Гісторыя “Астравецкай праўды”: з чаго пачыналася “Літаратурная старонка”

08:00 / 29.05.2024



За час існавання «Астравецкай праўды» на яе старонках  узнікала і знікала мноства рубрык, тэматычных старонак, праектаў. Некаторыя з іх сталі доўгажыхарамі, іншыя паўтарылі лёс матылькоў, што жывуць адзін дзень. 

Але ніводзін з праектаў раённай газеты не пабіў рэкорд «Літаратурнай старонкі», першы выпуск якой выйшаў у кастрычніку 1957 года і якая жыве да гэтага часу. 67 гадоў – пенсійны ўзрост для чалавека, нямала гэта для любога перыядычнага выдання, а для тэматычнай старонкі ўвогуле неверагодны тэрмін! Не злічыць, колькі за гэты час было надрукавана ў «раёнцы» паэтычных і празаічных твораў, колькіх таленавітых аўтараў адкрыла наша газета, колькім з іх дала пуцёўку ў вялікае літаратурнае жыццё.

І ўсё ж паспрабуем зрабіць кароткі экскурс у гісторыю «Літаратурнай старонкі» і ўспомніць некаторых аўтараў, якім раённая газета дапамагала «станавіцца на крыло». Кожная добрая ці дрэнная справа, нават калі яна лічыцца калектыўнай ці нічыйнай, мае сваё аўтарства: нехта ж пры­думаў, падаў ідэю, зрабіў першы крок. Не магу сцвярджаць дакладна, але ўсё паказвае на тое, што маці «Літаратурнай старонкі» была Ірына Палер – працавала ў «Астравецкай праўдзе» ў 1957-1960 гадах такая таленавітая журналістка і, як высветлілася пазней, паэтка.

Ірына Палер з сынам


У першым выпуску тэматычнай старонкі, які пабачыў свет 13 кастрычніка 1957 года, быў змешчаны яе верш на рускай мове «Залог весны»: Не все огни погашены дождями:

Ещё берёза светится вдали, 
Листву осин охватывает пламя,
И в синеве холодной – журавли…
Уже давно в скирдах снопы литые,
Колхозная пшеница убрана.
Поля лежат озябшие, немые. 
Но зреет  в недрах осени весна.
Пусть примирились травы с тем,
 что осень
Их погружает в медленные сны, –
Сквозь иней зеленеет в поле зимь
Залогом новой солнечной весны! 

У тым першым выпуску «Лі­та­ратуркі» надрукаваны таксама тры вершы Генрыха Субат­кевіча, пазней – актыўнага ня­штатнага аўтара «раёнкі», апа­вяданне І. Данілы «У адну дарогу» (у 1958 годзе, калі хлопец служыў на пагранзаставе, ён даслаў пісьмо ў рэдакцыю аб тым, як селькораўскі вопыт дапамагае яму ў службе). 
Выпускі «Літаратурнай ста­рон­кі» былі нерэгулярнымі: здаралася, што выходзілі кожны месяц, а часам знікалі на гады. Думаю, гэта залежала (зрэшты, як і цяпер) у першую чаргу ад напоўненасці творамі мясцовых аўтараў рэдакцыйнага партфеля, а ў другую – ад таго, ці быў у штаце рэдакцыі журналіст, які б сам займаўся літаратурнай творчасцю і імкнуўся прасоўваць «у масы» творы калег па пяры і свае ўласныя. (І  ў тым няма нічога заганнага: дзе ж яшчэ друкавацца пачаткоўцу, няважна, настаўніку, журналісту ці слесару, калі не ў мясцовай газеце? Так пачыналі шлях у літаратуру многія будучыя класікі.) 

Не ўсе аўтары, чые творы змяшчаліся на «Літаратурнай старонцы», мелі дачыненне да гуманітарных прафесій. Многія астраўчане старэйшага пакалення памятаюць таленавітага хірурга Генадзя Якімовіча і мала хто ведае, што ён пісаў вершы і байкі, якія друкаваліся ў «Астравецкай праўдзе». Да прыкладу, у нумары за 22 красавіка 1969  года ў «Літаратурнай старонцы» змешчаны яго лірычны верш на беларускай мове «Над ракою» і байка на рускай «Тунеядцам». 

