На сустрэчу з мелодыямі ХХ стагоддзя запрасілі гледачоў выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў.

13:00 / 30.04.2024


Вясеннія сустрэчы аматараў музыкі з выкладчыкамі дзіцячай школы мастацтваў сталі ўжо традыцыйнымі – яны карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў астраўчан.

Вядучая канцэрта Аксана Сяўко падрыхтавалася да сустрэчы з паклоннікамі інструментальнай і вакальнай музыкі як след: кожнай кампазіцыі папярэднічалі звесткі пра гісторыю яе стварэння і цікавыя факты з жыцця выканаўцаў.

Якіх толькі куміраў мінулага стагоддзя не пераспявалі і не перайгралі астравецкія педагогі музыкі! Гучалі песні і інструментальныя кампазіцыі з рэпертуару Аркадзя Укупніка і Дзмітрыя Малікава, Веранікі Долінай і Філіпа Кіркорава, Наташы Каралёвай і Валянціны Легкаступавай, гуртоў “Бі-2” і ABBA, Рады Рай і Ганны Герман.




Кожны з выкладчыкаў Астравецкай школы мастацтваў і яе сельскіх філіялаў змог прадэманстраваць свае таленты – сольна і ў складзе калектываў. Доўга не сціхалі апладысменты пасля выступлення народнага ансамбля народных інструментаў “Скарбніца” пад кіраўніцтвам нязменнай і нястомнай Надзеі Шарэйкі. Авацыямі суправаджалася шоў цымбалістак Алены Капыловай і Вольгі Грагоўскай. Кожны выхад на сцэну вакальнага трыа “Кансананс” – сустрэча з прыгажосцю, грацыяй, талентам,  а “Дудкі-шоў” у чарговы раз прадэманстравалі агністую сумесь музыкі і харызмы выканаўцаў. А песню “Надзея” разам з Данутай Блашкевіч спявала ўся зала.





Падобныя канцэрты выкладчыкаў школы мастацтваў – гэта заўсёды пазнавальна, цікава, прыгожа, са знакам якасці. А калі нейкія нумары не дацягвалі да найвышэйшай адзнакі, то ўлюбёныя ў сваіх куміраў гледачы зрабілі выгляд, што не заўважылі невялікіх хібаў: іх апладысменты былі такімі ж шчырымі і гарачымі, як і заўсёды.

Гэтаксама, як і надзеі на новыя сустрэчы!


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик