Островетчину на республиканском “Последнем звонке” в Бресте представляли выпускники Ворнянской СШ

18:00 / 28.05.2024


На рэспубліканскім свяце “Апошні званок”, якое сёлета прайшло ў Брэсце, Астравеччыну прадстаўляла шасцёра выпускнікоў Варнянскай сярэдняй школы.

Па традыцыі ўрачыстая лінейка штогод збірае ў розных гарадах краіны самых актыўных, таленавітых і адораных выпускнікоў: пераможцаў алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, выдатнікаў вучобы, лідараў вучнёўскага самакіравання, актывістаў і валанцёраў Беларскага рэспубліканскага саюза моладзі.

Апошні званок для 700 лепшых выпускнікоў сёлета прагучаў у Брэсце. Гэты горад абралі невыпадкова: сёлета ён аб’яўлены маладзёжнай сталіцай. Акрамя гэтага, урачыстасць прайшла напярэдадні знакавай падзеі – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гонар прадстаўляць Астравецкі раён на рэспубліканскім свяце выпускнікоў выпаў учарашнім адзіннацацікласнікам Варнянскай сярэдняй школы: Максіму Тарашкевічу, Вікторыі Блашкевіч, Аляксандру Свілу, Арсенію Кавалеўскаму, Аляксею Вярбовічу і Дар’і Бумбуль.

Уражаннямі ад паездкі на ўрачыстасць падзяліліся Максім і Вікторыя.





“Гэты дзень запомню на ўсё жыццё”

Максім Тарашкевіч:


– Лічу, што нам з аднакласнікамі пашчасціла, што менавіта мы прадстаўлялі раён і школу на “Апошнім званку”. У нашым класе 19 чалавек. Вызначыцца, хто паедзе ў Брэст, дапамагала наш класны кіраўнік Кацярына Сяргееўна Сульжыцкая.

Я ўпершыню быў у Брэсце і незабыўнае ўражанне пакінула крэпасць-герой, пра подзвіг яе абаронцаў, якія першымі на нашых рубяжах прынялі на сябе ўдар фашыстаў, думаю, ведае кожны беларус. Мы ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць пра загінулых хвілінай маўчання.

Узнагароджанне лепшых выпускнікоў краіны, флэшмобы, дыскатэка, дзе нас частавалі марожаным і іншымі прысмакамі, – сумаваць не было калі.

Уражаны маштабамі апошняга званка: усё было арганізавана на самым высокім узроўні. Гэты дзень запомніцца на ўсё жыццё.

“Мы развітваліся з дзяцінствам”

Вікторыя Блашкевіч:


– Ад Гродзенскай вобласці ў Брэст накіравалася ажно тры вялікі я аўтобусы, як потым даведалася – каля 100 чалавек, без уліку суправаджальнікаў. У дарозе пазнаёміліся з іншымі юнакамі і дзяўчатамі, падзяліліся, хто кім хоча стаць і куды плануе паступаць.

Вельмі спадабаўся горад, асабліва мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” (раней тут не даводзілася бываць). Лічу, што важна ведаць гісторыю і памятаць пра гераізм нашых папярэднікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вельмі кранальным было шэсце дэлегацый па вуліцы Леніна да парку культуры і адпачынку, дзе і адбылася сама ўрачыстасць. У гэты момант злавіла сябе на думцы, што вось яно – развітанне з дзяцінствам. Зажурылася крыху, але ненадоўга. (Усміхаецца.) Нас цёпла прывіталі міністр адукацыі Андрэй Іванец, лідар моладзі Бларусі Аляксандр Лук’янаў і іншыя госці. Нашым равеснікам, якія праявілі сябе ў розных галінах, уручылі заслужаныя ўзнагароды. Апошні званок, вальс, вечаровая дыскатэка і выступленне беларускіх артыстаў – так здорава, што я пабывала на гэтым свяце.

А вось сапраўдны школьны званок для мяне і аднакласнікаў у апошні раз прагучыць 31 мая на ўрачыстай лінейцы ў нашай школе. 



Текст: Алёна Ганулич