуначнага пераезда. У гэтай гісторыі раскрываюцца розныя лёсы, характары і трагічныя павароты жыцця герояў.
«Альпійская балада»
Твор пра тры дні жыцця ўцекачоў з палону беларуса Івана і італьянкі Джуліі. Кароткі час дорыць былым вязням канцлагера бязмежнае каханне і надзею на выратаванне.
«Дажыць да світання»
Увосень 1941-га падчас бітвы пад Масквой дзесяць байцоў пад кіраўніцтвам лэйтэнанта ідуць у варожы тыл, каб падарваць базу з боепрыпасамі. Не знайшоўшы яе, лейтэнант вяртае асноўную групу, а сам з маладым байцом працягвае пошук.
«Сотнікаў»
Партызаны Сотнікаў і Рыбак ідуць у вёску, каб здабыць харчаванне для атрада. Першы хворы – яго кашаль потым і выдасць іх з напарнікам. Сотнікаў мог бы ўхіліцца ад задання, але хоча паказаць, што не баіцца небяспекі. Рыбак вельмі моцны і гатовы да ўсяго. Але абодва па-рознаму рэагуюць на сустрэчу з ворагам.
«Воўчая зграя»
Трое партызан у час блакады трапляюць у складаную сітуацыю. Пасля жорсткай сутычкі з ворагам жывым застаецца толькі адзін – ён уратуе маленькае дзіця.
«Кар’ер»
Былы камандзір Чырвонай арміі едзе ў мясціны, дзе калісьці яго расстрэльвалі, але ён застаўся жывым у яме сярод мёртвых. Агееў «вяртаецца» ў маладосць, у жахлівы 1941 год, у кар’ер сваёй памяці.
«Знак бяды»
У аповесці паказаны трагічны лёс хутаран Сцепаніды i Петрака Багацькаў. Праз апісанне жыцця гэтых людзей паказаны нягоды, якія выпалі на долю беларускага народа, яго барацьба з фашысцкімі акупантамі.
Інга ШЛЫКОВІЧ, Астравецкая раённая бібліятэка.