Беларусь помніць: Газа – Міхалішкі – Жукойні

16:30 / 08.05.2024


У аўтапрабег у межах рэспубліканскай акцыі “Беларусь помніць. Помнім кожнага” выправіліся жыхары Астравеччыны. Адзін з маршрутаў пралягаў праз вёскі Газа, Жукойні і аграгарадок Міхалішкі.

ГАЗА

Абеліск у памяць аб воінах-земляках стаіць пры самай дарозе – любы праезджы заўважыць. Мемарыяльная шыльдачка на помніку змяшчае 19 імёнаў салдат Вялікай Перамогі,  нагадваючы, што “яны загінулі за Радзіму 1941-1945гг.”.  

Удзельнікаў прабегу сустракалі ля манумента мясцовыя жыхары і вучні Варнянскай школы.





– Дарагія землякі, напярэдадні вялікага свята – Дня Перамогі акцыя па наведванні мясцін увекавечання памяці загінулых у Вялікай Айчыннай вайне праходзіць па ўсёй краіне. Такім чынам беларусы ўшаноўваюць, чарговы раз узгадваюць імёны тых, каму мы абавязаны свабодай; тых, хто стаў ахвярамі фашызму, – сказала старшыня савета ветэранаў Ірына Шляхтун. Я  звяртаюся да моладзі: беражыце гэты мір, каб ваенны час не крануў нашу зямлю; каб у згодзе і спагадзе жылі нашы людзі. Хай квітнее і працвітае наша родная  Беларусь.

МІХАЛІШКІ

Ля помніка загінулым землякам, што стаіць у скверы, адбыўся мітынг у гонар абаронцаў Айчыны. На яго сабраліся дарослыя і дзеці з аграгарадка і іншых вёсак сельсавета, у тым ліку Альхоўкі і Спондаў.

– Мы сабраліся ля помніка загінулым воінам, каб ушанаваць памяць герояў і ўзгадаць тыя далёкія падзеі, якія больш не павінны паўтарыцца! – звярнуўся да вяскоўцаў і гасцей мітынгу намеснік старшыні райвыканкама Віктар Зелянко. – 9 Мая – гэта свята, якое аб’ядноўвае нас і робіць непераможнымі ў любых выпрабаваннях. Наш абавязак – помніць, якую цану заплацілі продкі за наша мірнае жыццё. Дзякуем воінам, якія ў свой час адстаялі гонар і   свабоду Радзімы, зрабілі ўсё, каб наступіла мірная вясна 1945-га. Помнім і пра тых, хто самааддана працаваў у тыле, робячы усё магчымае для агульнай Перамогі.






Да таго як распачалося галоўнае дзейства ў парку,  школьнікі ўсклалі гірлянды і кветкі да памятнага знака загінулым авіяпілотам, тэхнікам і курсантам. Высечаны на камяні прапелер самалёта нагадвае аб першых днях вайны: бамбёжцы аэрадрома Пастаўскай школы пілотаў, які размяшчаўся непадалёк тады яшчэ мястэчка Міхалішкі, 22 чэрвеня 1941 года.   

Наведалі ў гэты дзень і яшчэ адно знакавае месца аграгарадка – абеліск ахвярам фашызму, устаноўлены на яўрэйскіх могілках у памяць пра закатаваных вязняў Міхалішкаўскага гета.

Наша краіна як ніякая адпакутвала ў той вайне, шмат беларусаў стала ахвярамі нацызму, палегла ў землях чужых краін, абараняючы іншыя народы ад захопнікаў… Таму страшна і дзіка чуць, што за мяжой дэмантуюць помнікі воінам-вызваліцелям, забываць гэту жудасную старонку гісторыі, дэпутат Міхалішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Яўген Волкаў. Мы павінны помніць пра мужнасць і стойкасць нашых салдат; слёзы Хатыні і соцень іншых населеных пунктаў, якія раздзялілі яе лёс; не забываць, што мільёны жыццяў былі прынесены ў ахвяру.

ЖУКОЙНІ

Спыніліся ўдзельнікі аўтапрабегу і ля магілы  першага старшыні Жукойненскага сельсавета Канстанціна Гімбіцкага, каб аддаць даніну памяці яго мужнасці і самаахвярнасці. 





Гэты чалавек закатаваны фашыстамі напачатку вайны толькі за тое, што з’яўляўся прадстаўніком савецкай улады. Месца, на якім мы цяпер стаім, – перазахаванне. 20 ліпеня 1941 года ён прыняў пакутніцкую смерць – акупанты закапалі яго цела ў лесе. Калі магілу Канстанціна Аляксандравіча адшукалі, яго цела перапахавалі ў вёсцы Жукойні – колішнім цэнтры калгаса імя Гімбіцкага. Цяпер гэта лясны масіў, а раней тут стаялі адміністрацыйныя пабудовы некалі дастаткова вялікай вёскі, – старшыня Міхалішкаўскага сельсавета Віталь Івашкевіч. – Два гады таму сельсавет замяніў над пахаваннем помнік, зрабілі агароджу, уклалі новую дарожку. Памяць пра землякоў, пра ахвяр вайны павінна жыць…

Ад помніка да помніка выпраўлялася святочная аўтакалона. І клаліся кветкі на халодныя каменныя пліты… І аддавалі ім сваё нядоўгае цяпло агеньчыкі лампадак… Светлая памяць загінулым – і дзякуй за нашу зямлю!  #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ


Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо