Астраўчане падзяліліся ўражаннямі ад фестывалю нацыянальных культур

На некалькі дзён Гродна стала шматэтнічнай сталіцай Беларусі – тут прайшоў рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, у якім паўдзельнічалі і астраўчане. Іх карэспандэнт папрасіў падзяліцца ўражаннямі ад свята.
Тарэса Мароз, старшыня Астравецкага адзялення ГА “Саюз палякаў на Беларусі”:
– На польскім падворку былі прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці з розных куточкаў Беларусі: Ліды, Брэста, Валожына, Івянца, Барысава.
Бадай што самым кранальным момантам стала ўрачыстае шэсце прадстаўнікоў нацыянальнасцей. Гродзенцы і госці горада віталі нас усмешкамі і апладысментамі, а мы аддзячвалі ім песнямі і танцамі.
На польскім падворку калектыў “Рэха Астраўца” (кіраўнік Алена Такарчук) пяць разоў выходзіў на сцэну. Аднаму з гледачоў так спадабалася наша выступленне, што ён уручыў шыкоўны букет кветак.
Камісію сустракалі астравецкім караваем, зробленым залатымі рукамі Таццяны Валошынай.
Таксама мы прадстаўлялі нацыянальную кухню: на стале былі пончыкі з рознымі начынкамі, вяндліна, хатнія каўбаскі, сырнік, медавуха і іншыя стравы. Асабліва гасцей зацікавілі “закручонікі”: на лустачку барадзінскага хлеба трэба пакласці добры кавалак сыра, пасыпаць здробненым кропам, абгануць у кавалачак грудзінкі і запячы. Смаката – пальчыкі абліжаш!
Наш падворак аздаблялі тканыя дываны і ручнікі. Народны майстар Ганна Петрык паказвала наведвальнікам падворка, як плесці з саломкі.
Старшыня ГА СПБ Аляксандр Сонгін за актыўны ўдзел у фестывалі адзначыў дыпломамі мяне, народны ансамбль “Рэха Астраўца” і Ганну Петрык.
Злавіла сябе на думцы, што Беларусь унікальная краіна, дзе на працягу многіх гадоў у згодзе і ўзаемаразуменні побач жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей, і фестываль – яскравае гэтаму пацвярджэнне.

Наталля Недалтоўская, загадчык Рымдзюнскага сельскага клуба – бібліятэкі:
– Фальклорны этнагарафічны калектыў “Жыльвіціс” пастаянна ўдзельнічае ў фестывалі нацыянальных культур. Сёлетняе свята ўразіла вялікай колькасцю ўдзельнікаў і гасцей, а таксама асаблівай атмасферай узаемапавагі, сяброўства і згоды, якія панавалі на вуліцах Гродна. Шчырыя ўсмешкі дарылі зусім незнаёмыя людзі, а з розных куточкаў чулася слова “сябры”.
На адным падворку з эстонцамі, аргенцінцамі, немцамі мы прадстаўлялі літоўскую нацыянальнасць. Выстава дываноў і ручнікоў, у тым ліку вытканы Мальвінай Мішкенене гімн Рэспублікі Беларусь, песні і танцы ад “Жыльвіціса”, майстар-клас па прадзенні ільняной ніткі на калаўроце ад Вальды Ёч – наша пляцоўка ні хвіліны не пуставала. Падыходзілі людзі з розных гарадоў Расіі, Германіі і цікавіліся, адкуль мы прыехалі. Акрамя гэтага, мы зладзілі невялікую экспазіцыю прадметаў з музейнага пакоя.
Не толькі чай даўгалецця можна лічыць брэндавым прадуктам нашага краю, але і хлеб. Прэзентацыя праекта “Дарога хлеба” прайшла на “ўра”. Мы выпякаем каля 8 відаў хлеба па рэцэптах старажылаў гервяцкага краю. Пакаштаваць яго маглі ўсе жадаючыя.
Фестываль даў цудоўную магчымасць паказаць патэнцыял не толькі нашага раёна, але і гервяцкага краю. Упэўнена, што людзі, якія пабывалі на нашым падворку, абавязкова завітаюць на Астравеччыну, а мы гасцінна іх сустрэнем.






