Якія кнігі Мар’яна Дуксы ёсць у раённай бібліятэцы
Фото Светлы Шлях
Мар’ян Мікалаевіч Дукса нарадзіўся 5 красавіка 1943 года на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна. Рана застаўся без бацькі. У 1958-1960 гадах вучыўся ў Свірскім вучылішчы механізацыі. Працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады. У 1969 годзе закончыў філалагічны факультэт БДУ. З 1969 па 1987 год працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Солах Смаргонскага раёна.Паэзія Мар’яна Дуксы кранае чытача за жывое, бо ўсё, аб чым ён гаворыць у вершах, перажыў асабіста. У апошнія гады шмат пісаў на хрысціянскія тэмы.
У ліпені 2013 года паэта назвалі ганаровым грамадзянінам Смаргоні.
Памёр Мар’ян Дукса 19 красавіка 2019 года на 77-м годзе жыцця. Пахаваны ў аграгарадку Солы. У спадчыну нашчадкам засталіся шчырыя, мудрыя, бессмяротныя кнігі вершаў Мар’яна Дуксы, якія ёсць і ў фондзе раённай бібліятэкі.
«Забытыя словы», Мінск, «Мастацкая лiтаратура», 1979.
У гэтым зборніку адчувальна гучыць тэма пераемнасці пакаленняў, адказнасці перад мінулым і будучым. Лірычны герой востра адчувае бег часу, імкнецца быць вартым сваіх папярэднікаў і наступнікаў.
Мар’ян Дукса пісаў і для дзяцей, бо доўгі час працаваў настаўнікам. Юнаму чытачу прысвечаны паэтычныя зборнікі «Зялёны акварыум» (1980), «Світаюць сосны» (1987), «Нябесны карнавал» (1998).
«Зона супрацiўлення», Мінск, «Мастацкая лiтаратура», 1982.

Прыгажосць Бацькаўшчыны, роднай прыроды, паэзія кахання, веры – асноўныя матывы вершаў і паэм, уключаных у гэты зборнік.
«Твая пара сяўбы», Мінск, «Мастацкая лiтаратура», 1985.
Гэта сёмая кніга паэта. Вершы паказваюць жывыя прыкметы часу з яго дасягненнямі, праблемамі, драматызмам. Праз многія радкі праходзіць думка пра адказнасць чалавека перад людзьмі, Радзімай, гісторыяй.
«Заснежаныя ягады», Мінск, «Мастацкая лiтаратура», 1989.
Героі зборніка – простыя людзі: сельскія механізатары, паляводы, настаўнікі. Аўтар стварыў іх псіхалагічныя партрэты, паказвае багаты духоўны свет вяскоўцаў. Паэма «Начлег на разгалай сасне» пераносіць чытача ў пяцідзесятыя гады – пераломны час у жыцці заходнебеларускай вёскі.
У 1990 годзе за кнігу «Заснежаныя ягады» аўтар атрымаў літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова.
«Горн прымiрэння», Мінск, «Мастацкая лiтаратура», 1993.
У кнізе разглядаюцца галоўныя праблемы, якія хвалююць аўтара: прырода і экалогія, Чарнобыль, нацыянальная свядомасць, супрацьстаянне дабра і зла, лёс роднай мовы і іншыя.
«Валуны на пагорках», Мінск, «Мастацкая лiтаратура», 1994.
У сваіх лепшых творах, якія злучаюць такія вечныя тэмы, як Бацькаўшчына, родная прырода, дабро, гуманізм, каханне, паэт сцвярджае найбольшую каштоўнасць – багацце ўнутранага свету чалавека.
У 2016 г. за кнігу паэзіі «Птушка вечнасці – душа» (2015 год) Мар’ян Дукса атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію. У зборнік увайшлі вершы, розныя па жанры, рыфмоўцы, паэтычных памерах: рамантычныя замалёўкі, філасофскія разважанні, публіцыстычныя, байкі, вершы-дыялогі, прысвячэнні вядомым асобам, вершы-малітвы.

Падрыхтавала Інга ШЛЫКОВІЧ.