Прадбачу: нехта пакруціць галавой: «Не можа быць! Напэўна, гэта не той Якімовіч!» Прызнаюся, і я так перш думала. Але ў нумары за 21 лютага 1976 года ўбачыла верш таго ж аўтара

«Солнце на скальпеле» – і ўсе сумненні развеяліся.
Спину свою согнув немножко,
В халате белом он стоит.
Добравшись до извилин мозга,
Руками тихо шевелит.
Покрыли рану капли крови,
Где скальпель сделал чёткий след.
Он сморщил выпуклые брови,
 Шепнул: «Сушите, ассистент»,
Промокший кровью шарик с марли
Врач заменяет на тампон.
Убравши опухоль бесследно,
Вздыхает облегчённо он.
Зажимы щёлкать перестали,
Надёжный сделан кровостаз.
Ушита рана. Он, усталый, 
Доволен, что ребёнка спас.

У нумары за 18 чэрвеня 1977 года, прысвечаным Дню медыцынскага работніка, надрукаваны верш Генадзя Якімовіча «Медсестра». І на той жа старонцы – здымак, дзе хірург Які­мо­віч праводзіць аперацыю з асістэнтамі Комлачам і Гарэлікам.

Вяртанне ў адноўленую ў 1965 годзе «Астравецкую праўду» «Літаратурнай старонкі» звязана са з’яўленнем у яе штаце Рышарда Карачуна, які сам цудоўна валодаў мастацкім словам і дапамагаў раскрыцца талентам землякоў, сталых і юных. Так, у выпуску «Літаратуркі» за 22 красавіка 1969 года зме­шчаны вершы будучага вядомага паэта Рычарда Бялячыца са Стаўбуроў, на той час школьніка, а таксама Чаславы Граблеўскай з Лошы, Аляксандра Гайдуля з Гадзілун, Аляксандра Двінскага з Астраўца, Таццяны Яновіч са Страчанкі і творы супрацоўнікаў рэдакцыі: замалёўка Васіля Бондара і вершы самога Рышарда Карачуна.

Рышард Карачун

У тым жа годзе ў «Астравец­кай праўдзе» з’явіліся вершы Станіслава Радуты. У прад­стаў­ленні паэта паведамляецца, што ён родам з Чэрнішак, закончыў Мала­дзечанскае музычнае вучы­лішча, працуе выкладчыкам музыкі ў Віцебску і што на яго вершы напісана шмат песень.

У 1969 годзе Рышард Карачун па­ступіў у вышэйшую партыйную школу – і «Літаратурная старонка» знікла з «Астравецкай праў­ды»: яе выпускаў не было ў дру­гой палове 1969-га і ўвесь 1970-ты.

Вершы мясцовых аўтараў вяр­нуліся на старонкі раённай газеты ў 1972 годзе: у №1 надрука­вана падборка вер­шаў на рускай мове Вольгі Гурскай, вучаніцы 10 класа Міхалішкаўскай школы; у верасні ў «Літаратурным кутку» (на цэлую старонку, му­сіць, твораў не хапіла) апублі­ка­ва­ны вершы настаўніка бела­рускай мовы і літаратуры Астра­­вецкай школы, удзельніка рэс­публіканскай нарады маладых літа­ратараў Міха­ся Мель­ніка.

Што малады настаўнік недарэмна быў запрошаны на нараду маладых літаратараў, сведчыць яго верш «Бяроза»:

Босая,
Праставалосая,
Ля дарогі стаіць бяроза.
Вымываецца дожджыкам раннім,
Выціраецца ветрам, 
прахарошваецца…
Усё глядзіць і глядзіць на дарогу.
Дзе ты, рыцар яе сінявокі? 
Падзялі на дваіх боль-трывогу…

Ужо 25 лістапада таго ж года Міхась Мельнік робіць пра­фесійны агляд вершаў пачат­коў­цаў «Пасадзіць паэтычную яблынь­ку» – падобна, яму да­ру­чылі апекавацца мясцо­вымі паэтамі. А ў выпус­ку «Літа­ратурнай старонкі» 15 снежня ў ана­тацыі да яго вер­шаў паведамляецца, што цяпер юнак служыць у Савецкай арміі. Больш яго вершы ў «Астравецкай праў­дзе» не з’яўляліся.

17 лютага 1973 года ў «Літа­ра­турнай старонцы» надрукаваны ўжо не дзіцячыя, а сталыя вершы Рычарда Бялячыца, па якіх бачна: перад намі цікавы самабытны паэт са сваім почыркам. 

