На контроле у председателя райисполкома: готовы ли хозяйства к кормозаготовительному сезону

15:17 / 06.05.2024




Хоць эпагеем земляробчага года прынята лічыць жніво, тым не менш, самая важная сельскагаспадарчая кампанія – корманарыхтоўка. Ад колькасці, а галоўнае – якасці травяністых кармоў залежыць паспяховасць зімне-стойлавага перыяду, а значыць і мяса-малочнай вытворчасці, адпаведна – і эканомікі прадпрыемства. 

Старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас, яго першы намеснік Іван Карніла і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання наведалі механічныя майстэрні ўсіх КСУПаў, саўгаса і ацанілі гатоўнасць гаспадарак раёна да пачатку зялёнага сезона. Удзельнічалі ў раённым семінары дырэктары сельгаспрадпрыемстваў, іх намеснікі, галоўныя аграномы і інжынеры. 

На маю думку, корманарыхтоўка залежыць ад трох «Т»: траў, тэхнікі, тэхналогіі нарыхтоўкі і закладкі масы ў спецыяльныя ёмістасці для захоўвання сенажу і сіласу.


 Лічыцца, што ў ідэале за зялёны сезон трэба сфарміраваць паўтарагадовы запас травяністых кармоў, каб цалкам перайсці на аднатыповае кармленне жывёлы на малочна-таварных комп­лексах. Такі гаспадарскі і прадуманы падыход, а таксама ўдалая работа раённых аграрыяў на пазамінулай корманарыхтоўчай кампаніі дазволілі беспраблемна перажыць сёлетнюю зімоўку і не знізіць планку па надоях. Гэта з улікам таго, якое ў мінулым годзе было засушлівае і неспрыяльнае для развіцця травастоя надвор’е. 

Таму ў гэтым годзе задача  нумар адзін – правесці  своечасова першы ўкос у аптымальныя тэрміны. Для таго каб мець надзейны запас травяністых кармоў для жывёлы на зіму, патрэбна выкарыстоўваць кожны дзень і гадзіну. Вялікую ролю ў ажыццяўленні гэтай задачы іграе тэхніка, задзейнічаная на скошванні і падборы травы, а таксама яе адвозе. Не апошняе месца займае і стан сянажных траншэй. 

 Забягаючы наперад зазначу, што камісію цікавіла гатоўнасць корманарыхтоўчай тэхнікі і яе колькасць, а таксама праблемы, якія ўзнікалі з рамонтам комплексаў, кос і іншых навясных агрэгатаў; стан сенажаці і аб’ёмы праведзенага за апошнія гады перазалужэння ўгоддзяў. Таксама звярталі ўвагу на  санітарны стан рамонтна-механічных майстэрань, іншых памяшканняў і самой тэрыторыі… Па вялікім рахунку, каб на аб’ектах былі парадак і чысціня не патрэбны грашовыя ўкладанні, як, для прыкладу, для набыцця неабходных запчастак для тэхнікі, – дастаткова толькі жадання і адказнасці саміх работнікаў…

 Вядома, што ў эканамічным плане не ўсе гаспадаркі знаходзяцца ў роўных умовах, тым не менш, у сілу сваіх магчымасцей да старту касавіцы падрыхтаваліся ўсе. Гэта адзначыла для сябе падчас наведвання механічных майстэрань у розных кропках раёна і назіраючы за работай камісіі. 
Зразумела, былі выяўлены і недапрацоўкі, але яшчэ ёсць час іх выправіць. І зрабіць гэта неабходна ўсім, да каго ў раённай камісіі ўзнікалі пытанні. Так, КСУП «Варняны» своечасова завяршыць рамонт касы КПР-9, прадугледзець праходжанне тэхагляду ўсіх, задзейнічаных на першым укосе, сельгасмашын. Перад кіраўніцтвам і агранамічнай службай КСУП «Міхалішкі» пастаўлена задача прапрацоўкі пытання аб паляпшэнні ўкосных плошчаў і іх перазалужэння: з-за працяглага выкарыстання сенажацей травастой там неўрадлівы.

Прыемнае ўражанне склалася ад наведвання КСУП «Гудагай» і «Гервяты» – іх корманарыхтоўчая тэхніка гатова хоць заўтра класці травы ў пракосы, падымаць і здрабняць іх, вазіць і трамбаваць у тэхналагічных ёмістасцях. У апошняй гаспадарцы на лінейцы гатоўнасці побач з корманарыхтоўчымі комплексамі, трактарамі, варушылкамі, граблямі «чырванеў» і набыты ў мінулым годзе сучасны валкаўтваральнік вытворчасці KUНN, які на касавіцы будзе працаваць у счэпцы з энерганасычаным трактарам «Беларус». Гэты прычапны агрэгат з захопам у 12 метраў за адзін праход ажыццяўляе некалькі тэхналагічных аперацый: па-першае, не заграбае камяні, па-другое, плюшчыць масу і вылучаецца сваёй высокапрадукцыйнасцю. 

 Усяго падчас першага ўкосу на Астравеччыне будзе задзейнічана 30 касілак (у тым ліку па адной у кожнай гаспадарцы на падкосе пашы), 15 камбайнаў, звыш 20 варушылак, грабляў і каля 30 адзінак тэхнікі для адвозу «зялёнкі» з поля да траншэй. 
Чакаюцца ў гэтым годзе і корманарыхтоўчыя «абноўкі». Згодна з рашэннем Гродзенскага абл­выканкама на Астравеччыну прыбудзе новая тэхніка. Па кормаўборачным комплексе FS-80 атрымаюць КСУП «Варняны», «Міхалішкі» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Тэхнапарк першай гаспадаркі таксама павінен папоўніцца ратацыйнай касілкай КМР-9ВТ, а апошняй – рулонным прэс-падборшчыкам і абмотчыкам РППА «Ф’южн». 

 Падводзячы вынікі агляду, Сяргей Мядзвецкас акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў семінару, што ў абавязковым парадку неабходна ўлічыць усе нюансы.
– Калі ёсць пераходзячы запас травяністых кармоў, прасцей рабіць пэўныя манеўры, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Таксама варта прадугледзець у якасці рэзервнага фонду пасевы аднагадовых кармавых траў, каб была магчымасць закласці дадаткова 1-2 траншэі. Калі гатоўнасць корманарыхтоўчай тэхнікі не выклікае асаблівых нараканняў, то работы з падрыхтоўкай тэхналагічных ёмістасцей для захоўвання травяністых кармоў варта паскорыць. Таксама звяртаю ўвагу на ўкрывачны матэрыял, які павінен быць двухслойным. Да пачатку першага ўкосу застаецца няшмат часу, таму ўсе выяўленыя недапрацоўкі і парушэнні павінны быць выпраўлены ў максімальна кароткі тэрмін.

 …Верыцца, што сёлетняя корманарыхтоўка, у адрозненне ад мінулай, парадуе аграрыяў і яны назапасяць на зіму кармоў з лішкам. Тым больш усе перадспасылкі для гэтага ёсць: тэхніка, травы, вызначаная тэхналогія закладкі масы. 

ЛІЧБА

14 480 га – плошча першага ўкосу.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич