Факльклорны карагод вадзілі ў Альхоўцы

13:00 / 06.05.2024



Вусная народная творчасць з’яўляецца скарбніцай мудрасці і вопыту. Ва ўсе часы народныя звычаі карысталіся вялікай павагай, бо з’яўляліся часткай гісторыі і традыцый нашага народа. Казкі, загадкі, гульні з’яўляюцца актуальнымі і зараз. Каб далучыць дзяцей да фальклору, бібліятэкар філіяла “Альхоўская сельская бібліятэка” навядалася ў мясцовы дзіцячы садок. 

Для выхаванцаў малодшай, сярэдняй і старшай групы было праведзена незвычайнае мерапрыемства – фальклорны карагод “Торба казачных дзівос” з удзелам цёткі Казачніцы, якая прынесла ў сваім мяху  фальклорныя падарункі – гульні, загадкі і казкі нашых продкаў. Дзеці знаёміліся з казкай  “Як Васіль змея перамог”. Незвычайны сюжэт і каларытныя вобразы ўразілі маленькіх слухачоў, яны задавалі пытанні і дзяліліся ўражаннямі ад пачутага. А народныя гульні “Млынок” і “Працавітая хустачка” выпрацавалі ў выхаванцаў досціп і спрыт.


Хустка ва ўсе часы з’яўлялася сакральнай рэччу для беларусаў. Жанчыны і дзяўчаты насілі галаўны ўбор з рознай нагоды: падчас святаў, працы, у храм. Мала хто ведае, што завязвалася для кожнай падзеі хустка па-рознаму. Бібліятэкар прадэманстравала некалькі варыянтаў нашэння хусткі. У канцы мерапрыемства дзеці разам заклікалі вясну з дапамогай вершаў і народных песень, а народная казка, яшчэ раз нагадала, што галоўнае гэта дабрыня і павага адзін да аднаго.



Вольга Заянчкоўская, бібліятэкар ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”