Зімовая ноч
Заманілі зімовыя далі
Ледзяной прыгажосцю раўнін,
Дзе так дзіўна узораў наткалі
Непаседы лясных баравін.
Прыпыніўся сардэчным парывам,
Зачакаўся да зорных званоў,
Біў паклон пазалочаным нівам,
Мерыў россыпы тых дываноў.
Наваколіца, стрэўшы марозы,
У чаканні напружаным спіць,
Толькі зрэдку, бы радасці слёзы,
Снег у месячным свеце дрыжыць.
Спяць букеты ў начным пераліве
Дзіўным бляскам спавітых бяроз,
Праліваецца золатам іней
Праз бялюцце заснежаных кос. 

А ў чэрвені 1974 года «Літа­ра­турная старонка» «Астравецкай праўды» блаславіла на доўгае і плённае творчае жыццё паэта з Падольцаў Станіслава Валодзьку. Вось адзін з яго першых вершаў:

Чалавек, як яблынька, у халады
Можа часам вымерзнуць
ад бяды.
І пасля ніколі ўжо з пустой душой
Не ўсміхнецца сонцу ранняю вясной.
Яблынькі ўцяпляюць людзі 
у зіму…
Не шкадуй пяшчоты сябру ты
 свайму.

У 1975 годзе ў рэдакцыі «Астравецкай праўды» стаў працаваць Артур Цяжкі – і яго творы адразу ж прапісаліся на «Літаратурнай старонцы». Артур Цяжкі вядомы як таленавіты празаік, але, як сведчаць выпускі «Літаратуркі», пісаў ён і вельмі неблагія вершы ў стылі Ясеніна – праўда, у адрозненне ад прозы, на рускай мове. Вось адзін з іх:

Как мне хочется снова в деревню,
В тот заветный старенький дом,
Где берёзка кудрявой царевной
Наклонилась над самым окном.
Белоснежные гроздья сирени
И в росе серебристой трава.
Здесь так славно звучит Есенин,
Тихой музыкой льются слова.
Тихий дождик промчится галопом
По измученной жаждой земле.
И запахнет на грядках укропом,
Заскрипят журавли на селе.
На песке возле хаты котёнок 
С петухом начинают шалить, 
Выйдет мать с деревянной доёнкой
Нашу старую Белку доить.
Милый край мой, знакомые лица,
Переклик петухов на заре…
Эх, как часто мне родина снится
И берёзка на нашем дворе!
(«АП»18.10.1975 год)

30 ліпеня 1977 года ў «Астравецкай праўдзе» з лірычным вершам «Лебедзі на ставе», які да слова, і сёння памятаюць і цытуюць у Варнянах, дэбютаваў дырэктар і настаўнік мясцовай школы Часлаў Навіцкі:

Часлаў Навіцкі


Лебедзі на ставе! 
Прыляцелі ўчора.
«Лебедзі на ставе»,–
Толькі і гавораць.
Не было ж такога,
Каб у нас садзіцца…
Ён ужо ў люстэрка
Нашае глядзіцца.
А яна паважна
Плавае пры боку…
Прыляцелі, кажуць, 
Лебедзі здалёку.
Плаваюць на ўлонні… 
Неяк без прывычкі.
Кормяць іх з далоні, 
Пояць іх з дайнічкі.
– Ужо сядзіць лябёдка,
Будуць лебядзяты, –
Мне сказала цётка, 
Ідучы дахаты.
Проста, без прычыны,
Хоць і не пытаўся.
Як відаць, жанчыне
Лебедзь спадабаўся
А праз час каторы
Я пачуў ад дочкі:
– Ёсць ужо малыя
Шэрыя камочкі!
Што ж, няхай вядуцца – 
Вунь ставы якія!
Хай жывуць старыя,
Плаваюць малыя.
І няхай як сёння
І заўжды так будзе: 
Лебедзі на ставе –
Падабрэлі людзі.

Пазней вершы і байкі Часлава Навіцкага часта друкаваліся ў «Астравецкай праўдзе», яго простая і бясхітрасная «народная паэзія» падабалася лю­дзям. 

Зрабіць поўны экскурс у гісторыю «Літаратуркі» не дазваляе аб’ём газетнай старонкі. Магчыма, мы яшчэ вернемся да гэтай тэмы. Спадзяёмся, што з дапамогай нашых чытачоў: можа, нехта з іх ведае аўтараў, узгаданых у гэтым артыкуле, і падзеліцца звесткамі пра іх, а можа, адгукнуцца і самі аўтары. Будзем чакаць!

Уладзімір Царэвич, Ірына Палер і Іван Граблеўскі

Текст: Нина Рыбик