Уражаннямі ад удзелу ў рэспубліканскай канферэнцыі “Цеплыня сардэц” падзялілася Таццяна Калтан
Гродзенскую вобласць на ІІІ рэспубліканскай канферэнцыі “Цеплыня сэрцаў”, прысвечанай Міжнародным дням сям’і і аховы дзяцей, прадстаўляла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Астравецкага раёна Таццяна Калтан.
У Беларусі формы ўладкавання дзяцей-сірот прадстаўлены ўсынавіцелямі і замяшчаючымі сем’ямі: прыёмнымі, апякунскімі, домам сямейнага тыпу. Спецыялісты галіны аховы дзяцінства і аддзелаў адукацыі з розных куточкаў Беларусі дзяліліся перадавым вопытам работы ў гэтым накірунку. Ад Гродзенскай вобласці на канферэнцыі выступалі дырэктары СПЦ Астравецкага і Мастоўскага раёнаў. Нашу зямлячку, Таццяну Калтан мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі.
– Маё выступленне было прысвечана казкатэрапіі. Два гады назад у нашым сацыяльна-педагагічным цэнтры стартаваў эксперымент па стварэнні тэатра батлейка. Як паказала жыццё, выкарыстанне гэтага метаду работы ўтрымлівае спосабы разнабаковай дапамогі сем’ям, які прынялі на выхаванне дзяцей-сірот, і выхаванцам прытулку. Гэта праяўляецца ў карэкцыі паводзін, асабліва падлеткаў, з дапамогай лялечнага тэатра. Батлейка аб’ядноўвае ў сабе розныя метады гэтага накірунку псіхалагічнай работы: прыдумванне казкі і яе маляванне, выраб лялек – удзельнікі ў працэсе работы развіваюць дробную маторыку, уяўленне, творчыя здольнасці. Для работы з канкрэтнай замяшчаючай сям’ёй выкарыстоўваецца спецыяльная падабраная казка, якая адпавядае пэўнаму запыту ці праблеме. Для кожнага спектакля ствараюцца новыя лялькі, у кожнай з іх, як і ў чалавека, свая жыццёвая гісторыя, душа, характар, прызначэнне. Разгляд уласнай праблемы з дапамогай пастаноўкі дапамагае скарыстацца калектыўным вопытам, спраецыраваць сваё “Я” на ляльку і знайсці выхад з праблемнай сітуацыі, – расказала Таццяна Уладзіславаўна. – Дарэчы, наша пляцоўка выклікала асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў форуму: многія падыходзілі сфатаграфавацца ці паглядзець, што з сябе ўяўляе батлейка і як выглядаюць лялькі. Мне ж з вопыту калег найбольш спадабалася “Кніга жыцця” мастаўчан.
Фота з архіва Таццяны КАЛТАН.